Азаранка вучыцца 20 дзён у год, а Дашчынскі ўбачыў аднакурснікаў

У Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры цяпер вучацца і ўжо адвучыліся 42 алімпійскія чэмпіёны, а таксама мноства вядомых спартсменаў.
Самай унікальнай студэнткай называюць беларускую тэнісістку Вікторыю Азаранку, якая жыве ў ЗША, але вучыцца на другім курсе мінскай Вышэйшай школы трэнераў пры БДУФК. Ва ўніверсітэт 9-я ракетка свету ходзіць не часцей за 20 дзён на год, але выкладчыкі да гэтага ставяцца нармальна, кажа прарэктар па спорце Ўладзімір Васілеўскі.
“Агулам яна бывае ў нас ва ўніверсітэце не больш за 20 дзён за год. Гэта нармальна для спартсмена, але мала для таго, каб стаць трэнерам. Калі яна болей стане вучыцца, то не зможа выйсці на высокі спартовы вынік. Але такіх, як Азаранка, у нас няма больш аналагаў”.


Адшукала Еўрарадыё сярод студэнтаў фізкультурнага ўніверсітэта і чэмпіёна па К-1 Забіта Самедава. А на другім курсе вучыцца алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў. Праўда, кажуць, што з вучобай у штангіста не ўсё выдатна.
“Ён вучыцца ў меру сваіх магчымасцяў, на сярэднім узроўні. Але калі больш пачне надзяляць увагі вучобе, не зможа выйсці на высокі ўзровень у спорце. Зразумела, “троечнікі” ў спорце вучацца лепш за яго”.


А вось у якасці прыкладу выдатнай студэнткі называюць параалімпійскую чэмпіёнку Людмілу Воўчак, якая, дарэчы, жыве ва ўніверсітэцкім інтэрнаце.
Паводле адукацыі большасць спартсменаў будзе трэнерамі і выкладчыкамі. Калі б было размеркаванне на завочным, Вікторыю Азаранку, напрыклад, маглі б на два гады накіраваць у школу… настаўнікам фізкультуры.
Сярод выпускнікоў БДУФК — амаль уся нацыянальная зборная па фрыстайле: Аляксей Грышын, Антон Кушнір, Дзмітрый Дашчынскі, Асоль Слівец і яе брат Цімафей.
"Яны ўсе някепска вучыліся і запазычанасцяў ніколі не мелі. Асабліва па маім прадмеце. Я выкладаю паліталогію і ідэалогію. А вось Слівец адна з нямногіх, хто на маіх вачах паспяхова сумяшчаў спорт і вучобу", — кажа прарэктар Аляксей Гататулін.
Як правіла, усе спартсмены вучацца на завочным. Але прызёр дзвюх алімпіяд Дзмітрый Дашчынскі адвучыўся на дзённым. Кажуць, што вучыўся добра, але са многімі аднакурснікамі пазнаёміўся толькі на выпускным.
"Да нас ставіліся не так, як да звычайных студэнтаў. Таксама дапамагаў вопыт і ўласныя веды. Бывала, калі не вельмі важныя прадметы, ад нас не патрабавалі жорстка ўсё праходзіць. З большасцю аднакурснікаў мы пазнаёміліся пасля заканчэння. Калі ў нас выпускны быў і мы разам адзначалі, тады толькі з многімі студэнтамі пазнаёміўся”.


Многія спартсмены выходзяць у звычайнае жыццё непадрыхтаванымі, бо ўвесь час аддавалі спорту. Таму, кажа Ўладзімір Васілеўскі, трэба знаходзіць аптымальны варыянт і сумяшчаць спорт з вучобай.
Фота: Еўрарадыё, nv-online.info, onlinesport.ru, gototennis

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі