“Арт-сядзіба” асела па новым адрасе

Амаль цэлае лета "Арт-сядзіба" шукала новае памяшканне ды спонсараў: з  былога  будынку завода "Гарызонт" праект з’ехаў у сярэдзіне чэрвеня . А цяпер стваральнікі культурнага месца "наводзяць марафет" ды драяць падлогі па новым адрасе — пр-т Пушкіна, 28а.

"Па-першае, у параўнанні з нашым першым памяшканнем, што ў "Гарызонце", новае прыстасаванае менавіта для правядзення культурных і творчых сустрэч, — параўноўвае памяшканні адзін з заснавальнікаў "Арт-сядзібы" Павел Белавус. — Яно значна лепш выглядае і значна лепшае па інфраструктуры, ды і знаходзіцца ў асобным будынку. Таму, думаю, гэта будзе наш новы этап. А фармат мерапрыемстваў мы спадзяемся пакінуць такім жа, як і было раней, а можа і палепшыць".

Першая імпрэза ў новым памяшканні "Арт-сядзібы" адбудзецца ўжо ў гэтую пятніцу, але пакуль Павел Белавус трымае інтрыгу і не называе імёнаў першых гасцей. Афіцыйнае адкрыццё пройдзе на наступным тыдні. На канцэрт, прысвечаны гэтай падзеі, плануюць запрасіць сяброў-музыкаў "Арт-сядзібы" Паліну Рэспубліку, "Амарока", "Рэха", "Мутнае вока" ды іншых.  Сярод іншых планаў на бліжэйшы час — прэзентацыя дакументальнага фільма "Мова, музыка, маладосць", прысвечаная беларускамоўнаму музычнаму кірунку ад пачатку 80-х да нашых часоў. А яшчэ — прэзентацыя дадатку да мабільных прыладаў TingBY — каталог грамадскіх месцаў, кавярняў і рэстаранаў Мінска. Апроч традыцыйных імпрэз, каманда "Арт-сядзібы" плануе стварыць таксама невялічкую краму-кнігарню і кавярню, ды частаваць усіх добрымі гатункамі травяной гарбаты з зёлак і кавы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі