Расія можа ціснуць на Беларусь па 500 таварных пунктах

Расійская знешняя эканамічная палітыка стала больш нахабнай – і для Беларусі гэта небяспечна. Так лічыць эканаміст Міхаіл Залескі, які адказаў на пытанні Еўрарадыё ў сувязі з абвешчанай Мядзведзевым новай замежнай палітыкай Расіі. Міхаіл Залескі (М. З.): І новая небяспечная, і старая небяспечная, бо і тая, і гэтая – імперыялістычныя. Цяпер гэтая палітыка робіцца больш нахабнай. Калі раней гаворка ішла пра абарону інтарэсаў шляхам тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання, пратэкцыянісцкіх і іншых мераў, то зараз гаворка ідзе проста пра ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў.

ЕРБ: Як можна расцаніць тое, што за апошнія паўгады таваразварот з Расіяй вырас на 60%?

М.З.: Таваразварот і будзе расці. Гэта звязана з тым, што мы ўсё больш і больш нафты бярэм на перапрацоўку. І ўжо ледзьве не палову прыбытку ад экспартнай прадукцыі ў нас складае рэалізацыя нафтапрадуктаў, мінеральная сыравіна так званая.

ЕРБ: Ці мы можам павялічыць, напрыклад, прысутнасць заходняга капітала ў Беларусі за кошт расійскага?

М.З.: Як мая бабуля казала пра сабачку, ён бы з’ёў, ды хто яму дасць. Заходні капітал, ён што, скача на мяжы, каб сюды ўлезьці? Я нешта не бачу. Я бачу рускіх, а не заходнікаў, якія аббіваюць парогі адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі прэзідэнта. Патрэбныя адпаведныя ўмовы. Мы павінны быць апаратна і праграмна сумяшчальныя з заходнім бізнэсам. Пакуль што мы сумяшчальныя толькі з расійскім.

ЕРБ: А якое ёсць выйсце ў Беларусі ў дадзенай сітуацыі, калі мы не хочам стаць эканамічным прыдаткам Расіі?

М.З.: Наш доблесны прэзідэнт павінен змяніць свой лозунг “Я свой народ за цывілізаванай Еўропай не павяду” на лозунг, што мы будзем як усе. Трэба быць падобнымі да людзей і людзі будуць да цябе ставіцца як да чалавека. Ну а калі ты падобны да еці ці да іншапланецяніна, так да цябе і будуць ставіцца.

ЕРБ: А гэта рэальна?

М.З.: Абсалютна рэальна. Ну чаму тыя самыя літоўцы стартавалі з таго самага месца, што і мы, але яны выглядаюць больш падобна да еўрапейцаў. Калі ўзяць Славенію, то яна абагнала ўсю Еўропу. Але яна ж пачынала ў 91-м годзе хоць і з Югаслаўскай версіі сацыялізму, але яна пачынала там, дзе і мы.

ЕРБ: А калі Беларусь паспрабуе зрабіць больш спрыяльныя для заходняга бізнэсу ўмовы і паспрабуе так бы мовіць абмежаваць прысутнасць расійскага капіталу, якія могуць быць крокі ў адказ з боку Расіі?

М.З.: Абмяжоўваць чыюсьці прысутнасць адмыслова не трэба. А крокі будуць звязаныя са спробай ціснуць праз тыя таварныя пазіцыі, па якіх мы маем працяглыя і безвыніковыя спрэчкі, і там, дзе найбольш палітыкі. Гэта газ, гэта нафта. Гэта яшчэ 500 – я не перабольшваю — таварных пазіцыяў, па якіх у нас спрэчныя адносіны. Там пачнецца ціск, каб па расійскай модзе выкруціць рукі, паставіць на месца і прымусіць бегчы за іхным паравозам.

ЕРБ: А, можа, Беларусь мусіць шукаць новага эканамічнага супрацоўніцтва не на Захадзе, калі для гэтага трэба мяняць палітыку, а, напрыклад, у Венесуэле, у іншых нашых новых сябрах?

М.З.: Можна, канешне, супрацоўнічаць, але для такога супрацоўніцтва таксама трэба быць больш падобным да метраполіі. У нас пакуль што эфектыўны індустрыяльны, нават пост-індустрыяльны экспарт ідзе пераважна на Ўсход, а на Захад у нас ідзе яшчэ вельмі многа сыравінных тавараў. У нас няма такой разгалінаванай рынкавай структуры, каб хуценька атабарыцца ў Трэцім свеце і пераўтварыць нашых пастаўшчыкоў прамысловага абсталявання ў транснацыянальныя карпарацыі, бо да тэхналогіяў патрэбныя яшчэ і грошы, якіх, як бачна па нашых запазычанасцях, не хапае.

Нагадаю, што прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядзведзеў, распавядаючы пра новую замежную палітыку Расіі, сказаў, што Расія будзе бараніць інтарэсы сваіх прадпрыемстваў за мяжой. Занепакоенасць гэтымі заявамі ўжо выказалі літоўскія кансерватары, якія лічаць расійскія інвестыцыі пагрозай народнай бяспецы Літвы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі