Пётр Кузняцоў: ніякай будучыні ні ў якіх саюзных праграмах няма

Пётр Кузняцоў: ніякай будучыні ні ў якіх саюзных праграмах няма

Заснавальнік выдання “Моцныя навiны” Пётр Кузняцоў лічыць, што Лукашэнка пайшоў на падпісанне дарожных мап, каб прадэманстраваць сваёй наменклатуры, што ён мае нейкія адносіны з Расіяй. А Пуцін пайшоў на гэта, каб атрымаць піяр-бонусы для “Адзiнай Расii” перад выбарамі. Аб гэтым ён разважаў у эфіры Еўрарадыё.

— Ніякай будучыні ні ў якіх саюзных праграмах няма, пакуль ва ўладзе будзе Лукашэнка. Я ў гэтым на тысячу адсоткаў упэўнены. Я думаю, што ў гісторыі з узгадненнем, а не падпісаннем нават, саюзных праграмаў Расія не даціснула Лукашэнку, гэта яго такая тактычная перамога. Таму што з моманту, калі ўспыхнулі пратэсты, тэрмін інтэграцыі прасоўваў больш за ўсё менавіта ён. Пуцін, наадварот, імкнуўся ўлагодзіць гэтую тэму. Ён аднойчы нават сказаў “няма куды спяшацца”. 

Пётр Кузняцоў: ніякай будучыні ні ў якіх саюзных праграмах няма

— Я іх вельмі цудоўна разумею ў гэтым сэнсе. Таму што калі пераходзіць да больш сур'ёзнай інтэграцыі, то яны разумеюць узровень падтрымкі беларускай улады ў цяперашнім грамадстве. І ім бы, канешне, хацелася з кімсьці крыху больш легітымным гэтыя справы рабіць.

А для Лукашэнкі крытычна важным было і ёсць прадэманстраваць сваім сілавікам і сваёй вертыкалі, наменклатуры, што для Расіі ён не кульгавая качка. Не сыходзячы прэзідэнт, з якім размаўляюць толькі аб канстытуцыйнай рэформе як аб інструменце транзіту, а дзейны палітычны суб'ект, з якім у тым ліку размаўляюць і пра нейкія доўгатэрміновыя перспектывы. 

А ўвогуле, зыходзячы з таго, што было апублікавана, гэта вельмі агульныя такiя рамкi, у межах якiх можна на дзесяцігоддзі гэтыя працэсы расцягваць. Таму ён разумее, што гэта яго ні да чога не абавязвае. 

А па-другое, ён выдатна разумее, што ў вачах яго прыхільнікаў гэта вялікі піяраўскі плюс. Ён зноў выглядае чалавекам, які ёсць партнёрам Масквы. А Пуцін падтрымліваў тую думку, што ён вымушаны быў гэта зрабіць дзеля нейкіх піяраўскіх бонусаў, ягонай партыі "Адзіная Расія" перад выбарамі ў Думу, дзе ў яе там вельмі цяжкае становішча. Там толькі 26 адсоткаў рэйтынгу, здаецца.

І я заўважыў, гэта такая важная дэталь, што з моманту той самай таемнай інаўгурацыі, з якой, як лічыцца, Лукашэнка згубіў палітычную легітымнасць, Расія не ўзгадніла дагэтуль ніводнага крэдыту. 

Папярэднія дамовы ў Сочы гэта было ў межах фармальнай легітымнасці мінулага тэрміну Лукашэнкі. І гэта была вельмі яскравая рэч, яна вельмі кідалася ў вочы. Таму што нашы доўгі час прасілі грошай, а Расія на словах іх падтрымлівала ў іх змаганні, вайне з Захадам, але грошы не давалі. 

І вось тое, што яны хаця б 630 мільёнаў узгаднілі, гэта таксама выглядае, што невялікая, але тактычная перамога і Лукашэнкі. Ён зноў суб'ект у адносінах з Расіяй. Яму зноў далі хоць такія, але грошы і з ім зноў размаўляюць пра інтэграцыю, а не пра зыход праз канстытуцыйную рэформу. 

Таму я думаю, што рэальнай інтэграцыі гэта не пацягне. Лукашэнка дамогся таго, чаго хацеў на гэтым этапе. А рэальнай інтэграцыі яму не трэба, ён далей будзе яе тарпедаваць. Але і ёсць вялікае пытанне, ці трэба гэтая інтэграцыя Расіі, з той уладай, у той канфігурацыі, якая зараз існуе ў Мінску.

— Тэма канстытуцыйнай рэформы адышла на другі план? Над Масквой здабытая тактычная перамога?

— Можа быць. Зараз шмат версій, чаму гэта так. Але цалкам можа быць і тое, што калі раней там перад ім стаяла задача, што трэба канстытуцыйны рэферэндум такім чынам праводзіць, каб перад расейцамі зрабіць выгляд, што гэта будзе інструмент транзіту, то зараз гэта задача нават і адпала. 

Ім усё роўна прыйдзецца праводзіць гэты рэферэндум, таму што я думаю, што яны захочуць неяк пагуляцца з датамі выбараў, у тым ліку мясцовых выбараў. Зрабіць там адзіны дзень галасавання ці нешта яшчэ такое прыдумаць, каб для сябе мінімізаваць тыя рызыкі, якія для іх нясуць палітычныя выбарчыя кампаніі. 

Але цалкам можа быць такое, што цяпер проста пераглядаецца сцэнар гэтага рэферэндуму. Бо пазіцыя Расіі пасля мінулай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі змянiлася. 

Пуцін па факце ўжо наўпрост прызнаў, што з Лукашэнкам можна размаўляць аб інтэграцыі ў доўгатэрміновай перспектыве. То-бок адышоў ад сваёй ранейшай пазіцыі, то зараз можа сцэнар гэтага рэферэндуму і пераглядацца.

— Ці значыць, што за гэтым настане народнае адзінства і руская мова? Знішчэнне ўсяго нацыянальнага?

— Савецкі Саюз — вельмі трагічная старонка ў нашай гісторыі. Але нават пры Савецкім Саюзе, пры ягоным ГУЛАГу, пры ўсёй гэтай сістэме стан беларускай мовы і беларускай культуры быў лепшы. 

Усе тэлеканалы былi беларускія, усе СМІ выходзілі пад беларускім падпарадкаваннем, яны абавязкова выходзілі на беларускай мове. 

Кнігавыдавецтва было нашмат больш на беларускай мове. Культуры, спектакляў было шмат на беларускай мове. Проста нават павагі было нашмат больш. 

Гэта я не пра тое, як было добра пры СССР. Я пра тое, што сённяшні стан рэчаў у Беларусі вельмі ўмоўна можна назваць развіццём суверэннай незалежнай дзяржавы. 

Большай пагрозы і большых страт для нацыянальнай культуры, чым зроблена пры дзейнай уладзе, не было нават пры такім катастрафічна дрэнным і небяспечным СССР. 

І гэта паслядоўная палітыка, яна будзе працягвацца, і ўся надзея наша зараз на тое, што народ, як носьбіт гэтага беларускага гена, проста вытрымае, перажыве нават і гэта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі