Дзе свежыя беларускія лісічкі? У Бельгіі!

120803 Savi4_Gryby.mp3
Нават ў самых вялікіх крамах сталіцы знайсці свежыя лісічкі няпроста. Абтэлефаноўваю шэраг гандлёвых кропак. Пытанню, ці ёсць у продажы свежыя лісічкі, вельмі здзіўляюцца:

“Лісічкі свежыя? Не возім мы такое. Я ўвогуле не бачыў нідзе, нават ў вялікіх крамах! - кажуць Еўрарадыё ва ўніверсаме “Рублёўскі”, дзе з грыбоў – толькі замарожаныя шампіньёны, і нават рэкамендуюць. – Напэўна, танней на рынку купіць!”

Яшчэ колькі крам – тыя ж адказы - грыбоў няма ні ў маленькіх магазінах, ні ў Еўраопце.

Нават у краме “Радзівілаўскі”, што ў самым цэнтры сталіцы, свежых беларускіх грыбоў не шукайце. Затое тут замарожаныя лісічкі з Брэсту – дата вытворчасці – лістапад мінулага года.

За 250 грамаў мінулагодніх грыбоў трэба аддаць трохі больш за 24 000 рублёў. Падлічваю, што кілаграм замарожаных грыбоў будзе каштаваць каля 96 000.


У краме кажуць, што грыбы былі на мінулым тыдні. Іх прывозілі з Віцебскай вобласці па кошце 77 000 за кілаграм.


Грыбы і свежыя, і замарожаныя знайшліся ў гандлёвым доме “Карона”. Але не танна.
“Свежыя лісічкі, што прыводзіць Іванавіцкі прадпрымальнік, каштуюць 93 600 рублёў за кілаграм, замарожаныя 450 грамаў каштуюць 44 450 рублёў”, - расказвае дзяўчына з “Кароны”.


Як заўважаюць Еўрарадыё ў Беларускім рэспубліканскім саюзе спажывецкіх таварыстваў, ураджай лісічак і ў гэтым, і ў мінулым годзе аднолькавы.


“Белкаапсаюз купляе ад 15 да 20 тысяч рублёў у залежнасці ад раёну. Магу толькі сказаць, што колькасць загатоўкі лісічак - на ўзроўні мінулага года”, - кажуць ў таварыстве. І дадаюць, што гэты прадукт “шырока прадстаўлены як на ўнутраным, так і на знешнім рынку краіны”.


“Рэалізуем на унутраны рынак і на экспарт. Мы экспартуем лісічкі ў Польшчу і Літву, а таксама шырока прадстаўленыя ў Мінску – у нас есць магазін “Родны кут”, а таксама ў 10.000 крамах па рэспубліцы. Мы вельмі добра прадстаўленыя на рынках Мінска а таксама на кропках на кірмашах, і мы прадаём лісічкі па значна меншых коштах можна знайсці ў кожнай краме, у нас есць свае кропкі, і ў нас цэны значна ніжэйшыя, чым на рынку побач”.


Адна крама у Мінску – гэта цяпер называецца “шырока прадстаўлены на унутраным рынку”? Грыбы ў краме “Родны кут” і праўда ёсць, і нават свежыя. Цана – амаль ўдвая вышэйшая за закупачную, але гэта ўсё ж танней, чым купляць ў “прыватнікаў”.


Дарэчы, беларускі музыкант Алег Jagger набыў свежыя беларускія лісічкі – па 2 еўра за 200 грамаў у Бельгіі. У пераліку – амаль што па беларускіх цэнах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі