Эксперт: Школьныя планшэты не прайшлі тэсты ў Мінздароўя
Выкарыстоўваць камп'ютары замест падручнікаў можа быць небяспечна для здароўя.
Такое меркаванне выказаў супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіены Вячаслаў Худніцкі.
Нагадаем, што 1 верасня ў сямі школах Беларусі стартаваў праект "Адзін вучань — адзін камп'ютар". Яго ладзяць сумесна Мінадукацыі, Парк высокіх тэхналогій і карпарацыя Intel. Кожнаму вучню і настаўніку даюць персанальны камп'ютар з доступам да школьнага ці класнага сервера і выхадам у інтэрнэт. Акрамя таго, з гэтага года ў школах пачынаецца эксперымент, які прадугледжвае выкарыстанне ў навучальным працэсе электронных планшэтаў.
Худніцкі кажа, што ніводзін планшэт не прайшоў афіцыйнага тэставання ў структурах Мінздароўя, інфармуе БелаПАН. Атрымліваецца, што дзеці навучаюцца з дапамогай тэхнічных сродкаў, уздзеянне якіх на арганізм з'яўляецца недаследаваным.