Алег Хаменка раскажа казку пра Архангелаў

Музыка Алег Хаменка падаўся ў казачнікі. Уявіце: цягам 50 хвілін фронтмэн “Палацу” чытае філасофскую крывавую казку, якая ўтрымлівае тысячу сэнсаў!

Алег Хаменка: “Гэта адна з маіх самых улюбёных беларускіх казак, надта нефарматная і даволі крывавая. У розных варыянтах яна завецца і “Архангелы”, і “Доктар”, і “Дактары”, і “Лекары” – назваў у яе багата. Таму што ў скарочаным варыянце яна была ў розных крыніцах апублікаваная. Але ў мяне была трэцяя крыніца – так, як яе не публікавалі. І вось спазнаўшы гэтыя тры варыянты, я распавядаю гэтую казку са сцэны. І гэта выглядае як тэатр паўтарох актораў”.

Дапамагае Хаменку ў стварэнні атмасферы спектаклю гурт “Палац”. Пры чым, кажа Алег, гучыць незвычайная музыка “Палацу”.

Алег Хаменка: “Гэта блізкая да традыцыйных маршаў, традыцыйных полек музыка, якую мы калісьці стваралі, але ніколі яе не публікавалі. Мы вырашылі, што там яна будзе да месца”.

У ідэале Алег Хаменка спадзяецца, што з казкі атрымаецца дыск і, магчыма, мультфільм. Ну а ў амплуа казачніка музыка паўстане падчас свайго канцэрта “Казачная акустыка”, які адбудзецца 3 лістапада ў кавярні “Містраль”. Апроч казкі, якая зойме першую частку выступу, у канцэрце прагучаць і любімыя песні “Палацу”.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі