“Фронтаўцы” здалі Управу камунальнікам без бою

Кіраўніцтва Партыі БНФ вырашыла не даводзіць справу па сваім высяленні з легендарнага офіса на Машэрава,8 да сілавога супрацьстаяння з камунальнікамі і міліцыяй. Выехалі самі напярэдадні прызначанай судом даты — 25 ліпеня.


Вось толькі развітацца з “выспай свабоды” чамусьці не прыйшлі ні сотні сябраў партыі, ні шматлікія прыхільнікі нацыянальнай ідэі, ні паэты з літаратарамі, ні палітыкі. Толькі Уладзімір Някляеў з жонкай і некалькімі паплечнікамі наведалі развітальную імпрэзу.


Старшыня партыі Аляксей Янукевіч паводзіў сябе бадзёра, але ў размове з Еўрарадыё прызнаўся — адчувае сябе ніякавата.


Аляксей Янукевіч: “Нельга сказаць, што такая ўжо скруха, нібыта тут нейкага нябожчыка хаваюць: усё ж такі сцены — яны і ёсць сцены. Але ж, безумоўна, сумна. Праўда, практычна тры месяцы цягнулася гэтая эпапея. А ліст, што мы будзем вымушаныя пакінуць гэтае памяшканне, і ўвогуле амаль паўгода таму атрымалі. Да ўсяго прызвычайваешся і дзесьці ўнутры троху звыкліся з гэтай думкай, што давядзецца сыходзіць. Хаця надзея да апошняга моманту існавала і мы таму самі адсюль не сыходзілі”.


Дарэчы, ў эфіры Еўрарадыё намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў неаднаразова заяўляў, што толькі з дапамогай сілы амапаўцаў камунальнікі высяляць іх з легендарнага офісу. Праўда, зараз экс-кандыдат у прэзідэнты кажа, што гэта быў не падман слухачоў, а тактычная хітрасць.


Рыгор Кастусёў: "Я лічу, што нашае рашэнне згуляць па сваім сцэнары, не даць уладам зрабіць гэта па сваім сцэнары — гэта правільнае рашэнне. Можа быць, не атрымаецца “карцінка”, але мы павінны быць разумней, паступаць больш мудра. І не падстаўляцца лішні раз пад дубінкі. А прымусовае высяленне — яно адбываецца. Рашэнне суда — гэта прымусовае высяленне і ёсць. Ды і аўтазак сёння каля ўправы не проста так паўдня дзяжурыў”.


А лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў суцешыў усіх тым, што магло быць і яшчэ горш.


Уладзімір Някляеў: “Гэта было адзінае месца ў Мінску, дзе лунаў бел-чырвона-белы сцяг. І пры кожным выпадку, калі мне трэба было пераехаць Мінск з Усходу на Захад, я абіраў гэтую вуліцу — каб проста праехаць і зірнуць на сцяг. Нельга было ўявіць, што прыйдзе такі дзень, але можна было б уявіць, што будуць горшыя дні, я вам скажу! І дзякуй Богу, што яны ўсіх нас не пазабівалі, не ўсіх перасадзілі. І пакуль жывыя ў свеце людзі, так ці гэтак — неяк будзе! "Лунае, нескароны, на векавых вятрах наш ад крыві чырвоны, ад болю белы сцяг". Жыве Беларусь!”


Сабраўшы ўсё рэчы, распісаўшы патрыятычнымі лозунгамі сцены, зняўшы бел-чырвона-бела сцяг над уваходам і ўваходныя дзверы, закалаціўшы праход фанерай, “фронтаўцы” канчаткова развіталіся з офісам. І са сваімі суседзямі — Акадэміяй МУС. Ад якіх, паводле словаў Кастусёва, яны за амаль 20 гадоў існавання офіса крыўды не ведалі.


Рыгор Кастусёў: “З Акадэміяй мы стараліся ўжывацца, і курсанты нам такой шкоды і не рабілі. Але ад супрацоўнікаў міліцыі часцяком нам даводзілася цярпець, мякка кажучы, непажаданыя крокі. Ды і ад іншых сілавых структур! Былі наведванні супрацоўнікамі міліцыі і КДБ гэтага офіса неаднаразовыя. Асабліва пасля выбараў 2010 года. Былі і іншыя захады”.


Рэчы са старога офіса адразу адвозілі на офіс новы. Мясціцца ён будзе па адрасе: Крапоткіна, 93А. І ўжо фактычна пачаў функцыянаваць. Праўда, урачыстае яго адкрыццё прызначылі на 25 жніўня — у гэты дзень у 1991 годзе Дэкларацыя аб незалежнасці набыла Канстытуцыйны статус.


Што ж тычыцца таго, што ні сябры Партыі БНФ, ні калегі па дэмакратычным руху не прыйшлі развітацца з легендарнай “выспай свабоды”, то ўсе прысутная старанна не звярталі на гэта ўвагі...

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі