Pukstband "Последний альбом"

"Последний альбом" — першы і апошні на сёння паўнавартасны лонгплэй гурта Pukstband. Гучны і неўтаймаваны, як характарызуе яго лідар бэнда Сяргей Пукст.


Пласцінка пісалася цягам 7 гадоў. Запіс перадаваўся ад аднаго гукарэжысёра да іншага. Слухач ужо ні на што не спадзяваўся, а Сяргей Пукст даводзіў справу да розуму, нягледзячы на паўзу ў некалькі гадоў у дзейнасці каманды. "Удыхнуў жыццё ў матэрыял і інтэрпрэтаваў яго абсалютна правільным чынам" гукарэжысёр Аляксандр Геліх, тым самым адкрыўшы свету адзін з найлепшых альбомаў у гісторыі беларускай музыкі. Прынамсі, так лічыць Пукст. Калі б не лічыў, не выдаваў бы.


"Последний альбом" узрывае мозг выбуховай сумессю з дынамічных адценняў, просценькіх мелодый, часам, лялечных аранжыровак і гламурна-эстэтскага псіхадэлічнага панку з джазавымі вакалізамі. І гэта не кажучы пра трапныя глыбінныя тэксты пра каханне і падсвядомую прагу да пакорлівасці. З кожным праслухоўваннем "Последний альбом" прымушае "приползти к себе на спине", таму што без яго робіцца немагчыма. Музыка пласцінкі нібыта ўпіваецца ў скуру і з крывёю ўліваецца ў сэрца як неабходнае рэчыва для разняволенага лунання па-над рэальнасцю.


Відавочна, што Пукст сам кайфуе ў царстве драйву і калматасці "Последнего альбома". Тут ёсць, дзе развярнуцца і выйсці за межы любімых музыкам канцэпцый. Тут не трэба, як гэта было ва "Внутреннем", услухоўвацца ў тэкст, у кожную літару, у кожную паўзу, якія выпіраюць "унутранае" Пукста вонкі. Тут можна не ўслухоўвацца ў тэксты — Сяргей не настойвае, іх проста немагчыма не чуць.


"Последний альбом" ад Pukstband — фенаменальна чыстая праца. Ад яе патыхае дасканаласцю і гармоніяй, нягледзячы на надрыў і адсутнасць адказаў на пытанні. Вось так мусіць гучаць Пукст! Вось так!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі