Расія шукае будаўнікоў: прафтэст дапаможа беларусам афіцыйна працаўладкавацца

На расійскіх будоўлях дэфіцыт кадраў праз COVID-19​ / Reuters
На расійскіх будоўлях дэфіцыт кадраў праз COVID-19​ / Reuters

Да канца года ў Расіі арганізуюць праверку кваліфікацыі мігрантаў-будаўнікоў. Беларусы стануць яе праходзіць, калі гэта дапаможа легальна выехаць на заробкі ў Расію пры абмежаваннях на мяжы.

Еўрарадыё паразмаўляла з экспертамі і разабралася, навошта ў Расіі прымаецца такая мера і як яна адаб'ецца на беларусах, якія зарабляюць на расійскіх будоўлях.
 

У Расіі дэфіцыт рабочай сілы

Расійскі рынак працы прыцягвае работнікаў пасля адтоку рабочай сілы. Па звестках МУС Расіі і НДУ ВШЭ, недабор працоўных мігрантаў у Расіі ў лістападзе мінулага года складаў ад 0,6 млн да 1,4 млн чалавек.

Так адбылося праз абмежавальныя меры па перамяшчэнні паміж краінамі ў пандэмію COVID-19, расказвае прэзідэнт Нацыянальнага аб'яднання будаўнікоў Расіі (НОСТРОЙ) Антон Глушкоў.

Россия ищет строителей: профтест поможет белорусам официально трудоустроиться
Прыехаць у Расію складаней праз каранавірус / Reuters

— Працоўныя мігранты будаўнічых прафесій складаюць не менш за 23% [ад агульнай колькасці. — Еўрарадыё]. У ліку найбольш дэфіцытных прафесій — тынкоўшчык, муляр, бетоншчык, арматуршчык. Гэта значыць, рынак працы ў Расіі ў гэтых прафесіях практычна закрываецца замежнай рабочай сілай, — кажа Антон Глушкоў.

Паколькі працадаўцы зацікаўленыя ў кваліфікаваных кадрах, для замежнікаў уводзіцца ацэнка прафесійнай кваліфікацыі, адзначае суразмоўнік. Праўда, экзамен будзе неабавязковым.

— Прыцягненне ў галіну замежнай рабочай сілы з непацверджанай кваліфікацыяй нясе ў сабе сур'ёзныя рызыкі падвышэння аварыйнасці і траўматызму, зніжэння прадукцыйнасці працы і якасці выканання будаўнічых работ.
 

"Гарантыя афіцыйнага працаўладкавання для замежнікаў"

Як будзе праходзіць экзаменацыя ў Беларусі, пакуль невядома. Да канца года дэлегацыя НОСТРОЙ плануе візіт у нашу краіну, каб у тым ліку ўзгадніць з дзяржорганамі гэтае пытанне.

Ва Узбекістане работнікі будуць пацвярджаць кваліфікацыю на базе монацэнтраў па прафесійнай падрыхтоўцы і працаўладкаванні, якія ўжо працуюць там. Гэта значыць, прыязджаць у Расію для экзаменацыі неабавязкова.

Россия ищет строителей: профтест поможет белорусам официально трудоустроиться
Пацвердзіць кваліфікацыю можна будзе дыстанцыйна / Reuters

Акрамя спецыялізаваных пытанняў для кожнай прафесіі, у тэставанні будуць пытанні па ахове працы і тэхніцы бяспекі.

Для працадаўцы гэта будзе гарантыя таго, што перад ім прыдатны спецыяліст, кажуць у НОСТРОЙ. Але чаму работнікі пойдуць на добраахвотнае тэставанне?

— Працадаўца, вядома, аддасць прыярытэт чалавеку з пацверджанай кваліфікацыяй. Фактычна экзамен — гэта гарантыя афіцыйнага працаўладкавання для грамадзян з іншых краін.

Пры паспяховым праходжанні ацэнкі кваліфікацыі экзаменаванаму і яго працадаўцу будзе накіроўвацца пасведчанне аб кваліфікацыі ў выглядзе электроннага дакумента, падпісанага ўзмоцненым лічбавым подпісам, — кажуць у НОСТРОЙ.

Рэестр замежнікаў, якія пацвердзілі кваліфікацыю, можна будзе знайсці на сайце НОСТРОЙ.

— Вывад замежнай рабочай сілы з ценю — адна з мэт арганізаванага набору, які гарантуе афіцыйнае працаўладкаванне і садзейнічае абароненасці працоўных мігрантаў, — кажа Антон Глушкоў. — У гэтым сэнсе, вядома, экзамен — неад'емнае і лагічнае звяно ў ланцугу стварэння цывілізаванага рынку працы ў будаўнічай галіне.

 

Выехаць у Расію праблематычна

Россия ищет строителей: профтест поможет белорусам официально трудоустроиться
Абмежаванні па ўездзе перашкаджаюць беларусам працаўладкавацца ў Расіі / Reuters

На думку акадэмічнай дырэктаркі BEROC Кацярыны Барнуковай, такое рашэнне выглядае дзіўным, бо ў Беларусі і Расіі адзіны рынак працы.

— Ёсць пагадненне і ў рамках ЕАЭС, і ў рамках Саюзнай дзяржавы пра тое, што рынак працы ў нас без абмежаванняў дзейнічае.

Пры гэтым вялікага ўплыву на беларускіх будаўнікоў новаўвядзенне не акажа, лічыць экспертка.

— Вельмі многія працуюць, не рэгіструючыся. Тыя, хто ўбачыць для сябе нейкую выгаду, зарэгіструюцца. Рэч у тым, што нават выехаць у Расію на працу праблематычна, калі кантракта няма.

Магчыма, праходзіць экзамен будуць, калі гэта будзе аблягчаць атрыманне афіцыйных дакументаў аб працаўладкаванні, якія, у сваю чаргу, будуць дапамагаць уязджаць у Расію, — кажа Кацярына Барнукова.

На думку эксперткі, новаўвядзенне звязанае з тым, што праблема з кваліфікацыяй мігрантаў сапраўды ёсць.

— Пачасціліся анекдатычныя выпадкі, калі мігранты на дарозе надпіс "дзеці" ў зваротным парадку кладуць. Ёсць і іншыя прыкметы нізкай кваліфікацыі. Гэта збольшага адказ на такую праблему. Каб тыя мігранты, якія ўсё-ткі прыязджалі, былі неяк кваліфікаваныя і каб гэта не выклікала праблем з грамадскай думкай у Расіі, якая потым перакідваецца агулам на мігрантаў незалежна ад іх узроўню кваліфікацыі, — робіць выснову Кацярына Барнукова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі