Еўрадэпутат: Дзіўна, што праваабаронцы не прызнаюць Каваленку палітвязнем

З нагоды стварэння сайта www.freekavalenka.org у Беларускім доме ў Варшаве адбылася прэс-канферэнцыя. Мігальскі падзякаваў палякам, якія падтрымліваюць ініцыятывы Офіса. Ён выказаў спадзяванне, што неўзабаве агульнымі намаганнямі Сяргея Каваленку ўдасца вызваліць.

Нагадаем, у рамках кампаніі, ініцыяванай Libereco — Partnership for Human Rights, Марэк Мігальскі ўзяў шэфства над беларускім апазіцыянерам Сяргеем Каваленкам. 1 чэрвеня ён ініцыяваў збор цацак для дзяцей Сяргея — 7-гадовага Валянціна і 10-месячнай Вікі.

Акрамя таго, Мігальскі ўжо тройчы звяртаўся да праваабарончай арганізацыі Amnesty International з просьбай прызнаць Каваленку вязнем сумлення. На жаль, пакуль плёну гэта не прынесла.

Мігальскі: “Мне не зразумела, я проста не ўстане адказаць на пытанне, чаму Amnesty International прыняла такое рашэнне. Я не разумею, як можна не прызнаць Сяргея Каваленку вязнем сумлення”.

На прэс-канферэнцыі выступіла жонка Сяргея Каваленкі Алена. Яна кажа, што цяпер палітвязень не галадуе, а харчуецца нармальна, але па-ранейшаму мае праблемы са здароўем.

Алена Каваленка: “Цяпер мой муж усё яшчэ застаецца ў складанай сітуацыі. Пасля выхаду з галадоўкі ён дагэтуль не атрымлівае медычнай дапамогі. Мне дагэтуль не ўдалося перадаць яму неабходныя лекі, вітаміны і мінералы. Увогуле, гэтая сітуацыя дзіўная. Муж пакараны толькі за тое, што ўзняў наш нацыянальны сцяг”.

Нагадаем, Сяргея Каваленку асудзілі на 25 месяцаў — быццам за парушэнне ўмоваў адбыцця хатняй “хіміі”. Пасля шэрагу галадовак здароўе Каваленкі сапсавалася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі