Дэпутаты хочуць павялічыць расходы на сваё ўтрыманне

111026 Luka6uk PomDep.mp3

Еўрарадыё знайшло нечаканы законапраект: дэпутаты Палаты прадстаўнікоў збіраюцца выбіць грошы на камандзіровачныя выдаткі для сваіх памочнікаў. У законапраект “Аб унясенні зменаў у закон “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, сябра Савета Рэспублікі Нацыянальнага схода” закладзены артыкул аб стварэнні адпаведнага "фонда".

Паводле закону дэпутат мае права мець 5 памочнікаў, адзін з якіх атрымлівае за сваю дапамогу народнаму абранніку заробак. Па словах сябра камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Валянціна Леаненкі, зараз заробак памочнікаў дэпутата скаладае каля 1 мільёна 300 тысяч рублёў. У дзеючым законе “Аб статусе дэпутата” няма ні слова аб камандзіровачных выдатках для памочнікаў. Зараз прапануецца кампенсаваць гэтыя выдаткі “за кошт і ў межах сродкаў, якія штомесяц выдзяляюцца дэпутату для кампенсацыі выдаткаў, звязаных з іх парламенцкай дзейнасцю”.

Як расказвае Еўрарадыё намеснік старшыні камісіі па аграрных пытаннях Уладзімір Маёраў, абраны дэпутатам ў Гомельскай сельскай акрузе, сёння паехаць у камандзіроўку за кошт падаткаплацельшчыкаў могуць толькі самі дэпутаты — дарога і камандзіровачныя выплачваюць. І вось каб такая ж магчымасць была ў іх памочнікаў, народныя абраннікі і заклалі ў законапраект аб сваім статусе новы артыкул. Праўда, пакуль памеры гэтых сродкаў, якія “штомесяц выдзяляюцца дэпутату для кампенсацыі выдаткаў, звязаных з іх парламенцкай дзейнасцю”, не вызначалі.

Уладзімір Маёраў: “Сітуацыя змяняецца вельмі хутка, вы разумееце, пра што я кажу. Таму да прыняцця бюджэта пра гэта казаць заўчасна. Калі будзе бюджэт, тады будуць зразумелыя фінансы, будзе вядомая расходная частка на ўтрыманне ў тым ліку і дэпутатаў, і іх памочнікаў”.

Такім чынам, калі змена ў закон “пройдзе”, то расходы бюджэта на фінансаванне дзейнасці Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі будуць павялічаныя.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Анатоль Лябедзька прыводзіць прыклад Літвы, там чыноўнікі скарачаюць свае заробкі.

Анатоль Лябедзька: “Падчас крызісу ідзе сітуацыя адваротная: у той жа Літве на 10% усе чыноўнікі скарацілі свае зарплаты. І, натуральна, усе дадатковыя фінансавыя артыкулы. А ў нас такое адчуванне, што няма крызісаў, у нас усё камфортна і мы можам раздаваць нейкія дадатковыя фінансавыя прэферэнцыі для тых людзей, якія сядзяць у Авальнай зале, і тых, каго яны набралі ў сваю каманду”.

Не бачыць вялікай патрэбы ў камандзіроўках для памочнікаў дэпутатаў і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава. На яе думку, памочнікі павінны знаходзіцца ў акрузе, усе праблемы вырашаць з дапамогай тэлефона. Але само пытанне пра фінансаванне працы дэпутатаў закранула яе “за жывое”.

Вольга Абрамава: “Як улада эканоміць на грамадзянах — дакладна так улада эканоміць на парламенце. Калі вы пацікавіцеся лічбамі дэпутацкіх заробкаў нават у СНД, то ўбачыце, што не толькі цяпер, у сувязі з крызісам, але і да крызісу, калі я працавала, беларускія дэпутаты атрымлівалі заробкі ў разы меншыя, чым дэпутаты парламентаў навакольных краін. Тое ж тычыцца і пенсій. Таму не трэба думаць, што дэпутаты “жыруюць”: беларуская ўлада з задавальненнем эканоміць на дэпутацкім корпусе”.

Дарэчы, як стала вядома Еўрарадыё, сёння зарабок дэпутата Палаты прадстаўнікоў скаладае крыху больш за 3 мільёна.

Пра цяжкі фінансавы стан дэпутатаў кажа і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Маёраў. Ён прызнае, што яго памочнікам вялікай патрэбы ў камандзіроўках няма.

Уладзімір Маёраў: “Гэтыя людзі, якія на аплаце, знаходзяцца на месцы. Яны збіраюць інфармацыю — больш працуюць па тэлефоне. Вы ж самі разумееце, што ніхто ім аплачваць не будзе камандзіроўку, калі іх некуды адправіць нават у межах раёна — гэта транспарт і гэтак далей. Усё трэба аплачваць, а сёння крыху іншая сітуацыя”.

Пры гэтым народны абраннік упэўнены, што неабходна мець сродкі, “якія штомесяц выдзяляюцца дэпутату для кампенсацыі выдаткаў, звязаных з іх парламенцкай дзейнасцю”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі