Гурт "Аддис Абеба" перазапісаў новы альбом

Гурт "Аддис Абеба" амаль скончыў запіс новага альбома, які цягнецца ўжо больш за 2 гады. Пакуль плануецца, што на дыску будзе 11 трэкаў, але цалкам магчыма, што іх колькасць яшчэ павялічыцца.

"Альбом, можна сказаць, у сярэдняй ступені падрыхтаванасці, - дзеліцца бас-гітарыст і па сумяшчальніцтве гукарэжысёр гурта Аляксандр Геліх. - Бульба зварылася, а морква яшчэ не, гэта каб зразумела было!) Усё нібыта запісана, зараз дазводзіцца. Трэба яшчэ толькі Змітра перазапісаць (вакаліста - заўв. Еўрарадыё). Магчыма, нейкія яшчэ песні будуць, можа, што-небудзь новае прыдумаем. Можа, Лёша нам што-небудзь праспявае пад гітару (бубнач гурта - заўв. Еўрарадыё). Будзе такі невялікі сурпрыз".

Выдаць альбом, які пакуль не атрымаў назвы, хлопцы плануюць ужо вясной. Нагадаем, што папярэдні запіс гэтага матэрыялу разам з запісам новых песень "Серебрянной свадьбы" быў знішчаны. Жорсткі дыск, на якім захоўваліся трэкі гуртоў, раптоўна згарэў, а аднавіць яго да гэтага часу так і не здолелі. Але "Аддис Абеба" перакананая, што гэтае здарэнне пайшло выключна на карысць. У новым варыянце песень змяніліся аранжыроўкі, відавочна ў лепшы бок.

Фота: graffiti.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі