J:Морс запрасілі прыхільнікаў эканоміць электрычнасць

У Беларусі не так шмат музычных калектываў, якія здольныя збіраць вялікія залы. Выступ на пляцоўцы, разлічанай на некалькі тысяч, можна назваць сапраўдным выпрабаваннем папулярнасці. Але гурт J:Морс пайшоў на гэты крок ужо другі раз за год і з амаль аднолькавай праграмай. Музыкі пачалі і скончылі вялікі тур па Беларусі ў падтрымку апошняга альбома сольнікам у Палацы спорту, прычым не прагадалі, сабраўшы каля чатырох тысяч чалавек. Нельга сказаць, што быў аншлаг, але вольныя месцы свяціліся выключна на бакавых сектарах партэра.

Пачаўся канцэрт "Электрификация всей страны" з невялікай затрымкай, бо ў нас няма практыкі прыхода на мерапрыемства загадзя. Усе прыходзяць акурат пад пачатак і іх даводзіцца чакаць. Але, калі палац нарэшце запоўніўся, на вялікім экране адна за адной пачалі з'яўляцца выявы музыкаў, пад якія яны выходзілі на сцэну. Сабраўшы гучныя авацыі, без усялякіх прывітальных словаў Уладзімір Пугач зацягнуў "Все врут..." Менавіта гэтымі словамі пачынаецца загалоўная песня альбома "Электричество".

"Я запомніў усіх, хто быў у Палацы спорту ў мінулым годзе і я бачу новых людзей! - заявіў Уладзімір Пугач пасля песні “Маё сонца”. – Значыць, не дарэмна мы робім тое, што робім. Мы вельмі пастараемся, каб вам было не холадна адсюль сыходзіць і потым ісці па начным горадзе. Усё з намі будзе добра!"

Першая частка канцэрту складалася са старых хітоў гурта, перамяшаных з песнямі новага альбома. Зала няспынна спявала разам з Уладзімірам, чым той некалькі разоў карыстаўся, працягваючы мікрафон у бок наведвальнікаў. Вось толькі часам падавалася, што ці сам вакаліст, ці бэк-вакаліст ды перкусіяніст Уладзімір Пазняк спявалі розныя словы. Але хто памыляўся, сказаць складана, дый ніхто на гэта не звяртаў увагі.

Думаю, што за танцамі, мала хто заўважыў і тое, што калі музыкі зайгралі песню "Смотрі", Пугач спеў некалькі першых словаў на беларускай мове, але потым чамусьці перадумаў і працягнуў спяваць па-руску. Дарэчы, перад тым, як выканаць песню, Уладзімір узгадаў, што днямі сустрэў былога гітарыста "морсаў" Рому Арлова, якому паабяцаў прарэкламаваць хуткі выступ гурта "У нескладовае" ў клубе Re:public.

Прыкладна пасярэдзіне канцэрту музыкі прапанавалі далучыцца да эканоміі электраэнергіі і папрасілі на хвіліну выключыць святло ў зале. Пасля чаго, застаўшыся ў цемры, Ўладзімір Пугач пад акампанемент клавішніка Косці Гарачага выканаў "Адлігу". З гэтага моманту і пачаліся абяцаныя нечаканасці. На сцэну выйшлі музыкі Уладзімір Грам ды Ігар Ляўчук з баянам і флейтай адпаведна і працягнулі паўакустычны сэт з павольных песень кшталту "Дзесьці" ды "Так-цік-так".

Калі выступ J:Морс перакрочыў дзве гадзіны, музыкі выконвалі свае лепшыя баявікі, кожны з якіх, падавалася, будзе апошнім. У выніку гурт сыходзіў са сцэны некалькі разоў і вяртаўся. На развітанне Уладзімір Пугач з кампаніяй сыгралі "Беларускае золата", але чула яе толькі палова наведвальнікаў. Іншыя, відаць, не маглі паверыць, што музыкі выдадуць што-небудзь яшчэ і паступова сыходзілі.

Але дакладна можна сказаць, што калі і былі незадаволеныя канцэртам J:Морс, то іх не было заўважна. Хоць якасць палацаўскай акустыкі не можа не напружваць, але энергетыка гурта, відаць, перамагла гэты мінус.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі