Рэакцыя літоўскіх СМІ на выдачу рахункаў беларусаў была "аглушальнай"

110808 Erafeeu site.mp3

Еўрарадыё: Літва выдала дадзеныя банкаўскіх рахункаў беларусаў, з-за гэтага затрымалі праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Як літоўскія СМІ адрэагавалі на гэта, ці шмат гэтаму надаецца ўвагі? 
Ерафееў: "Рэакцыя была даволі аглушальнай і шырокай. Можа быць, у суботу-нядзелю гэтаму менш увагі надавалася, паколькі на тэлевізійных каналах выніковыя перадачы звычайна вярстаюцца загадзя, але ўжо ў пятніцу ўвечары прайшлі рэпартажы, у суботу ў газетах з’явіліся (аглядальныя) артыкулы. І сёння, у панядзелак, гэты снежны ком стаў яшчэ большым".
Еўрарадыё: Пра што пішуць газеты, пра што кажуць па тэлеканалах?
Ерафееў: "Цяпер вельмі шмат надаецца ўвагі рэакцыі розных палітычных сілаў на тое, што адбылося. Чакаюць тлумачэння ад самога міністра юстыцыі, які цяпер у адпачынку. Заўтра павінна адбыцца паседжанне сейма па замежных справах, куды ён павінен прыйсці і даць нейкія каментарыі і тлумачэнні, і адно з пытанняў, якое найбольш абмяркоўваецца – гэта падаваць у адстаўку міністру ці не. Бо апазіцыя патрабуе, каб ён падаў у адстаўку. Прэзідэнт кажа, што вінаватых пакараць трэба, але ўвогуле міністр працуе няблага, таму яго варта пакінуць на гэтым месцы. Як у далейшым будзе разгортвацца сітуацыя, відаць, пакажа заўтрашняе паседжанне".
Еўрарадыё: Якая была рэакцыя літоўскай прэзідэнткі на гэтую сітуацыю, бо пра яе нічога не было чуваць у выходныя ў беларускіх СМІ?
Ерафееў: "Рэакцыя прэзідэнткі была толькі сёння. Прэзідэнтка асудзіла гэты ўчынак працаўнікоў Міністрэства юстыцыі, прычым у жорсткай форме, але, што тычыцца адказнасці міністра юстыцыі, прэзідэнтка сказала, што не бачыць неабходнасці ў яго адстаўцы, а вінаватых павінен пакараць сам міністр юстыцыі. Сёння Мінюст таксама распаўсюдзіў паведамленне, у якім сцвярджаецца, што ў Міністэрстве не бачаць неабходнасці ўнутранага расследавання, відаць, разлік ідзе на тое, што міністр вернецца з адпачынку і сам пакарае вінаватых у тым, што адбылося".
Еўрарадыё: У Літве гэта звязваюць з непаразуменнем, а не з нейкай спланаванай акцыяй?
Ерафееў: "Так. Гэта звязваюць у большай ступені з непаразуменнем. Але, тым не менш, непаразуменне неяк адбылося. Чаму нехта вырашыў, што недастаткова інфармацыі, не пабачылі, што там прозвішча такой асобы, як Алесь Бяляцкі, дастаткова вядомай у сваіх колах? Гэтыя пытанні зараз ставяцца, і на іх спрабуюць знайсці адказы аглядальнікі і аналітыкі. І адказы, якія зараз знаходзяцца, яны, на жаль, пакуль непахвальныя для нас".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі