Рассельгаснагляд: З Беларусі сістэмна пастаўляецца малочны фальсіфікат

Рассельгаснагляд: З Беларусі сістэмна пастаўляецца малочны фальсіфікат

Рассельгаснагляд з 6 сакавіка часова забараняе ўвоз на тэрытоырю Расіі прадукцыі беларускага ААТ "Мілкавіта". Гэтая мера тлумачыцца тым, што прадпрыемства неаднаразова парушае расійскае заканадаўства. У прыватнасці, расійскія спецыялісты чарговы раз выявілі сухое малако ў пітных вяршках, вырабленых на ААТ "Мілкавіта". А ў канцэнтраваным абястлушчаным малацэ гэтага ж прадпрыемства быў знойдзены оксібендазол. Раней расіяне ўвялі рэжым ўзмоцненага лабараторнага кантролю да "Мілкавіты". 

Акрамя таго, пад забарону з 6 сакавіка трапляе прадукцыя СТАА "Старфуд": у яе каўбасных вырабах паўторна выяўлены даксіцыклін.

Таксама Рассельгаснагляд уводзіць узмоцнены лабараторны кантроль прадукцыі трох беларускіх прадпрыемстваў:

— ААТ "Бабруйскі мясакамбінат" (выяўленне бактэрый групы Listeria monocytogenes у ялавічыне астуджанай);

— ААТ "Малако" вытворчы цэх г.п. Шуміліна (выяўленне альбендазолу сульфона, альбендазолу сульфаксіду, оксібендазолу);

— ААТ "Слуцкі мясакамбінат" (выяўленне сальманелаў у ялавічыне бескасцёвай астуджанай).

Рассельгаснагляд адзначае, што на мінулым тыдні акрамя "Мілкавіты" яшчэ два беларускія прадпрыемствы спрабавалі ўвезці фальсіфікаваную прадукцыю — УПП "Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат" і ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат Салігорскі філіял". У дакументах ўсіх трох прадпрыемстваў быў пазначаны адрас расійскіх кампаній, куды везлі прадукцыю. "Але, як паказала ўнутранае расследаванне Рассельгаснагляду, ні па адным адрасе прадукцыя не паступіла. Гэта сведчыць аб наяўнасці ашуканскіх схем пры пастаўках малочнай прадукцыі з Беларусі", — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Таксама Рассельгаснагляд заяўляе, што ў Расію ішлі нелегальныя пастаўкі малочнай прадукцыі з Кыргызстана, прычым у дакументах фігуравала прадпрыемства з беларускімі каранямі. 2 сакавіка інспектары Рассельгаснагляду затрымалі на расійска-казахстанскім участку мяжы Арэнбургскай вобласці больш за 40 тон сухога малака. Тры грузавыя аўтамабілі з гэтай прадукцыяй прыбылі з кыргызскага прадпрыемства ААТ "Ак-сут" і ішлі на адрас маскоўскага прадпрыемства ТАА "Белруспрадукт". 

На частцы гэтага  грузу адсутнічала маркіроўка, частка грузу мела відавочныя прыкметы перамаркіроўкі. Пробы сухога малака накіраваныя ў лабараторыю Рассельгаснагляду для правядзення даследаванняў гэтай прадукцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі