ДахаБраха: Ва Ўкраіне рабіць фэсты таксама не проста

Адным з найбольш чаканых і моцных момантаў нядаўняга “Басовічша” стаў выступ загадкавага супольнага музычнага праекта Port Mone – ДахаБраха. Адразу пасля сэта беларускія і ўкраінскія музыкі адказалі на пытанні Еўрарадыё.

Музыкі Port Mone ніколі не імкнуліся на сцэну “Басовішча” па розных прычынах, аднак станоўчы момант удзелу ў фэсце для сябе ўсё ж знайшлі.

Аляксей Варсоба: “Я да канца ўсё-такі не адчуў, у мяне няма цэласнага ўражання ад фэста. Але, хутчэй, ёсць станоўчы момант. Мне вельмі прыемна, што адбываецца аб’яднанне. Для мяне гэта найбольш істотнае. І нават калі ўсё вельмі кепска, гэты момант для мяне закрывае ўсе астатнія”.

Ідэя аб’яднання рухае наперад і праект Port Mone – ДахаБраха.

Аляксей Варсоба: “Наш праект з ДахаБраха для мяне гэтым у першую чаргу істотны. То бок, калі б у нас не вельмі добра атрымлівалася супрацоўнічаць і нешта рабіць, то мне ўсё роўна б гэта было цікава і каштоўна толькі таму, што гэта аб’яднанне. Да гэтага трэба ісці ўсімі сіламі”.

Па словах Аляксея Варсобы, “Басовішча” значна адрозніваецца ад фестываляў, дзе звычайна граюць Port Mone – ДахаБраха.

Аляксей Варсоба: “Ёсць адчуванне, што гэта некалькі іншы фэст і мы тут не зусім свае. У мяне была эмацыйная задача нашым выступам прынесці на фэст ачышчэнне. Мне падаецца, нешта такое адбылося. Нейкую змрочную ноту, якая ўвесь час вісела, мы нібыта крыху адсунулі”.

Пра істотнасць супольнага праекта для Port Mone Еўрарадыё пісала ні раз. Таму пытанні датычныя праекта мы задалі ўдзельніку ДахаБраха Марку Галаневічу.

Еўрарадыё: Наколькі для вас істотны праект з Port Mone?

Марко Галаневіч: Гэта велічэзны досвед. Мы не чакалі, што ўсё перарасце ў такі вялікі праект. Мы думалі пра невялічкі канцэрт, які можа быць. Але, дзякуючы розгаласу ў інтэрнэце, мы зразумелі, што нас саміх “прэ”. Нам цікава супрацоўнічаць: мы атрымліваем задавальненне, мы дзелімся, мы дзесьці інакш успрымаем музыку, бо ў кожнага чалавека свой густ, у кожнага гурта – свой. І ў тым перасячэнні на скрыжаванні дыялектыкі нам цікава супрацоўнічаць і рабіць разам музыку.

Еўрарадыё: У што павінен выліцца праект? Ці варта чакаць альбом?

Марко Галаневіч: У ліпені мы выступілі на АртПолі – велічэзным фестывалі на Ўкраіне, і там усе ў нас пыталіся наконт таго, што павінна быць з таго, ці будзе CD? І мы разумеем, што нам няма куды адступаць (смяецца), нам трэба рабіць CD.

Еўрарадыё: Ці збіраецеся вы прадставіць праект у Беларусі?

Марко Галаневіч: Так, але, як кажуць нашы сябры, у Беларусі ўсё вельмі няпроста рабіць: і канцэрты, і ўвогуле проста супрацоўнічаць. Як вядома, там наогул музыка можа быць забароненая – гэта нонсэнс у сучасным свеце! У еўрапейскай краіне нейкая музыка забароненая! Мы, украінцы, за галаву бярэмся, і зразумела, гэта такая перасцярога для ўсёй Украіны – у якім напрамку, уласна, рухацца ўсёй краіне. Таму з вялікім задавальненнем мы выступім, таму што мы ведаем, што ў Беларусі ёсць людзі, якія ўмеюць слухаць музыку, умеюць яе разумець, мы ведаем, што ў нас там ёсць шмат прыхільнікаў. Мы б задавальненнем сыйгралі канцэрт у Мінску, Гомелі, дзе-небудзь.  

Таксама мы закранулі з Марком “хворую” тэму для ДахаБраха і ўсёй прасунутай культурнай Украіны – тэму закрыцця Гогальфэста – міжнароднага фестываля сучаснага мастацтва. Аказалася, і ва Ўкраіне культуры ня проста выжываць.

Еўрарадыё: Што чуваць наконт Гогальфэста? Ці можна спадзявацца, што ён працягне сваё існаванне?

Марко Галаневіч: Падобна на тое, што з Гогальфэстам мы ўжо “завязалі”. Прынамсі, выявілася, што такі праект цікавы толькі нашаму невялікаму колу. Уладзіслаў Троіцкі – дырэктар тэатра “Дах”, рэжысёр, чалавек, які прыдумаў “ДахуБраху”, ён прыдумаў і Гогальфэст, і ўкладаў туды ўсе свае эмацыйныя сілы, фінансавыя высілкі і гэтак далей. Яны скончыліся. Мы зрабілі адзін ці не найбольшы ва Ўсходняй Еўропе фестываль, самы моцны, які доўжыцца два тыдні – уласны брэнд, для развіцця ён гатовы, толькі дзяржава павінна проста падставіць сваё плячо – і мы ўжо на пэўным культурным узроўні ў свеце. Але, на жаль, гэта не цікава людзям, якія зараз пры ўладзе.

Еўрарадыё: Ці можа быць нейкая альтэрнатыва Гогальфэсту?

Марко Галаневіч: Рабіць нешта маленькае, андэграўнднае – не ведаем, ці ёсць у тым сэнс. Будзем сваю творчасць скіроўваць на штосьці іншае – не на арганізацыйнае, а на больш уласна крэатыўнае. І ва Ўкраіне рабіць фестывалі таксама не надта проста, выявілася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі