Рэанімацыя для "чайнікаў" — інструкцыя ад доктара і Віні Джонса (відэа)

Еўрарадыё пісала пра выпадак, калі 26-гадовы хлопец патануў у вадасховішчы ў мінскіх Драздах. Яго выцягнулі на пляж і неяк спрабавалі адкачаць. Хлопец памёр ужо ў бальніцы, ёсць версія, што з-за несвоечасовай дапамогі. Лекар хуткай дапамогі з Бабруйска Канстанцін Таўстаногаў напісаў пасля гэтага кароткую інструкцыя для "чайнікаў".

Інструкцыя ад лекара Канстанціна Таўстаногава

"Такім чынам, вам падалося, што ваш сусед па пляжы раптоўна памёр па нейкай прычыне. Сардэчны прыступ, патапленне, перадазіроўка наркатычных сродкаў і г.д. Ваша жыццёвая пазіцыя не дазваляе вам бяздзейнічаць. Тады прыступаем",піша доктар з Бабруйска ў Фэйсбуку.

Пераканайцеся, што ваш кліент сапраўды памёр. Ну, скажам, з вялікай доляй верагоднасці.

Якія маюцца верагодныя прыкметы смерці?

— Адсутнасць свядомасці.

— Адсутнасць дыхання.

— Адсутнасць кровазвароту.

Кліента трэба павалтузіць, паглядзець на дыхальныя рухі грудной клеткі і пашукаць пульс. Нядоўга. Падыход вельмі просты: калі сумневы ёсць, значыць, сумневаў няма.

Калі на тузанне рэакцыі няма, значыць, свядомасці няма.

Калі рухаў грудной клеткі вы не бачыце, значыць, кліент не дыхае.

Калі пульс намацаць вы не здолелі, значыць, пульсу няма.

Не трэба баяцца перабраць і прымацца рэанімаваць жывога.

Рэанімацыйныя мерапрыемствы нікога яшчэ не забілі. А вось бяздзейнасць відавочцаў, як правіла, фатальная.

Дык вось, пачынаем.

1. Клічце на дапамогу. Аднаму ў такой сітуацыі не справіцца.

Спачатку трэба выклікаць "хуткую дапамогу". Не трэба крычаць, маўляў, гэй, хто-небудзь, патэлефануйце 103. Калі народу шмат, ёсць верагоднасць, што паспадзяваўшыся адзін на аднаго, ніхто наогул нікуды не тэлефануе. Тыркніце пальцам у чалавека, які знешнімі прыкметамі вам падаўся адэкватным, вось ты канкрэтна, бяры і тэлефануй.

У званку дыспетчару акрамя рознага эмацыйнага інфармацыйнага смецця павінны абавязкова прагучаць ключавыя словы, "раптам памёр" і "праводзіцца рэанімацыя". Гэта дапаможа дыспетчару правільна расставіць прыярытэты і адправіць да вас патрэбную брыгаду.

2. Закрыты масаж сэрца

Так-так. Пачынаем менавіта з яго. Забудзьцеся пра ўсякія пераварочванні цела і сованне сваіх пальцаў у чужы рот. Калі раптам апынецца, што вы памыліліся і кліент такі жывы, ён можа зрабіць "кусь!", а пальчыкі вашы скажуць "хрусь!".

Вашай найпершай задачай не залежна ад прычыны смерці з'яўляецца аднаўленне току крыві праз галаўны мозг. Ён гіне першым і вельмі хутка. У сярэднім 5 хвілін спынення кровазвароту дастаткова, каб у далейшым пры самым ідэальным раскладзе на выхадзе атрымалася "гародніна".

Цела ўкладваецца на спіну (для гуманітарыяў спецыяльна удакладняю, што гэта азначае жыватом дагары) ўпіраемся дзвюма рукамі ў грудзіну, і пагналі. Палажэнне рук ёсць у любым навучальным відэароліку. Частата націсканняў — прыкладна 100 у хвіліну. Прагінацца грудная клетка павінна на глыбіню каля 4-5 сантыметраў (гуманітарыі, 5 см гэта даўжыня скрынкі запалак, то бок самая доўгая з яго граняў). Каб навязаць правільны рытм рэанімацыйных фрыкцый, зручна напяваць (лепш, зразумела, пра сябе) якую-небудзь мелодыю. Я звычайна выкарыстоўваю імперскі марш "Развітанне славянкі", мелодыя кладзецца ідэальна.

Найважнейшая ўмова, якая крытычна прынцыповая і захаванне якой можа паўплываць на поспех ўсёй задумы — масаж павінен быць бесперапынным. Не трэба кожную хвіліну кідаць качаць кліента, каб пераканацца, што ў вас нічога не атрымліваецца. Узяліся, і качайце да прыбыцця кавалерыі з-за пагоркаў. БЕС-ПЕРА-ПЫН-НА.

Фізічна гэта вельмі цяжка. Вельмі. Я двойчы ў жыцці бачыў людзей, здольных у адзіночку правільна качаць 30 хвілін. Адзін з іх быў баец АМАПа, тая яшчэ машына, другі раз — старлей з МНС. Таму, аптымальна, патрэбныя тры чалавекі, якія мяняюцца праз 2-3 хвіліны.

А вось рэкамендацыі ад Брытанскага фонду сэрца і былога англійскага футбаліста і акцёра Віні Джонса. У жартоўным роліку Віні паказвае, як правільна рабіць закрыты масаж сэрца.

Аказваецца, падобныя ролікі з рэкамендацыямі здымаюць ва ўсім свеце. Вось і Амерыканская асацыяцыя сэрца рэкамендуе рабіць гэта пад "Staying Alive".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі