Вы тут

Прысуд Максіму і Машы: калі дзеці будуць вольныя, пакланюся тым, хто падтрымаў

Марыя Калеснікава і Максім Знак / штаб Віктара Бабарыкі

Адвакаты Марыі Калеснікавай і Максіма Знака маюць намер абскардзіць прысуд, які сёння абвясціў у дачыненні да іх Мінскі абласны суд. Калеснікаву асудзілі на 11 гадоў зняволення, Знака — на 10 гадоў.

Знака і Калеснікаву прызналі вінаватымі па ўсіх трох артыкулах, па якіх былі прад'яўленыя абвінавачанні: змова ці іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне экстрэмісцкага фармавання, заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.

Рэзалютыўную частку абвінаваўчага прысуду пакуль не бачылі ані адвакаты асуджаных, ані яны самі. Прысуд яны лічаць неабгрунтаваным. Максім Знак будзе самастойна рыхтаваць апеляцыйную скаргу, але абаронцы падключацца да гэтага працэсу.

Прадбачыць, у якую калонію адправяць адбываць пакаранне Калеснікаву і Знака, пакуль складана.

"Мы зайшлі ў залу — а там манекены"

— Аляксандр Мікалаевіч, трымайся. Тата, трымайся. Я не ўяўляю, як цяжка вам зараз знаходзіцца ў Беларусі пад пастаянным ціскам, — сказала падчас сумеснай прэс-канферэнцыі сястра Калеснікавай — Таццяна Хоміч, — звяртаючыся да бацькоў асуджаных.

Сёння раніцай Аляксандр Знак і Аляксандр Калеснікаў сустрэліся на паркоўцы каля будынка суда. Ля ўваходу яны сустрэлі шмат знаёмых асоб: падтрымаць Максіма і Машу ў судзе хацелі каля ста чалавек.

Абстаноўка ля будынка суда / Еўрарадыё

Але ў будынак суда пусцілі толькі васьмярых — самых блізкіх сваякоў. Калі яны апынуліся ў зале, там ужо было некалькі дзясяткаў незнаёмцаў.

— Зала была поўная маўклівых людзей. Я спачатку падумаў, што пасадзілі манекенаў. Большасць былі ў масках, — сказаў падчас прэс-канферэнцыі Аляксандр Знак. Мне вельмі сорамна за ўладу, якая так доўга вяла расследаванне, якая закрыла працэс і якая, у рэшце рэшт, не пусціла нават на абвяшчэнне прысуду столькіх сваякоў, столькіх сяброў Максіма і Машы. Не скажу, што ля ўваходу было шмат людзей — чалавек сто. Але калі адкрыта дэманструецца такая непавага да родных, да блізкіх — сумна за такую ўладу.

Калі ў тую ж залу зайшоў Аляксандр Калеснікаў, Марыя сустрэла бацьку гучным прывітаннем і традыцыйным сэрцайкам. Стала смяяцца — маўляў, тата, паглядзі, колькі незнаёмых асоб.

Марыя прапанавала незнаёмцам у зале: людзі, давайце знаёміцца!

Марыя Калеснікава ў студыі Еўрарадыё

Гэтыя людзі адводзілі вочы, саромеючыся паглядзець у вочы бацькам, — кажа Аляксандр Калеснікаў. — У мяне сёння, з аднаго боку, сумны, маркотны дзень, з другога — радасны. Я ўбачыў нашых дзяцей не ў якасці злачынцаў, а ў якасці людзей, якія адчуваюць сябе свабоднымі, невінаватымі, сваім стаўленнем да спектакля, які разыгрываецца, паказваюць усю яго ілжывасць і няправільнасць.

Калеснікаў кажа, што не заўважыў ні ў міміцы, ні ў словах Максіма і Марыі схільнасці да дэпрэсіі, затое ўбачыў гатоўнасць і далей адстойваць сваю невінаватасць у судзе.

 Я ўдзячны падтрымцы, якая адчуваецца кожны дзень. Я чакаю таго часу, калі нашы дзеці стануць вольнымі і я змагу пакланіцца ўсім, хто іх падтрымлівае ў гэты цяжкі час, бацькаўскім паклонам.

Галоўнае — захаваць здароўе

У найбліжэйшыя дзесяць дзён сваякі Максіма і Марыі нарэшце змогуць сустрэцца са сваімі блізкімі на спатканні. Па рэгламенце кароткатэрміновае спатканне ў СІЗА працягнецца каля гадзіны.

Калі бацька Максіма Знака, Аляксандр Знак, сустрэнецца з ім заўтра раніцай на спатканні, ён будзе раіць яму ўсе сілы прыкласці да таго, каб захаваць сваё здароўе.

 Цяпер задача размеркаваць сілы вязняў і нашу магчымую дапамогу ім такім чынам, каб яны маглі без шкоды для здароўя вынесці той тэрмін, які ім давядзецца адседзець, — сказаў Аляксандр Знак і выказаў адвакатам Максіма і Марыі не толькі падзяку, але і спачуванні. — Што б адвакат ні рабіў, усё асуджана на правал. У сваіх лістах я прапаноўваў Максіму адмовіцца ад удзелу ў працэсе, аднак ён вырашыў выкарыстаць усе законныя метады да канца.

І Аляксандр Знак, і Аляксандр Калеснікаў, адказваючы на пытанне "Нашай Нівы", пагадзіліся: іх дзеці сёння перажывалі не праз прысуд. Яны перажывалі, не ведаючы, як на гэты прысуд адрэагуюць іх бацькі.

Бацька Марыі Калеснікавай перад абвяшчэннем прысуду / Еўрарадыё

"Яны хваляваліся за нас. Як мы гэта прымем, як мы гэта перанясем. Але сваім выглядам, сваімі рэплікамі яны далі нам магчымасць перанесці гэта ўсё досыць лёгка. Не адкрыю сакрэту, што, ідучы на такія складаныя спатканні, я адчуваю заўсёды асцярогу, што я магу расчуліцца, я магу разнервавацца, сарвацца. І паўтараю: дзякуючы нашым дзецям я адчуваў сябе досыць камфортна. Успрыняў гэта з вялікім шкадаваннем, але не паў духам, а адчуў у сабе сілы ісці далей", — сказаў бацька Марыі Калеснікавай Аляксандр Калеснікаў.

Ці будуць Знак і Калеснікава прасіць памілавання?

Калі следства падыходзіла да канца, Марыя Калеснікава атрымала ліст, падпісаны Юрыем Васкрасенскім, кажа адвакат Уладзімір Пыльчанка.

— Прамых прапаноў падпісаць прашэнне аб памілаванні не гучала. Пад канец следства Марыі прыйшоў ліст, падпісаны Юрыем Васкрасенскім. На падобныя лісты Марыя рэагаваць не збіралася. Можна каяцца ў тым, што чалавек здзейсніў. Калі не здзяйсняў, не трэба ісці на падобныя меры, — кажа Пыльчанка.

Максім Знак і Марыя Калеснікава / spring96

Адвакатка і жонка Максіма Знака Надзея Знак расказала, што яшчэ да пачатку судовага пасяджэння ён таксама атрымаў ліст ад КСДС з прапановай напісаць прашэнне на ўключэнне ў спісы аб памілаванні.

 Максім упэўнены ў сваёй невінаватасці, у сваёй недатычнасці да тых дзеянняў, якія паказвае абвінавачанне. І наогул лічыць, што ні змовы, ні экстрэмісцкага фармавання не існавала. Таму крытычна ставіцца да самой ідэі.

Канкрэтных прапаноў аб памілаванні яму не паступала — і не магло, кажа Надзея Знак.

— Паводле нашага заканадаўства гаворка аб памілаванні можа ісці, толькі калі ёсць прысуд, які ўступіў у сілу.

А яго няма і зараз, паколькі абарона і кліенты маюць намер абскардзіць гэты прысуд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.