Работнікам Ганцавіцкага лясгаса частку заробку выдалі кілбасой
!["Сервелат трафейны" з дадаткам мяса дзічыны з Ганцавіцкага лясгаса / ganc-chas.by](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/kolbasa_15_02.jpg.webp?itok=iTiPQehP)
"Сервелат трафейны" з дадаткам мяса дзічыны з Ганцавіцкага лясгаса / ganc-chas.by
Работнікам Ганцавіцкага лясгаса частку заробку выдалі кілбасой, піша "Ганцавічскі час". Раздалі 200 кг. Выданне адзначае, што ад натураплаты можна было адмовіцца. Раздавалі новы прадукт ад Столінскага райспажыўтаварыства — "Сервелат трафейны", варана-вэнджаны выраб з дадаткам мяса дзічыны з таго самага Ганцавіцкага лясгаса.
У кілбасе — "велізарны пералік усялякіх харчовых дабавак, але першым паказаны асноўны інгрэдыент — гэта мяса лася або аленя", адзначае выданне.
Для Столінскага райспажыўтаварыства гэта інвестыцыйны праект, кажа дырэктар філіяла "Столинзаготпромторг" Столінскага райспажыўтаварыства Мікалай Лявонавец. У перспектыве прадпрыемства плануе запусціць вытворчасць вяленых вырабаў з дзічыны, а таксама паўфабрыкатаў хуткага прыгатавання.
Ці карыстаюцца новая кілбаса попытам у крамах, выданне не расказала. Але пацікавілася ўражаннямі ад навінкі ў работнікаў лясгаса. "Адразу, як узялі, смачная была. А калі паляжала, то зрабілася горшай на смак", — расказала гаспадыня з сям'і, якой дасталася кілбаса з лася.
![Работникам Ганцевичского лесхоза часть зарплаты выдали колбасой](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/kolbasa_15_02_2.jpg.webp?itok=9iUDLXbK)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.