Банк: “У асноўным людзі забіраюць валютныя ўклады”

Карэспандэнт Еўрарадыё каля гадзіны дзяжурыла ў адным з аддзяленняў “Беларусбанка”. Людзей у ім было шмат, але ўсе плацілі за камуналку. За гэты час ніхто свае ўклады не забраў. Жанчына, якая спадзявалася набыць валюту, сказала, што “усе, хто хацеў, ужо даўно ўклады забралі. Вы ж бачыце, што робіцца ў краіне!”

Прыкладна такую ж інфармацыю нам паведамілі і ў “Белагрампрамбанку”. Згодна са словамі супрацоўніцы банка, ажыятаж прыйшоўся на сакавік.

“Белаграпрамбанк”: “У параўнанні з мінулым месяцам больш забіраць не сталі, бо і так ужо забралі асноўную частку. Хто хацеў, ужо амаль усё, што магчыма, забралі. Значны адток укладаў у нас пачаўся пры канцы сакавіка. Цяпер трошку паменей. Але сказаць, што намецілася адваротная тэндэнцыя, таксама нельга”.

У асноўным людзі забіраюць валютныя ўклады, кажуць у “Белаграпрамбанку”.

“Былі хваляванні, што банкі перастануць іх выдаваць у валюце і пачнуць выдаваць беларускімі рублямі паводле курсу Нацбанка. А курс Нацбанка ў нас да ўчорашняга дня вельмі моцна адрозніваўся ад рэальнага. Таму такія асцярогі былі, і людзі перш за ўсё пачалі забіраць уклады ў валюце”.

У асноўным гэта дробныя (да пяці тысяч долараў) і сярэднія ўклады, кажа супрацоўніца банка. “Тыя ўкладчыкі, у каго зусім буйныя сумы, засталіся нашымі ўкладчыкамі”.

Трошку пазней людзі пачалі забіраць і рублёвыя ўклады. Гэта ў банку тлумачаць тым, што пачалі расці кошты і народ стаў здымаць грошы, каб укласці іх хаця б у якую-небудзь рэальную маёмасць.

У “Беларусбанку” і “Тэхнабанку” таксама ажыятаж спаў. Яшчэ працягваюць забіраць уклады ў валюце, а вось рублёвыя — здымаюць з большага па меры неабходнасці.

“Тэхнабанк”: “Забіраюць, але менш, чым раней. Адразу было вельмі актыўна. Цяпер ужо трошку ажыятаж спаў. Больш забіраюць валютныя ўклады”.

“Беларусбанк”: “Забіраюць валютныя ўклады, а рублёвыя, у прынцыпе, не, па меры неабходнасці”.

У “Белзнешэконамбанку” кажуць, што адтоку ўкладаў няма. Людзі, наадварот, нясуць іх у банк!

“Мы цяпер адкрылі вельмі добры ўклад, у нас уклады людзі нясуць — і ў валюце, і ў беларускіх рублях”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі Нацбанка, за студзень – красавiк рублёвыя i валютныя дэпазiты зменшылiся на 162,3 мiльярда рублёў, або на 0,7 працэнта.

Цікава, што пры гэтым ўклады ў нацыянальнай валюце як у красавiку, так i ў цэлым за чатыры месяцы ўзраслi. Так, за красавiк яны павялiчылiся на 447,3 мiльярда беларускіх рублёў, або на 4,6 працэнта, а з пачатку года — на 343,5 мiльярда рублёў (на 3,5 працэнта).

Еўрарадыё пагутарыла з парай пенсіянераў, якія трымаюць беларускія рублі ў банку і закрываць дэпазіт не збіраюцца. Яны скардзяцца, што кошты растуць, але ажыятажу не паддаюцца.

“Гэтым чуткам мы не верым. Мы забралі столькі, колькі нам хопіць да наступнай пенсіі. А астатнія ляжаць на ўкладзе. Каб то былі долары! У такім разе забралі — быў бы нейкі выйгрыш. А куды я дзену гэтыя рублі? 5 мільёнаў зняць… І куды мы іх дзенем? Чакаць злодзея?”

Апошнім часам людзі сталі здымаць уклады менш. Нягледзячы на гэта, днямі на СТВ выйшаў сюжэт, дзе ўкраінскія эксперты з “РЫА-Аналітыка” прапанавалі Беларусі звярнуцца да іх досведу, калі ў 2008 годзе на нейкі тэрмін ва Украіне былі замарожаныя ўклады. На думку экспертаў, “насельніцтва Беларусі само стварае сабе праблемы, забіраючы ўклады”.

“Калі ўладам не атрымаецца супакоіць насельніцтва, то беларуская банкаўская сістэма будзе паралізаваная”, — адзначаецца ў сюжэце.

Тым часам эканаміст Дзмітрый Крук не раіць беларускім уладам звяртацца да ўкраінскага прыкладу. Кажа, што замарожванне укладаў мусіць быць апошняй мерай.

Дзмітры Крук:

“Гэта вельмі небяспечная тэма. Першая перашкода, якую я бачу, —  як гэта можна легальна зрабіць. У банкаўскім кодэксе ёсць пункт, які кажа, што на працягу 5 дзён банк павінен даць  дэпазіт уладальніку пры яго патрабаванні.

А з эканамічнага боку — так, гэта можа на нейкі тэрмін стабілізаваць банкаўскую сістэму, але ж далейшыя наступствы, на мой погляд, малапрадказальныя і могуць быць вельмі непрыемнымі. Я даволі скептычна стаўлюся да гэтай ідэі, на мой погляд, яе трэба разглядаць толькі як самы апошні інструмент”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі