"Рэальна фашызм": маналог афіцэра, які звольніўся з Ваеннай акадэміі

Фёдор Кандиранда / семейный архив
Фёдор Кандиранда / семейный архив

Старшы выкладчык агульнавайсковага факультэта падпалкоўнік Фёдар Кандыранда звольнены з Ваеннай акадэміі Беларусі. Ён адкрыта выступаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку ўлад.

"Тое, што цяпер адбываецца на вуліцах, — гэта непрапарцыйнае, нямэтавае, неправамернае выкарыстанне фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў. МУС, КДБ, не ведаю, хто яшчэ ... замест таго, каб шукаць рэальна радыкалаў, якія парушаюць закон, яны ў адвольным парадку забіраюць на вуліцах людзей ... Вось на 231 чалавека завялі крымінальную справу. Гэта ўвогуле жах! Здымкі ў РУУС, спартзалах, апавяданні вязьняў з Акрэсьціна, катаванні — усё гэта рэальна фашызм. Я гэтага прыняць не магу", — тлумачыць Еўрарадыё вайсковец.

Рапарт аб звальненні па пагадненні бакоў ён падаў яшчэ 13 жніўня, але яго не прынялі. Вынікам амаль трохмесячнай барацьбы стала звальненне "па артыкуле". На развітанне мужчыну пазбавілі лістападаўскай прэміі і выплацілі аднаразовую грашовую ўзнагароду ў 105 рублёў.

У размове з Еўрарадыё цяпер ужо былы выкладчык ВАРБ распавядае аб сваім рашэнні, перажываннях і планах на будучыню.
 

Не разумею

Не разумець, што творыць дзеючая ўлада, я пачаў яшчэ падчас прэзідэнцкай гонкі. Хоць, па вялікім рахунку, усё гэта цягнецца даўно. Любому чалавеку нейкія крокі ўлады могуць здавацца непрымальнымі. У 2018 годзе па факце таго, што я ўказаў у свае персанальныя дадзеныя і сваё месца працы ў "Фэйсбуку", мне абвясцілі вымову. Пасля чаго я быў вымушаны часова заблакаваць свой акаўнт.

Гэтай вясной у Беларусі пачаліся неабгрунтаваныя пасадкі людзей. Або... скажам так, магчыма, ва ўлады і былі нейкія падставы, але яны нікому пра іх не сказалі. Проста нейкія агульныя фразы пра тое, што той злодзей, гэты злачынец і таму мы яго пасадзілі. І тады ў мяне ўзнікла пытанне: а ўсё-ткі за што? 

Плюс, ва Узброеных сілах нагняталася абстаноўка: "вораг ля мяжы", "усім гэтым кіруюць з-за мяжы". Калі задаеш канкрэтныя пытанні: пакажыце факты, раскажыце, хто канкрэтна, — усе маўчаць: "Няўжо ты не разумееш?" Я, напрыклад, не разумею. Лічу, што, калі зараз ва ўсім сусвеце ўсё выбухае, застаецца адна Беларусь і знешняе ўздзеянне выключаецца цалкам, усё роўна народ працягне выходзіць, таму што нацыя сфармавалася і людзі жадаюць сумленных выбараў.
 

Каб звольніцца, спазняўся на службу

Па падзеях 9-11 жніўня я зразумеў, што не магу выконваць злачынныя загады і не падтрымліваю дзеючага прэзідэнта. Для мяне ён — галоўнакамандуючы. Я шчыра, па-афіцэрску прынёс рапарт, паклаў на стол начальніку, сказаў: "Я не падтрымліваю галоўнакамандуючага, таму давайце разыдземся па пагадненні бакоў". Рапарт быў падпісаны начальнікам кафедры і начальнікам факультэта. Але ў аддзеле кадраў мне сказалі, што такой падставы для звальнення няма: "Ты не паважаеш, не любіш і не можаш выконваць загады галоўнакамандуючага, але працягвай служыць. Калі хочаш звольніцца, давай па сямейных абставінах".

Я назбіраў кучу даведак і 1 верасня прынёс рапарт аб звальненні па сямейных абставінах — падумаў: "Ну, хоць так". Начальнік акадэміі сказаў, што звольніць, і сышоў у адпачынак. Начальнік аддзела кадраў сказаў, што ў акадэміі прынята рашэнне: у сувязі з вялікім адтокам афіцэраў, звальняць толькі па артыкуле. Праз два тыдні адбылася яшчэ адна гутарка з начальнікам акадэміі, дзе мне сказалі: "Ты здраднік, ты здрадзіў галоўнакамандуючаму, ты здрадзіў усяму складу Узброеных сіл і мы звольнім цябе па артыкуле".

“Реально фашизм”: монолог офицера, уволившегося из Военной академии
Выпіска з загаду

Каб звольніцца, мне давялося спазняцца на службу, адмаўляцца праводзіць заняткі. Калі я пытаўся ў аддзеле кадраў: "Вы мяне свядома штурхаеце на тое, каб я парушыў, каб вы абвясцілі мне спагнанне?" — мне казалі: "Не-не. Тое, што ты будзеш парушаць, будзе тваім рашэннем. Па-іншаму мы цябе звольніць не можам". Кожны прыкрываў сваю, скажам так, тыльную частка арганізма...
 

Паспрабаваць сябе ў IT

З 25 гадоў больш за 20 уся мая служба была вельмі шчыльна звязаная з кампутарамі і з сучаснымі тэхналогіямі. Мы з прафесарам кафедры стваралі ўнікальныя для Беларусі электронныя навучальныя выданні. Таму я б хацеў паспрабаваць сябе ў IT — гатовы і вучыцца, і працаваць. Але нават калі не атрымаецца, ёсць сябры, якія яшчэ да майго звальнення, ведаючы аб маёй грамадзянскай пазіцыі і аб тым, што звольнюся, ужо прапаноўвалі працу.

“Реально фашизм”: монолог офицера, уволившегося из Военной академии
Фёдар Кандыранда / з архіву героя

Мне 42 гады, у мяне ёсць жонка і дачка. Жонка цалкам падтрымлівае маё рашэнне, бо мы — сям'я. Дачцэ 12 гадоў. Яна пакуль моцна не ўнікае, але, натуральна, таксама падтрымлівае любое маё пачынанне. Для дачкі я самы лепшы, самы разумны, самы высокі і самы прыгожы (смяецца). 

Дарэчы, калі даведаліся сябры, адразу пачалі тэлефанаваць, прапаноўваць віп-абслугоўванне ў розных сервісах.
 

Я не абаронены

Тэлефануюць і мае былыя вучні, што таксама прыемна. Падтрымліваюць, кажуць, што ганарацца мною, і гэта выдатна. Так, я разумею, што і з іншага боку могуць быць тыя, каго я калісьці вучыў. Але любы чалавек можа памыляцца, можа рабіць штосьці спантанна ці па чыёйсьці ўказцы. Ва Узброеных сілах моцная воля камандзіра. Гэта значыць, мы прывыклі да таго, што загад спачатку выконваецца і толькі потым можа абмяркоўвацца. Калі гэта, вядома, не заведама злачынны загад. 

Кожны з гэтых людзей павінен разумець, што рана ці позна за любое дзеянне прыйдзе адказнасць. І яе трэба будзе панесці і з гонарам вытрымаць. 

Ці хаджу я на пратэсты? У гэты час вам ніхто адкрыта не скажа. Але я пратэсты падтрымліваю. Бо не бачу ні адзінай пляцоўкі, дзе народ можа выказаць свае меркаванні. Як і любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, я не абаронены. Баюся. Гатовы да помсты і пераследу. За мяжу пакуль дакладна не збіраюся. 

Па вялікім рахунку, мы ўжо перамаглі. Мы сталі народам, мы сталі нацыяй, мы вельмі салідарныя, мы вельмі моцна натхнёныя. Дзякуй Аляксандру Рыгоравічу — няхай так, але мы, нарэшце, рэальна сталі народам. Загадваць з тэрмінамі, калі сыдзе Лукашэнка, не буду. Ён 26 гадоў будаваў імперыю хлусні, падману і страху... Але мы ўжо перамаглі, гэта дакладна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі