Дэлегат УЕФА не дазволіў БАТЭ трэніравацца на асноўным полі ў Гродне
Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў сераду паведаміў галоўны трэнер барысаўчан Віктар Ганчарэнка.
Нагадаем, у чацвер, 14 лютага, на гродзенскім стадыёне "Нёман" пройдзе матч 1/16 фінала футбольнай Лігі Еўропы паміж БАТЭ і турэцкім "Фенербахчэ". Пачатак а 21-й гадзіне.
Рашэнне дэлегата УЕФА было патлумачана жаданнем паберагчы поле, якое з вялізнымі высілкамі рыхтавалася да заўтрашняга матча. Таму гульцам БАТЭ давядзецца скарыстацца для трэніроўкі запасным полем.
"Мы, вядома, хацелі б правесці трэніроўку на асноўным полі, аднак разумеем, што яно павінна быць падрыхтавана да галоўнага паядынка. Не скажу, што гэта дастаўляе нам нязручнасці", — цытуе словы Віктара Ганчарэнкі "Прессбол".