Гурт "Жнюв" выкладае альбом "!?." у інтэрнэт для бясплатнай скачкі

Напярэдадні заканчэння міні-тура гурта "Жнюв" у падтрымку альбома "!?.", музыкі вырашылі выкласці яго ў інтэрнэце. 24-га чэрвеня калектыў адыграе сольны канцэрт у горадзе Белаазёрск - на радзіме басіста калектыву, а перад гэтым апошні альбом з'явіцца на афіцыйнай старонцы гурта. Дарэчы, па словах басіста Змітра Якуты, такое рашэнне было прынятае яшчэ на пачатку міні-тура. Маўляў, такім чынам з творчасцю гурта здолеюць пазнаёміцца ўсе, хто не трапіў на іх выступы. Дарэчы, за апошнія два месяцы "Жнюв" прэзентаваў кружэлку ў Мінску, Віцебску ды Кіеве, а таксама на брэсцкім байк-фэсце ды фестывалях "Рок за Бобров" і "Музыкальные вечера в Мирском замке".

Нагадаем, што на альбом "!?." трапіла адзінаццаць песень, якія былі напісаныя за ўсю гісторыю існавання гурта, але да гэтага не выдаваліся і амаль не гучалі на публіцы. Запіс, звядзенне, майстарынг і нават выданне накладу ў тысячу асобнікаў хлопцы рабілі самастойна на хатняй студыі. Але музыкі не выключаюць, што калі будзе распрададзены ўвесь першы наклад, то яны звернуцца да якога-небудзь лейбла для перавыдання.

Гурт "Жнюв" загучаў яшчэ ў канцы 1990-х, калі перамог на фестывалях "Первая площадка" і "Рок-схватка" і аб'ехаў у міні-турах з "Крамай", "Zet" ды "Лепрыконсамі" амаль усю краіну. Але ў 2003 годзе калектыў разваліўся, пакінуўшы толькі тры сінглы і адзін дэма-альбом. Уз'ядналіся музыкі ў 2009-м годзе і адразу атрымалі "Рок-карону" ў намінацыі "Вяртанне года". Такім чынам, альбом "!?." можна справядліва назваць дэбютным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі