Апазіцыю на выбарах прадставяць дзве партыі і два рухі

Ад Партыі БНФ на парламенцкія выбары пойдзе ажно 38 чалавек. На чале са старшынёй Аляксеем Янукевічам і экс-кандыдатам у прэзідэнты Рыгорам Кастусёвым. Абяцаюць зняцца напярэдадні галасавання. Але, не выключае ў размове з Еўрарадыё намеснік старшыні ПБНФ, Соймам можа быць прынята і іншае рашэнне.


Рыгор Кастусёў: “Можа быць і так, што гэта рашэнне можа быць змененае, хоць і я не магу сцвярджаць. Але — магчыма, усё магчыма”.


Пойдуць бэнээфаўцы да канца, калі ўлады выканаюць дзве ўмовы: вызваленне ўсіх палітвязняў і ўключэнне прадстаўнікоў партыі ў выбарчыя камісіі.

Ад кампаніі “Гавары праўду!” браць удзел у выбарах будуць выключна прадстаўнікі рэгіёнаў. Нягледзячы на адмоўнае стаўленне свайго лідара — Уладзіміра Някляева.


Уладзімір Някляеў: “Спрабаваў давесці людзям, каб яны не бралі ў галаву фантазіі, што ў іх на гэтых выбарах можа стацца нейкае шчасце, нейкая фантастычная гісторыя, і яны справядліва акажуцца ў гэтым самым парламенце. Я ім сказаў, што такога быць не можа. Мне не ўдалося пераканаць усіх нашых”.


Ніхто з лідараў браць удзел у выбарах не захацеў — ні Някляеў, ні Дзмітрыеў, ні Фядута. Паводле слоў Фядуты, прысуды за падзеі 19 снежня 2010 года ні пры чым.


Аляксандр Фядута: “Ні ў каго з нас у прысудах няма пункту, што нам забаронена гэта рабіць, а Выбарчы кодэкс дазваляе вылучацца. Але з маральнага пункту гледжання вырашылі, што ніхто з былых палітзняволеных не можа вылучацца, пакуль астатнія ў зняволенні”.


Як даведалася Еўрарадыё, 25 рэгіянальных актывістаў "Гавары праўду!" ужо згодныя ісці на выбары, 5 — вагаюцца, і яшчэ некалькім асобам, што сябрамі кампаніі не з’яўляюцца, кампанія прапанавала сваю падтрымку. Хто гэтыя людзі — Фядута не кажа. Але прызнаецца: не V.I.P.


“Каля 30 чалавек разглядалася ў якасці тых, хто можа пайсці”, — гаворыць сябра Бюро ЦК партыі “Справядлівы свет” Сяргей Вазняк. А вось ці будуць спрабаваць прарвацца ў дэпутаты лідары партыі — Сяргей Калякін ды Валеры Ухналёў — пакуль не вядома. Сам Вазняк адмаўляецца балатавацца, пакуль у зняволенні яго калегі па справе “аб масавых беспарадках.


Рух “За свабоду” проста ніякіх спісаў не складае і абяцае падтрымаць любога блізкага паводле поглядаў чалавека, які заявіць аб жаданні балатавацца”.


Дарэчы, ніхто з былых палітзняволеных не прызнаецца, што адмаўляецца ад ўдзелу ў выбарах, каб не палічылі агентам спецслужбаў. Нагадаю, днямі экс-палітзняволены Зміцер Бандарэнка заявіў: калі тыя, хто сядзеў у “амерыканцы”, будуць балатавацца, то пакажуць, што іх завербавалі.


Кастусёў эмацыйна заявіў, што такім чынам Бандарэнка пазбаўляецца пачуцця віны. Някляеў проста прыгадаў, што аб сваім нежаданні змагацца за мандат заявіў яшчэ некалькі месяцаў таму. А Фядута з Вазняком сцвярджаюць, што на словы Бандарэнкі ўвогуле ніякай увагі не звярнулі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі