Экс-міністр Латвіі: На ўсходзе Латвіі думаюць, што іх прэзідэнт — Лукашэнка

111206 ZybljukLatvija.mp3

Латвійскі тэлеканал TV-3 нядаўна прысвяціў доўгі рэпартаж панаванню беларускіх СМІ ў Латгаліі — усходнім краі Латвіі.

Палітыкі не пакінулі гэта без увагі. 30 лістапада ў праграме латвійскага радыё Baltkom 93,9 былы міністр інтэграцыі грамадства Оскар Кастэнс прызнаў правал медыя-палітыкі ў Латвіі:

“На ўсходзе Латвіі невядома што адбываецца. Там мясцовыя жыхары глядзяць і латвійскае тэлебачанне, і расійскае, і беларускае. Некаторыя нават не ведаюць, хто наш прэзідэнт і дзе сядзіць урад — у Мінску ці ў Рызе. Зразумела, гэта не нармальная сітуацыя. Гэта сведчыць пра правал нашай палітыкі ў адносінах да СМІ”.

Праз 3 месяцы жыхары беларуска-латвійскага памежжа змогуць звяртацца па спецыяльны пропуск, каб без візы наведваць памежную зону суседняй краіны. З дзеяннем дамовы пра малы памежны рух чалавечыя кантакты паміж Беларуссю і Латвіяй павялічацца. А з імі і пытанне беларускага тэлеўплыву ў Латгаліі становіцца яшчэ больш актуальным.

У рэпартажы тэлеканала TV-3 журналісты наведваюць хаты і кватэры жыхароў Латгаліі і пераконваюцца, наколькі добра там транслююцца беларускія тэлеканалы.

Вера, жыхарка гарадка Дагда, рэгулярна слухае Лукашэнку і нават не ведае прозвішча цяперашняга прэзідэнта Латвіі:

“Не, не ведаю.. Ну, быў Затлерс, а цяпер — хто?.. У мяне няма дэкодара, Рыга не паказвае, гляджу беларускія каналы...”

Дэкодар — спецыяльнае прыстасаванне для лічбавага тэлебачання. У новыя мадэлі тэлевізараў ён убудаваны, а для старых яго трэба купляць ці арандаваць.

У пачатку 2010 года латвійскія тэлеканалы перайшлі на лічбавае вяшчанне, і каб глядзець праграмы з Рыгі, спатрэбіўся дэкодар.

А навошта траціць грошы, калі ў ваколіцах Даўгаўпілса без усякіх дэкодараў цудоўна ловяцца беларускія БТ, СТБ, АНТ, разам — 8 беларускіх і расійскіх каналаў?

Старшыня парламенцкай Камісіі па нацыянальнай бяспецы Марыс Кучынскіс назваў такое становішча сур'ёзнай пагрозай для Латвіі.

У пачатку 2010 года латгальскі палітык Андрыс Бадунс звяртаўся ў Паліцыю бяспекі  на гэты конт. Падчас пераходу з аналагавага ТБ на лічбавае значная частка жыхароў апынецца ў абдымках рускамоўнай інфармацыйнай прапаганды, папярэджваў ён.

Андрыс Бадунс: “Сталыя людзі, на жаль, не апрацоўваюць крытычна інфармацыю. Яны ў сваёй большасці вераць таму, што ім скажуць з экрана тэлевізара ці напішуць у газеце”.

Вось і выходзіць, што некаторыя сталыя людзі Латгаліі не ведаюць, дзе сядзіць іх урад — у Рызе, у Мінску ці ў Маскве.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі