Нагадаем, што юнака затрымалі, калі ён рыхтаваў круглы стол па рэформе МУС. Яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. З пятніцы да панядзелка Случак правёў у ізалятары часовага ўтрымання.
На судзе супраць актывіста сведчыў гамяльчуц Сяргей Замай. Паводле звестак БелаПАН, ён паказаў, што Случак на вуліцы штурхануў яго і аблаяў матам. Сведка прызнаў, што стаяў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
Таксама супраць Случака сведчылі спецназаўцы Аляксандр Панчанка, Аляксандр Семчанка і Юры Бярозкін. Міліцыянты паказалі, што, калі яны неслі службу, да іх падышоў грамадзянін і паскардзіўся, што Случак абразіў яго матам.
Актывіст не прызнаў сябе вінаватым, рашэнне суда ён будзе абскарджваць. Працэс ён назваў фарсам.