Вы тут

Рэктар ЕГУ Ігнатаў: Большасць нашых выпускнікоў вяртаецца ў Беларусь

Сяргей ігнатаў, фота Змітра Лукашука

У сакавіку 2018 года новым рэктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта стаў балгарын Сяргей Ігнатаў. Пра тое, якое будучае чакае ўніверсітэт і гуманітарныя спецыяльнасці, а таксама пра свой імідж “карупцыянера” і тое, чаму выпускнікі ЕГУ вяртаюцца на радзіму, прафесар Ігнатаў расказаў падчас кароткай сустрэчы ў мінскай кавярні.

Даведка Еўрарадыё: Прафесар Сяргей Ігнатаў — міжнародна прызнаны егіптолаг, былы міністр адукацыі, моладзі і навукі Рэспублікі Балгарыя, аўтар кніг і больш за 40 акадэмічных публікацый, прысвечаных праблемам лінгвістыкі, гісторыі і рэлігіі Старажытнага Егіпта. Доктарскую ступень па егіпталогіі атрымаў ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце. Ён таксама быў стыпендыятам Оксфардскага ўніверсітэта (каледж All Souls). Апроч роднай балгарскай мовы, прафесар Ігнатаў валодае рускай, англійскай і французскай мовамі. З міністэрскай пасады Сяргей Ігнатаў  падаў у адстаўку ў 2013 годзе пасля публікацыі справаздачы ўрада Балгарыі аб карупцыі пры прыёме на працу і выдачы грантаў. Рэктарам ЕГУ пачаў працаваць з 1 сакавіка 2018 года.

 

Пра атрыманне ліцэнзіі ЕГУ ў Літве

 

Мы выканалі ўсе патрабаванні Літвы: прадставілі ў Мінадукацыі Літвы стратэгічны план развіцця універсітэта да 2024 года. Выканалі ўсе іншыя патрабаванні, і цяпер чакаем ліцэнзію. Чакаць давядзецца да канца лютага. Думаю, з атрыманнем ліцэнзіі ўсё будзе нармальна, бо ў сакавіку бягучага года парламент Літвы ўхваліў, а ў траўні прэзідэнт Літвы падпісала зменены закон “Аб адукацыі і навуцы Літвы”. Гэта спецыяльны закон наконт універсітэтаў, якія знаходзяцца ў выгнанні.

Размова там не толькі пра ЕГУ — апошнім часам стала модна ў розных краінах аб’яўляць нейкія ўніверсітэты непатрэбнымі. Пасля атрымання ліцэнзіі пачнецца падрыхтоўка да атрымання акрэдытацыі. Да апошняга часу ў нас была не вельмі добрая акрэдытацыя: на тры гады, потым мы яе і ўвогуле страцілі… Цяпер усё зробім, каб вярнуць сабе акрэдытацыю, бо нашы студэнты заслужылі, каб у іх была ўпэўненасць у будучыні універсітэта.

 

Пра перспектывы гуманітарных прафесій

 

Цяпер больш запатрабаванымі з’яўляюцца прафесіі ў галіне ІТ, іншыя тэхнічныя спецыяльнасці. Але чакаецца, што праз 10 гадоў 47% сусветнай эканомікі будзе аўтаматызаваная. Гэта азначае, што з’явіцца патрэба ў спецыялістах, якія змогуць зразумець чалавека — гуманітарыях. Праз 10 гадоў гуманітарыі будуць патрэбныя свету так, як нам часам хуткая дапамога патрэбная! Таму я перакананы ў добрай будучыні і нашага ўніверсітэта, і гуманітарных прафесій.

Трэба толькі яшчэ дадаць адну дысцыпліну, псіхалогію. Цяпер такой спецыяльнасці ў нас няма, але павінна быць, і мы пра гэта думаем. Нават калі глядзець на кан’юнктуру рынка, то цяпер на гэтую спецыяльнасць вялікая мода ў Еўропе — усе вывучаюць псіхалогію.

 

Пра тое, чаго больш у ЕГУ — беларускасці і еўрапейскасці

 

Нягледзячы на леташнія скандалы, сёлета ў нас 260 першакурснікаў — практычна столькі ж, колькі і ў ранейшыя гады. І ў нас па-ранейшаму 95% студэнтаў — беларусы. Да ўсяго, нашы студэнты выбіраюць мову навучання: яны могуць вучыцца на беларускай, рускай ці англійскай мовах. Як па мне, то мова — самая галоўная праява беларускасці. Потым, 85% выкладчыкаў — беларусы. Думаю, калі б універсітэт знаходзіўся ў Беларусі, то “суадносіны сіл” былі б такія ж, бо ў любым універсітэце ёсць і замежныя студэнты, і выкладчыкі з-за мяжы. Гэта калі не казаць пра тое, што наш усходнееўрапейскі рэгіён усё ж з’яўляецца часткай еўрапейскай культуры.

На спецыяльнасці “Права” вывучаецца пераважна беларускае заканадаўства. “Турызм” — спецыяльнасць пра Беларусь. На “Дызайне” пераважае беларуская тэматыка. У галіне навуковых даследаванняў абсалютна пераважае беларуская праблематыка. І самае галоўнае, 62% нашых выпускнікоў вяртаюцца і працуюць на радзіме, у Беларусі. Таму я лічу, што хоць наш універсітэт і Еўрапейскі, але ён — беларускі.

 

Чаму выпускнік мусіць аддаць перавагу навучанню ў ЕГУ?

 

Бо ў нашым універсітэце сістэма ўзаемаадносін адрозніваецца: мы імкнемся да таго, каб ЕГУ быў падобны да свабоднай карпарацыі студэнтаў і выкладчыкаў. У такой карпарацыі я не прафесар Ігнатаў, а проста Сяргей. Нават калі я быў міністрам у Балгарыі, мяне студэнты называлі Сяргеем. Не, калі нехта хоча, той можа называць мяне прафесарам. Але я спакойна адчуваю сябе, калі чую проста сваё імя і нікому двойку за такі зварот не пастаўлю. Другое — выкладчыкі у нас не чытаюць лекцыі нібы святары з амбона — яны прапануюць інтэрактыўнае навучанне.

У нас 29% ад усіх першакурснікаў сёлета будуць не толькі навучацца бясплатна, але і атрымліваць стыпендыю. Плюс у нас шмат “палявых практык” у розных краінах — гэта таксама павінна прывабліваць.

 

Пра свой імідж “карупцыянера” і імідж ЕГУ

 

Калі мы адкрывалі новы навучальны год, шмат прадстаўнікоў літоўскай улады выказалі жаданне не толькі папрысутнічаць на тых урачыстасцях, але і выступіць — дэпутаты, палітыкі, чыноўнікі. Але мы былі абмежаваныя па часе і не маглі даць слова ўсім. Выступілі толькі спікер парламента Літвы, намеснік міністра адукацыі і пасол ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын — астатнім адмовілі. Ці гэта не сведчанне добрага іміджу ўніверсітэта?

Што да майго іміджу і абвінавачванняў у карупцыі… У наш век маніпуляцый ніводзін чалавек, які працуе ў Савеце міністраў, не абаронены ад паклёпаў. Але пакуль чалавек працуе міністрам, ён не можа судзіцца ў журналістамі. Але, можа, пасля сыходу з міністэрскай пасады. І я падаў у суд на журналістаў, якія мяне вінавацілі ў карупцыі. І выйграў.

 

Пра фінансавыя праблемы ЕГУ і вяртанне ў Беларусь

 

На сёння ў ЕГУ фінансавых праблем, на шчасце, няма. Што да вяртання, то я ўпэўнены, што месца ЕГУ — у Беларусі. І рана ці позна, але ўніверсітэт абавязкова вернецца на радзіму.

Фота: Змітра Лукашука