Вы тут

Рашэнне, ці будаваць яшчэ адну царкву ў Салігорску, прымуць праз месяц

Кафедральны сабор у Салігорску / fotobel.by

12 чэрвеня скончылася грамадскае абмеркаванне новага мікрараёна ў Салігорску. План прадугледжвае, што ў лесапарку, дзе сёння любяць гуляць гараджане, будзе пабудаваная праваслаўная царква. Мясцовыя актывісты выступілі супраць вырубак у зялёнай зоне, але аказаліся ў меншасці.

“Сапраўды былі адмоўныя водгукі. Аднак такіх меркаванняў было нашмат менш. Мы чулі пра петыцыю, якая нібыта набрала больш за 1000 подпісаў, аднак дагэтуль яе не атрымалі, — распавядае Еўрарадыё Валянцін Стасюкевіч, спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва Салігорскага райвыканкама. — Што тычыцца атрыманых водгукаў, дык, калі не памыляюся, ад кіраўнікоў раённых арганізацый мы атрымалі 2113 пазітыўных водклікаў. І толькі 27 адмоўных, якія тычыліся культавага будынку”.

План будучага мікрараёна

У адказе на запыт Еўрарадыё пра будаўніцтва новай царквы Слуцкая епархія паабяцала, што “праект будоўлі не прадугледжвае вырубку дрэў”. Але чыноўнік упэўнены, што захаваць усе існуючыя дрэвы не атрымаецца. Частку з іх спілуюць дзеля пабудовы трох дзесяціпавярховых дамоў. Іншыя вырубяць дзеля ўзвядзення новага храма.

“Затое лесапаркавую зону добраўпарадкуюць. Прычым займацца гэтым будзе епархія — калі ім прапанавалі такі варыянт, то прадстаўнікі епархіі з задавальненнем пагадзіліся і нават паказалі магчымыя эскізы”, — працягвае Валянцін Стасюкевіч.

Горадабудаўнічы савет з удзелам прадстаўнікоў абласнога выканкама адбудзецца праз месяц. Тады і будзе зацверджаны ці скарэктаваны план будучага 21-га мікрараёна.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.