Расія вінаваціць Беларусь у рээкспарце памідораў і грушаў з Еўрасаюза

Расія вінаваціць Беларусь у рээкспарце памідораў і грушаў з Еўрасаюза

Рассельгаснагляд цікавіцца, адкуль паходзяць грушы і памідоры, якія пастаўляюць у Расію з Беларусі. На сайце расійскага ведамства адзначаецца, што падчас дзеяння расійскага прадуктовага эмбарга Беларусь ператварылася ў буйнога экспарцёра і рэ-экспарцёра многіх відаў харчовай прадукцыі.

Напрыклад, да ўвядзення расійскіх санкцыяў, у 2013 годзе, Беларусь імпартавала 80 тысяч тон памідораў. А ўжо ў 2015-м аб'ём імпарту ўзрос амаль удвая — да 144 тысяч тон. Паведамлялася, што выраслі пастаўкі з Егіпта, Марока, Турцыі, Ізраіля, Босніі і Герцагавіны. Рассельгаснагляд адзначае, што ў 2015 годзе было выяўлена 323 толькі турэцкія і мараканскія падробленыя фітасанітарныя сертыфікаты.

Калі ўрад Расіі 1 студзеня 2016 года ўвёў абмежаванні на пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі з Турцыі, імпарт турэцкіх памідораў у Беларусь за 8 месяцаў гэтаага года ў параўнанні з мінулым, па звестках Белстата, вырас амаль у чатыры разы — з 17 да 64 тысяч тон. Таксама Беларусь нібыта стала атрымоўваць памідоры з краін Трапічнай Афрыкі і Блізкага Усходу. Гэтая прадукцыя рээкспартавалася ў Расію.

Паведамляецца, што за 10 месяцаў 2016 года з Беларусі ў Расію паступіла 81 тысяча тон таматаў. Прычым 59 тысяч тон з іх, паводле дакументаў, маюць беларускае паходжанне.

Аналагічная сітуацыя склалася з пастаўкамі грушаў, нібыта вырашчаных у Азіі ды Трапічнай Афрыцы.

Паводле інфармацыі Белстата, імпарт грушаў у 2015 годзе ў параўнанні з 2013-м вырас ад 33 тысяч да 175 тысяч тон. Пры гэтым пастаўкі грушаў з краін Еўрасаюза нібыта знізілася з 95% да 10%. Тым часам экспарт грушаў з Беларусі ў Расію вырас больш як у сем разоў — з 22 да 159 тысяч тон.

За 10 месяцаў 2016 года з Беларусі ў Расію паступіла 65 тысяч тон груш. Прычым 75% з іх паводле дакументаў маюць азіяцкае або афрыканскае паходжанне.

У сувязі з гэтым Рассельгаснагляд зрабіў запыты ў расійскія амбасады ў Афганістане, Беніне, Буркіна-Фасо, Гвінеі, Кот-д'Івуары, Ліване, Малі, Сірыі ды Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы. Расійскае ведамства хоча атрымаць інфармацыю пра сапраўдныя аб'ёмы экспарту садавіны і гародніны ў Расію, Беларусь і краіны Еўрапейскага саюза. Рассельгаснагляд тлумачыць гэты вялікай колькасцю выяўленых фальшывых фітасанітарных сертыфікатаў і неабходнасцю спыніць пастаўкі еўрасаюзаўскай прадукцыі праз Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі