Амбасадар Ізраіля: Няхай бы беларусы гандлявалі з намі, а не з Іранам!

 

120125 Eurafokus.mp3

 

У вялікім інтэрв’ю ізраільскаму інтэрнэт-тэлеканалу Iton-TV новы амбасадар Ізраіля ў Беларусі Ёсэф Шагал распавёў пра тое, як разумее стан спраў у Беларусі і сваю працу ў якасці амбасадара.


 

Ёсэф Шагал: “Беларусь — гэта вельмі важны стратэгічны напрамак. Але з ёй пэўныя складанасці. Я добра знаёмы з гэтай краінай, з прадстаўнікамі палітычнага істэблішмента, з кіраўнікамі медыяў, асабіста з прэзідэнтам. Супраць Беларусі вельмі моцная хваля — еўрапейская, амерыканская… Гучаць абвінавачанні ў парушэнні правоў чалавека… Пры гэтым не заўважаюць, што прыкладна тое самае, толькі ў большых маштабах, адбываецца ў Расіі. Але гэта чамусьці нармальна. Мне гэты акцэнт, націск на Беларусь незразумелы”.

На думку новага амбасадара, Ізраіль мусіць ацэньваць тое, што адбываецца ў Беларусі, праз свой досвед міжнароднай палітыкі. “Мы самі добра ведаем, што такое палітыка падвойных стандартаў. Безумоўна, крытыка Беларусі — карэктная, апраўданая, там ёсць нейкія парушэнні. Але, у той жа час, і мы вельмі часта траплялі пад такую ж раздачу, — мяркуе Ёсэф Шагал. — Нам вельмі хацелася б, каб у Беларусі было менш парушэнняў правоў чалавека. І мы паспрабуем у гэтым сэнсе зрабіць усё, што ад нас залежыць. Можа, яны нечага не разумеюць. Можа, на Захадзе нешта не так трактуюць”.Безумоўна, крытыка Беларусі — карэктная, апраўданая, там ёсць нейкія парушэнні. Але, у той жа час, і мы вельмі часта траплялі пад такую ж раздачу

Ёсэф Шагал заўважае, што Беларусь і Ізраіль трывала звязаныя праз габрэйскую дыяспару. Таму да беларусаў добра ставяцца ў Ізраілі, а да габрэяў — у Беларусі.

“Гэтая краіна пазітыўна ставіцца да Ізраіля, — падкрэслівае Ёсэф Шагал. — І рэжым там нармальны, спрыяльны. І сур’ёзнага антысемітызму там, дзякаваць Богу, пакуль не заўважалася. На бытавым узроўні — так… Але дзе яго няма?”.

“На бытавым узроўні антысемітызм нават у Ізраілі ёсць”, — пагаджаецца з амбасадарам вядучы праграмы.

Адказваючы на пытанне пра тое, калі, нарэшце, Беларусь і Ізраіль усталююць бязвізавы рэжым, новы амбасадар заўважыў, што гэта “праграма максімум кожнага ізраільскага амбасадара”.

Ёсэф Шагал: “Але галоўнае на сённяшні дзень — эканоміка. Ізраільскія бізнесмены хочуць прасоўвацца ў Беларусь. Там вялікія перспектывы, рэзервы, рэсурсы вялікія. Гэта вытворчая краіна, што б там ні казалі. У іх няма сыравіны, але яны вырабляюць трактары, грузавікі, машыны, шарыка-падшыпнікі. Няхай бы яны сябравалі і гандлявалі з намі, а не, скажам, з Ісламскай Рэспублікай Іран. Хацелася б. А гэта ж усяго толькі пытанне выбару, а не нейкіх там прынцыпаў, накшталт “яны любяць іранцаў больш за яўрэяў”. Такога няма. Гандлююць з тым, хто прапануе”.

Даведка Еўрарадыё:

Ёсэф Шагал (да змены прозвішча — Восіп Шчаглоў) нарадзіўся 25 сакавіка 1949 года ў Баку. Скончыў гістфак Азербайджанскага педінстытута, працаваў журналістам і рэдактарам. У 1990 годзе эміграваў у Ізраіль. Рэдагаваў буйныя рускамоўныя газеты “24 гадзіны” і “Панарама”, стварыў і вёў праграму “Зваротны адлік” на тэлеканале “Ізраіль плюс”. Напісаў некалькі дэтэктыўных раманаў і сцэнар для серыяла “КДБ у смокінгу”. У 2007 годзе быў абраны прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі “Ізраіль-Азербайджан”. Сябра партыі “Наш дом Ізраіль”, заснаванай ізраільскім міністрам замежных спраў Авігдорам Ліберманам.

Фота: www.shalom-magazine.com.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі