Рэктарат ЕГУ звольніў старшыню Сената, Сенат патрабуе адстаўкі рэктара

“Літаральна вось учора была распаўсюджана справаздача камісіі ад Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэтаў і там было шмат заўваг да таго, як кіруецца наш універсітэт”, — расказвае Павел Церашковіч усяго праз некалькі гадзінаў пасля таго, як атрымаў на пошту паведамленне аб звальненні.

Аб тым, што з Церашковічам не працягваюць кантракт, стала вядома некалькі тыдняў таму. І ён мог працаваць да канца верасня — яшчэ амаль паўгода. Аднак 5 лютага Церашковіча звальняюць не чакаючы завяршэння кантракту. Прафесар лічыць, што прычына — хуткая донарская канферэнцыя, яна запланаваная ўжо на 18 лютага.

“На 18 лютага прызначана донарская канферэнцыя ЕГУ. На ёй павінны прысутнічаць не толькі донары, але і сябры Кіраўнічай рады універсітэта. А я там удзельнічаю. Таму менавіта з мэтай недапушчэння мяне да ўдзелу ў канферэнцыі мяне звольнілі”.

Які статус ў Церашковіча цяпер — не ведае нават ён сам. Пасада старшыні Сената выбарная і тэарэтычна загадам рэктара з яе не здымеш. Іншая справа, ці можа кіраваць Сенатам ЕГУ чалавек, які ў ЕГУ больш не працуе.

Сябра Сената і пакуль яшчэ не звольнены выкладчык ЕГУ Андрэй Лаўрухін расказвае, што невялікая магчымасць захаваць пасаду старшыні Сената ў Церашковіча ўсё ж ёсць — акрамя выкладчыцкай, ён займае адну неаплатную пасаду ў каляўніверсітэцкай структуры.

Пакуль жа выкладчыкі і сябры Сената дзейнічаюць. 6 лютага абралі пазапланавае пасяджэнне і прынялі тры заявы, расказвае Лаўрухін.

“Абвясцілі вотум недаверу да двух прарэктараў універсітэта, таксама папрасілі сысці рэктара Міхайлава ў адстаўку, выступілі з лістом у падтрымку Церашковіча. Такая вось нават забастоўка ў нас плануецца”.

У рэктараце тым часам гавораць пра неабходнасць захаваць халодны розум і вырашыць усе пытанні калегіяльным спосабам.

“Нягледзячы на рэзкія заявы, што сыходзяць з Сенату сёння, адміністрацыя застаецца перакананай, што халодныя галовы пераважаць. Нашая прапанова застаецца – абмеркаваць канфліктныя пытанні з Сенатам калегіяльным спосабам праз адмысловую камісію, і мы чакаем ад Сенату станоўчага адказу. Змены ніколі не бываюць лёгкімі, але для Ўніверсітэта важна дасягнуць лепшай якасці, як у акадэмічных, так і адміністратыўных справах. Мы ўпэўненыя, што працэс, якім бы складаным ён ня быў, палепшыць якасць таго, што мы прапануем студэнтам”, — паведамляецца ў афіцыйным лісце кіраўніцтва ЕГУ, падпісаным прарэктарам па развіцці і камунікацыі ЕГУ Дарыюсам Удрысам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі