Размеркаванне ў Мінск каштуе 400 долараў

Менавіта столькі каштуе пастаянная рэгістрацыя. Яна патрэбная ўніверсітэцкаму выпускніку-немінчуку, каб застацца ў сталіцы.
У Мінску не хапае настаўнікаў, але на працу возьмуць толькі мінчукоў. Каб законна размеркаваць немінчука ў сталіцу, яму трэба даць немагчымыя сацыяльныя гарантыі.

Сёлета ў Мінск і Мінскую вобласць размяркоўваецца да 70% выпускнікоў Педуніверсітэта — гаворыць Еўрарадыё кіраўнік аддзелу кадраў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэту Валеры Алавяннікаў.

Валеры Алавяннікаў: "Каб застацца ў Мінску, трэба добрыя адзнакі, бо размяркоўваюцца ў адпаведнасці з рэйтынгам".

Але каб уладкавацца ў Мінск, добрых адзнакаў недастаткова. Патрэбная яшчэ пастаянная (!) рэгістрацыя і — толькі на тэрыторыі горада. Бо калі ты з Мінскага раёну, табе як маладому спецыялісту мусяць аплачваць праезд. А гэтага рабіць ніхто не збіраецца, таму і не бяруць на працу.

Атрымліваецца, што статус маладога спецыяліста толькі шкодзіць? Пра гэта Еўрарадыё спытала ў кіраўніка аддзелу кадраў Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Святланы Главацкай.

Святлана Главацкая: "Тэрмін адпрацоўкі — два гады, і на гэты час патрэбная рэгістрацыя. Гэта ўжо пастаянная рэгістрацыя, часовая — гэта да года. Да таго ж з раёна трэба ездзіць. І атрымліваецца, што малады спецыяліст можа патрабаваць у Камітэта па адукацыі выплаціць яму кошт праезду. Гэта іх гарантыі. Мы павінны іх выконваць, а не можам: у нас у каштарысе не закладзеныя гэтыя грошы. Таму бярэм толькі мінскіх студэнтаў".

Часовую рэгістрацыю маюць тыя, у каго няма пастаяннага жылля. А па словах Святланы Главацкай, кожнае прадпрыемства павінна забяспечыць жытлом маладых спецыялістаў. У іншым разе студэнт мае права і не ехаць па размеркаванні.

Святлана Главацкая:
"Міністэрства адукацыі ў курсе, у нас такі адзіны падыход да ўсіх. Бо калі спецыяліст вырашыць атрымаць гарантыі, у нас няма сродкаў на гэта.

Няма такіх выпадкаў у БДПУ, каб пасылалі ў якое-небудзь месца без гарантый. Калі якая-небудзь арганізацыя запрашае спецыяліста, які не мае жылля ў іх у горадзе, значыць, яна будзе прадстаўляць гарантыі — напрыклад, аплачваць здыманне кватэры, або прадстаўляць інтэрнат. Калі гэтага не будзе, канечне, студэнт можа не згадзіцца".

Згодна са словамі Святланы Главацкай, у гэтым годзе з Мінгарвыканкаму ў Педуніверсітэт было пададзена 748 заявак, з іх 417 — выхавальнікі дашкольных устаноў. У БДУ пададзена ўсяго 57 заявак на настаўнікаў. Дарэчы, філолагі Мінску не патрэбныя — спецыялістаў па беларускай, рускай і замежных мовах дастаткова.

Тэарэтычна студэнты могуць самі знайсці для сябе месца працы. Нават у прыватных установах.

Валеры Алавяннікаў: “Яны павінны ўзяць ліст з таго месца, дзе іх хочуць уладкаваць, на імя рэктара за подпісам таго кіраўніка, якому дадзена права прымаць на працу. Трэба, каб гэта была праца па спецыяльнасці. Могуць размеркавацца і ў прыватныя, і ў камерцыйныя, і з доляй дзяржавы. Умовы аднолькавыя: каб наймальнік выконваў тыя ільготы, якія дзяржава прадстаўляе маладым спецыялістам”.

Дарэчы, такіх праблем, як у выпускнікоў Педуніверсітэта, тэхнічныя ВНУ не маюць.

Напрыклад, у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце студэнты энергетычнага факультэта самі вырашаюць, куды ім размеркавацца — дзе лепшыя жыллёвыя ўмовы або які горад больш падабаецца. Бо там на 1 чалавека прыпадае 5 заявак. Кожны студэнт можа пры жаданні застацца ў Мінску — напрыклад, працаваць на кафедры энергетыкі. Але такія жаданні ў студэнтаў не ўзнікаюць: яны могуць знайсці сабе месца і "цяплейшае". Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік дэкана факультэта энергетыкі БНТУ Леанід Тарасевіч.

Леанід Тарасевіч: "Спецыяльнасць запатрабаваная, і таму ў нас узнікае пэўная праблема: тое, што ў людзей патрэба ёсць, а мы забяспечыць гэтыя заяўкі, задаволіць іх не можам. А ў студэнта ж ёсць выбар. Калі чалавек з Гродзенскай вобласці, вядома, ён туды і хоча паехаць. У яго там усё ж такі пытанне з жыллём — гэта вельмі важна. А сёння ж жыллё ніхто не прадстаўляе асабліва. Інтэрнат даюць, але чалавек шукае перспектывы і  шукаюць сабе месцы, перспектыўныя ў плане жылля.

Мы ўсіх маладых людзей запрашаем на працу на кафедру. І ніхто, вы ведаеце — з усіх месцаў гэтае з’яўляецца для іх самым апошнім".


Фота — runet.lt

Таксама глядзі:
Студэнтаў могуць размеркаваць на 10 год і болей
У Беларусі ў тэатр могуць размеркаваць на заробак у 40 долараў
Крызіс не адменіць размеркаванне выпускнікоў
Універсітэты атрымалі па 3-5 заявак на размеркаванне выпускніка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі