Прыкапаныя: што адбываецца з мёртвымі расіянамі ва Украіне

Фота носіць ілюстрацыйны характар / Еўрарадыё
Фота носіць ілюстрацыйны характар / Еўрарадыё

Па апошніх звестках міністра абароны Расіі, за час вайны ва Украіне загінула 5937 расійскіх вайскоўцаў. На пачатак верасня журналісты BBC, якія вядуць падлік страт расійскага боку на падставе адкрытых крыніц, заяўлялі пра 6024 загінулыя салдаты і афіцэры. Згодна з афіцыйным Кіевам, на 21 верасня расійская армія страціла 55 110 расіян. А Пентагон яшчэ ў жніўні выказваў меркаванне, што ва Украіне загінулі блізу 80 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Колькі на самай справе загінулых расіян ляжыць ва ўкраінскай зямлі — не ведае ніхто. Але сёння Пуцін абвясціў "частковую мабілізацыю", якая закране яшчэ 300 тысяч расіян з досведам службы ў войску.

Мы публікуем рэпартаж выдання "Спектр" пра тое, як пад Харкавам з-пад зямлі праступаюць целы ў расійскай форме і што адбываецца ва Украіне з мёртвымі расіянамі.

Масавае пахаванне салдат у расійскай форме жыхар украінскага сяла Малая Рагань Аляксей Шапавал знайшоў 8 верасня 2022 года. Малая Рагань — невялікі населены пункт у простай бачнасці Харкава. Гэтае сяло — адзін з крайніх пунктаў, куды расійская армія дайшла ў пачатку вайны і ў канцы сакавіка была выбітая ўкраінскімі сіламі.

Мясцовыя жыхары паўнавартасна вярнуліся да руін сваіх дамоў толькі ў траўні. Да таго пасёлак чысцілі ад трупаў на вуліцы, мін, выбухованебяспечных прадметаў і кінутай зброі. Украінскія сапёры, відавочна, дайшлі не ўсюды: знойдзеныя Шапавалам ледзь прысыпаныя зямлёй целы цяжка не заўважыць, хоць у сакавіку-красавіку пахаванне людзей у расійскай форме, магчыма, было менш прыкметным. Але праз дажджы і час неглыбокая імправізаваная брацкая магіла прасела, агаліўшы трупы.

Карэспандэнт "Спектра" прыехаў на масавае пахаванне расіян 12 верасня, а з'ехаў 14-га, не дачакаўшыся даставання цел — шанцу на гэта не было. Целы могуць быць замінаваныя, такое на гэтай вайне здараецца, таму спачатку пахаванне павінны даследаваць сапёры. Але выяўленне старога, сакавіцкага, расійскага пахавання нікога з украінскіх афіцыйных асоб не зацікавіла. Расійская 138-я асобная гвардзейская мотастралковая Краснасельская ордэна Леніна чырванасцяжная брыгада, падраздзяленне якой ваявала ў гэтым пасёлку ў сакавіку 2022 года, сваімі кінутымі мёртвымі таксама пакуль не цікавілася. Мабыць, не да таго…

Цяпер у Харкаўскай вобласці занадта шмат мёртвых, працягваецца зачыстка вызваленых тэрыторый, збор трафеяў і цел забітых, тых, якія "становяць санітарную праблему" проста цяпер. І гэтая гісторыя са знойдзенай жыхаром Малой Рагані брацкай магілай наглядна паказвае, чаму пахаванняў расійскіх салдат у Расіі на парадак менш, чым заяўленых Украінай прыблізных страт праціўніка.

Прикопанные: что происходит с мёртвыми россиянами в Украине
Парэшткі меркавана расійскага вайскоўца з масавага пахавання расійскіх вайскоўцаў у раёне ўкраінскага сяла Малая Рагань Харкаўскай вобласці, выяўленае мясцовым жыхаром Аляксеем Шапавалам / Дзмітрый Дурнеў / Spektr.Press

Дзе хаваецца розніца?

З сакавіка пад Малой Раганню шмат вады сплыло і ўсё травой парасло — у літаральным сэнсе гэтага слова. У ходзе вясновых баёў за Харкаў групу забітых людзей у расійскай вайсковай форме, хутчэй за ўсё, у спешцы закідалі зямлёй і нават кінулі кароткую вайсковую рыдлёўку побач. Потым на гэтай зямлі вырасла і пажоўкла трава.

Трупы ляжаць пад зусім тонкім пластом зямлі і травы, на паверхні — ногі ў берцах з чырвонымі шнуркамі, чыйсьці грунтоўна высахлы падстрыжаны барадаты твар, асобна з зямлі тырчыць чыясьці валасатая макушка, з падраных або спарахнелых тактычных пальчатак віднеюцца пальцы. У сярэдзіне пахавання бялеюць страшнай усмешкай сківіцы з белымі зубамі. На закапаных — расійская вайсковая форма, прадметы амуніцыі. З краю барадаты мярцвяк апрануты ў нешта падобнае колерам да двухбаковай формы армейскай разведкі — яе ўзвод першым заскокваў у сяло 13 сакавіка.

Баі вакол Малой Рагані ішлі і да 13 сакавіка, але значна ніжэй у "пасадцы смерці" каля суседняй "вялікай" Рагані — у раёне трасы Харкаў — Кіеў, дзе ўкраінская артылерыя метадычна і шмат разоў накрывала пазіцыі расійскага войска. У самай Малой Рагані расіяне пратрымаліся роўна два тыдні, да 27 сакавіка, але пакінулі пасля сябе багатыя матэрыяльныя сляды і памяць.

Ледзь прысыпаных зямлёй салдат склалі ў даволі спецыфічным месцы: праз "бетонку" насупраць — старыя могілкі, а дзесяццю метрамі ніжэй — бетонныя ачышчальныя збудаванні вёскі Малая Рагань. Целы не знайшлі раней, бо каналізацыя, відаць, забівала трупны пах. Да таго ж вакол вёскі ў сакавіку ішлі цяжкія баі: сельскагаспадарчыя пасадкі вакол проста засеяны мінамі, кулямі і снарадамі. Людзі да гэтага часу нарыхтоўваюць сухастой для печак з вялікай асцярожнасцю, у шматкроць правераных сапёрамі месцах. І магчыма, вясной целы былі схаваныя надзейней, але час і дажджы асадзілі пласт зямлі.

Прикопанные: что происходит с мёртвыми россиянами в Украине
Масавае пахаванне расійскіх вайскоўцаў у раёне ўкраінскага сяла Малая Рагань Харкаўскай вобласці, выяўленае мясцовым жыхаром Аляксеем Шапавалам / Дзмітрый Дурнеў / Spektr.press

За 50 метраў вышэй брацкай магілы размешчаны прыпынак грамадскага транспарту. Ад аўтобусаў пасля працы абыякава брыдуць стомленыя людзі. "Ды ніхто з мясцовых не ведае, што тут рускія ляжаць! — тлумачыць журналісту Аляксей Аляксеевіч Шапавал. — Я толькі вайскоўцам патэлефанаваў, і вось вы зараз прыехалі, а так яны непрыкметныя..."

Аляксею Аляксеевічу ўжо шмат гадоў, са здароўем не ладзіцца, перасоўваецца з палкай у руках, кульгаючы. Але ў сакавіку 2022 года ён адзін са сваёй сям'і застаўся ў роднай хаце і выратаваў яе ад пажару. Уся вуліца Стадыённая, дзе ён жыве, — разбітая; ацалелі, як ні дзіўна, толькі два крайнія дамы. Менавіта з-за іх выскоквалі метраў на 15 на пагорак да прыпынку танкі, каб зрабіць чарговы стрэл па Харкаве і адысці пад прыкрыццё дамоў.

Малая Рагань будавалася ў 1989 годзе, часы былі цікавыя — мясцовым даступныя былі бетонныя будаўнічыя блокі і бетонныя пліты мінімум у 30 сантыметраў таўшчынёй. З такіх матэрыялаў тут сцены, падвалы і перакрыцці. Таму дамы цалкам не выгаралі: як правіла ад пажараў цярпеў паверх, а жалезабетонныя пліты не пускалі агонь далей. Але самыя крутыя збудаванні тут — падвалы: глыбокія і надзейныя. У Аляксея Шапавала і яго зяця Сяргея Уса ўся сям'я ў падвале перажыла прамое траплянне снарада, ён сам тут выжываў даўжэй за ўсіх. Тут жа хаваліся да пары да часу пара расійскіх салдат.

Да Шаповала і яго зяця 13 сакавіка ў двор спачатку заехала расійская вайсковая выведка, потым — звычайнае вайсковае падраздзяленне. Сляды яго захоўваюцца ўсюды — на абабітай бранёй ашалёўцы дома, праціснутай танкам сцяне стайні, раздушаных варотах, аўтамабілях, клумбах з кветкамі каля плота…

"Яны ў Сірыі былі раней, тэхніка ў іх была перафарбаваная ў зялёны, — расказваюць пра "гасцей" Аляксей Шапавал наперабой з зяцем Сяргеем. — Вароты мы паставілі ўжо новыя, а там далей вунь ляжаць швелеры ад старых, укачаныя танкамі; вось пляму бачыце на сцяне — гэта яны, а яшчэ падоўжны мур стайні ссунулі. Гэта ён танкам упёрся, такія вось кіроўцы! [Шэўрале] "Ланас" унука ў блін раскаталі, машыну зяця [Дэу] "Нубіру" разбілі таксама, толькі мая [ЗАЗ] "Таўрыя" ў гаражы ацалела. А яны тут у нас за дамамі хаваліся!"

Правёўшы першыя суткі баёў у падвале, зяць і ўсе жанчыны з дзецьмі сышлі тады паміж шматлікімі расійскімі танкамі па вуліцы ў далёкі край вёскі. Самы стары сямейнік застаўся: ён з палкай не мог хутка перамяшчацца і яшчэ спадзяваўся нешта захаваць з маёмасці. Як жартуе Аляксей Шапавал, ён са "старшых афіцэраў" — старшы лейтэнант запасу, выпускнік Васількаўскага ваеннага вучылішча авіяцыйных тэхнікаў, да 1983 года рыхтаваў да палётаў найноўшыя тады бамбардзіроўшчыкі СУ-24. І знойдзены рускімі салдатамі яго выпускны альбом ваеннага вучылішча выратаваў яму жыццё, лічыць пенсіянер.

Прикопанные: что происходит с мёртвыми россиянами в Украине
Аляксей Шапавал, які знайшоў масавае пахаванне вайскоўцаў у расійскай форме пад Малой Раганню / Дзмітрый Дурнеў / Spektr.press

У астатнім, па яго словах, усё было стандартна: "Парабавалі, вядома!" Характэрны выпадак. У часе ўкраінскага абстрэлу расійскія вайскоўцы падпалілі ў суседнім агародзе аўтацыстэрну з салярай, каб стварыць дымавую заслону. Аляксей Аляксеевіч змагаўся з агнём, здолеў перашкодзіць яму перакінуцца на дом дачкі і зяця, а салдаты ў гэты час займаліся сваёй баявой работай: пад прыкрыццём дыму іх танк выскокваў міма на лінію агню.

Расійскія салдаты не казалі мясцовым, як называецца іх часць, не называлі сваіх прозвішчаў. Але нешта ўсё ж расказвалі. У падвале з гаварлівым старым з вайсковых пенсіянераў сядзелі баец з Тувы і славянін Сяргей, у якога сваякі жонкі жылі ў Кіеве. Яшчэ дзеду запомніўся баец Павел, які казаў, што ён айцішнік з Белгарада і незразумела чаму падпісаў кантракт. Усе салдаты былі трэці тыдзень на марозе ў гумовых ботах, іх ногі жахліва гнілі, у Сяргея пагрузкай снарадаў была "сарваная" спіна. Яны ўсе пакутавалі — іх лекар пакінуў часць і ўцёк з сяла. Пры гэтым для вядзення баявых дзеянняў на вуліцы Стадыённай у дамах у вайскоўцаў было ўсё: і танкі, і тылавыя службы, і медсанчасць, і штаб. Дагэтуль па вёсцы валяюцца аскепкі, малакаліберныя снарады, кулі і незапоўненыя вайсковыя медыцынскія кніжкі з папсаванымі дажджамі чарнільнымі штампамі.

Прикопанные: что происходит с мёртвыми россиянами в Украине
Сяргей Ус дэманструе кінутыя вайсковыя медыцынскія кніжкі каля дома, дзе размяшчалася медыцынская часць расійскіх вайскоўцаў / Дзмітрый Дурнеў / Spektr.press

Вывазу забітых Аляксей Аляксеевіч не заўважыў.

"Не было нічога! — расказвае "Спектру" Аляксей Шапавал. — Таварыша [іх] забілі, я ў іх пытаўся: "А дзе пахавалі?" — у адказ была цішыня... Калі ў іх лекар уцёк, яны ж без лекара тут былі — ну хто пра іх тут клапаціўся? Усе ў гумовых ботах, у гэтага Сяргея пальцы ўсе бінтамі закручаныя, прапалі ад грыбка, спіна сарваная. Я яму казаў, што ў яго ног ужо няма і спіны таксама няма — хто яго там дома цягаць пасля вайны будзе?"

Салдат Сяргей са сваякамі ў Кіеве якраз і выявіў у доме зімовыя боты ўнука Шапавала патрэбнага яму 42 памеру, якія сушыліся, — і забраў іх сабе. Гэтыя боты з памятнымі прыкметнымі падэшвамі пенсіянер выглядваў на трупах захопнікаў "у пасадках" усе гэтыя месяцы — шукаў "сваіх" забітых.

Як лічыць старшы лейтэнант запасу Шапавал, няшмат хто з яго гасцей вярнуўся дадому жывым. Танк украінскія вайскоўцы накрылі ў агародзе, і ён падарваўся разам з боекамплектам і экіпажам. Тувінца нейкага знайшлі ў вёсцы і пахавалі ўкраінцы — калі меркаваць па тэксце на фанернай шыльдачцы на магіле, дзе загінулага называюць "акупантам" і напісана яго імя: "Намчал Артыш Чедыроолович".

Побач з домаўладаннем Аляксея Шапавала ў стандартным бетонным водаправодным калодзежы ўкраінскія сапёры знайшлі два кінутыя трупы расійскіх салдат. Вечка калодзежа было прыціснутае двума блокамі з цаглянага мура — мабыць, з дапамогай танка. Звычайныя мужчыны такія вялікія блокі варочаць не маглі. Яшчэ адно цела было прыкапана ў суседзяў. Мёртвых расіян мясцовыя сталі знаходзіць, адразу як вярнуліся.

Вуліцай ніжэй жыве дзед Міхаіл. Да яго неяк прыходзілі расійскі падпалкоўнік з двума салдатамі азіяцкай знешнасці. Афіцэр быў паранены і папрасіў нейкіх бінтоў або тканіны для перавязкі. Потым гэтага падпалкоўніка мёртвым знайшлі ў сажалцы, яго цела таксама забралі кудысьці "ў рэфрыжэратары, у абменны фонд". Усяго вакол кароткай вуліцы Стадыённай знайшлі 11 цел расійскіх вайскоўцаў, з якіх толькі двое былі забітыя, відаць, у апошні дзень. Яны ляжалі на дарозе з белымі павязкамі на рукавах, а астатнія былі неяк схаваныя, прыкапаныя, не валяліся проста так…

Пад Малой Раганню расійскія часці не былі ў абкружэнні, пасля яе далей да расійскай мяжы ідуць адно за адным сёлы — Альхоўка, Саракоўка і Ліпцы. Да РФ усяго 60-80 кіламетраў. Але сваіх мёртвых у Расію чамусьці вывозіць расіяне не сталі. З Малой Рагані, па словах мясцовых жыхароў, 27 лютага выехала калона ўсяго з чатырох баявых машын — большую частку людзей і тэхнікі акупанты пакінулі на месцы баёў.

Прикопанные: что происходит с мёртвыми россиянами в Украине
Масавае пахаванне расійскіх вайскоўцаў у раёне ўкраінскага сяла Малая Рагань Харкаўскай вобласці, выяўленае мясцовым жыхаром Аляксеем Шапавалам / Дзмітрый Дурнеў / Spektr.press

Дзве расійскія баявыя машыны з Малой Рагані прынялі ўдзел у "парадзе" разбітай тэхнікі на Крашчаціку ў сёлетні ўкраінскі Дзень незалежнасці, 24 жніўня. Трэцім ад сяла там павінен быў быць знакаміты танк з агарода Аляксея Шапавала, але яго боекамплект разарваў баявую машыну асаблівым чынам — дно ператварылася ў своеасаблівы "плуг", які ўваткнуўся ў чарназём. Гэта не дазволіла выцягнуць корпус да дарогі, да адляцелай вежы. А знакамітым гэты танк стаў, паколькі ў яго ў інструментальнай скрыні ляжалі цыбуля з бульбай і з танка па агародзе разляцеліся "цывільныя" прыстойныя дрылі і іншы добры крадзены інструмент.

Усе дамы вакол разбітыя, на ўчастку ў дзеда Шапавала і яго зяця з дачкой дамы ацалелі, але іх дахі і вокны моцна пабітыя. Дахі ўжо залатаныя брэндаванай поліэтыленавай плёнкай міжнародных арганізацый, і бясплатныя пластыкавыя вокны ўжо атрыманы, хутка новыя ўстаўляць будуць. "У мяне вакол дома нашы з Харкава тры баявыя машыны разбілі і аўтацыстэрну з сямю тонамі дызелю, так што я не крыўджуся — мы разлічыліся!" — падсумоўвае Аляксей Аляксеевіч Шапавал свае рахункі з расійскім войскам. Боты ўнука ён, праўда, пакуль не знайшоў. Можа быць, салдат Сяргей і выжыў, а можа — ляжыць у якім-небудзь ніжнім шэрагу той самай брацкай магілы. Колькі там шэрагаў забітых салдат, зразумець пакуль немагчыма: целы могуць быць і замінаваныя, ніхто ў пахаванне да прыезду кампетэнтных людзей лезці не хоча і не будзе.
 

Што звычайна адбываецца з загінулымі ва Украіне расійскімі вайскоўцамі?

Пра мёртвых салдат у расійскай форме Аляксей Шапавал паведаміў знаёмаму вайскоўцу — "ён тут займаўся тэхнічнымі пытаннямі". Афіцэр харкаўскага гарнізона Дзяніс (ён папрасіў называць яго толькі так, спаслаўшыся на рызыкі ваеннага часу) займаецца спецыфічнай справай: ён, чалавек з інжынернай адукацыяй, да поўнамаштабнага ўварвання Расіі працаваў у фірме, звязанай з абаронай, а цяпер на палях баёў уважліва вывучае шматлікія трафеі. Гэта значыць, адразу пасля баёў усё, што страляе і спраўнае, забірае войска, а потым едуць такія вось украінскія афіцэры, якія аглядаюць кінутае на прадмет наяўнасці яшчэ цалкам працаздольных механізмаў, вузлоў і запчастак. "Наша войска вельмі паразумнела з 2014-га", — сказаў мне неяк знаёмы з першага года вайны данчанін. Гэты харкаўскі Дзяніс для мяне — адзін з сімвалаў раптоўнага прыходу ва УСУ мноства добра адукаваных цывільных.

Акрамя збору тэхнікі ён займаецца ўсімі спадарожнымі пытаннямі — целамі ворагаў, атрымліваецца, таксама. "На іх звычайна няма шаўронаў, усё звычайна знята, максімум вісіць стандартны шаўрон — "Расія", — тлумачыць спецыфіку такіх знаходак "Спектру" Дзяніс. — Гэта значыць, з грудзей шаўроны з імем і надпісам: "Узброеныя сілы Расіі" — часцей за ўсё знятыя таксама". Знакаў адрознення звычайна няма, працягвае ён, але на пагоне можа быць белая павязка невялікая — гэта старшы склад, не радавы: "Прычым могуць быць як сяржанты, так і афіцэры, але ў афіцэраў часам пагоны здымаюцца, а часам проста пераварочваюцца — гэтая белая стужачка маркіроўка "старшых" для сваіх".

"Потым бачым іншыя элементы — ланцужкі, грошы, вельмі часта ў кішэнях шмат украінскіх манет — незразумела навошта ім яны, на калекцыю? — дзівіцца Дзяніс. — Мабільныя тэлефоны, маленькія гаджэты — на 90 адсоткаў "аджатыя" ў мясцовага насельніцтва. Часам можна знайсці расійскую SIM-карту, а вось пасведчання асобы я не сустракаў. На месцах стаянак заўсёды шмат ровараў, а яшчэ бытавая тэхніка: мультываркі, кавамашыны, фотаапараты, усякая дробязь — мабыць радавы склад набірае. Ну і разнастайным чынам абвязваюць сябе "каларадскімі" стужачкамі — тут поўная разнастайнасць! Пры ўсім пры гэтым у маёй практыцы атрымліваецца ідэнтыфікаваць не больш за 10 адсоткаў загінулых расіян".

Дзяніс нам аказвае неацэнную паслугу: зводзіць у Харкаве з вельмі занятым чалавекам — афіцэрам Антонам з пазыўным Юрыст. Антон — афіцэр службы цывільна-вайсковага супрацоўніцтва, так званы "Цымік" (CIVIL-MILITARY CO-OPERATION — CIMIC — Упраўленне вайскова-цывільнага супрацоўніцтва створана ва УСУ ў 2014 годзе па стандартах НАТА). Менавіта Юрыст адказвае за збор цел праціўніка на Харкаўскім напрамку. Цяпер ён вельмі загружаны, гаворыць максімальна коратка, хутка — для кароткай гутаркі "Спектр" лавіў яго двое сутак.

"Мы займаемся непасрэдна працэсам збору цел, фіксуем тое, што рускі салдат загінуў на тэрыторыі нашай краіны, і далей гэтыя целы ідуць на працэс абмену, — тлумачыць свае абавязкі Антон. — Самім абменам займаюся не я, мая задача ўсё сабраць, правесці па працэдуры згодна з пастановай Кабінета міністраў Украіны і адправіць далей на абмен".

— Вы ўжо збіралі целы расіян у Малой Рагані?

— Так, вядома, мы там вясной збіралі целы. Там была Краснасельская 138-я брыгада, горад Каменка, Выбаргскі раён Ленінградскай вобласці.

— Які будзе лёс у гэтых выяўленых цел?

— Такі самы, як і ва ўсіх астатніх.

— Іх у мінулы чацвер выявілі, і яны вось ужо тыдзень ляжаць…

— Паверце, яны ўжо нікуды не ўцякуць, яны паляжаць яшчэ роўна столькі, колькі спатрэбіцца, пакуль у мяне не вызваліцца час на тое, каб іх забраць.

— Гэта значыць, гэта не справа паліцыі і яшчэ нейкіх органаў, проста прыедзе ваша група і зробіць эксгумацыю?

— Гэта не эксгумацыя, эксгумацыя — гэта юрыдычны працэс, ён адбываецца, калі цела ўжо было апісана, пахавана, была выдадзена даведка аб смерці і ў пэўным месцы ёсць магіла. А ў гэтым выпадку будзе проста працэс адбірання цел.

— Вы пры гэтым нешта знаходзіце? Салдацкія медальёны, напрыклад, застаюцца на целах расійскіх салдат або часцей за ўсё не?

— 15 адсоткаў знойдзеных можна неяк ідэнтыфікаваць, усё астатняе — не. Галоўная прыкмета пры ідэнтыфікацыі — наяўнасць рускай формы на трупе.

— А па якіх прыкметах гэтыя 15 адсоткаў ідэнтыфікуюць?

— Наяўнасць любых дакументаў: пашпарты, крэдытныя карткі, даведкі пра вакцынацыю супраць Covid-19, любыя дакументы... Шаўроны з прозвішчам на грудзях, смяротныя жэтоны, запіскі бацькам, блізкім, проста лісты — усё!

— Але чаму толькі 15 адсоткаў? У расійскіх салдат не прынята насіць жэтоны на шыі?

— Растлумачу чаму. Па-першае, жэтоны забіраюць свае ж з дакументамі, каб гэтага вайскоўца нельга было аднесці да нейкай пэўнай брыгады.

— Чаму?

— Не хочуць, каб ведалі, што менавіта гэтая брыгада тут была, ці не хочуць, калі ўжо гэтая канкрэтная брыгада была, пакідаць інфармацыю пра яе склад, колькасць вайскоўцаў, страты. Толькі таму.

— Але ад 138-й брыгады нешта ўсё ж засталося?

— Так, шаўроны знаходзілі Краснасельскай... Плюс вельмі шмат дакументаў было кінута ў сяле аж да імянных спісаў. Усё гэта трапляе ў кампетэнтныя органы, якія далей разглядаюць сам працэс знаходжання кожнага канкрэтнага падраздзялення на нашай тэрыторыі для стварэння агульнай карты, фіксуюць доказы для Міжнароднага суда.

Прикопанные: что происходит с мёртвыми россиянами в Украине
Кінутыя целы расійскіх салдат каля вёскі Альхоўка, красавік 2022 года, фота перададзена афіцэрам харкаўскага гарнізона Дзянісам

— А куды звозяць целы, якая працэдура?

— Звозяць усіх у пэўнае месца Харкава, дзе, паводле працэдуры, праводзіцца агляд цела, фота- і відэафіксацыя, устанаўліваецца прыналежнасць да гэтага цела нейкіх ідэнтыфікатараў. Пасля гэтага камісія адпраўляе цела на рэфрыжэратар, і далей яно ўдзельнічае ў абменах.

— Шмат цел вы сабралі вясной пад Харкавам?

— Вядома. Асабіста я сабраў больш за 130 цел.

— Астатняе адразу збірае войска?

— Я не пошукавік, я частка войска. Расіяне больш страцілі, але некаторыя прыкапаныя, як тыя, што вы знайшлі, — час прайшоў, зямля крыху асунулася і мы іх бачым. І не заўсёды атрымліваецца знайсці канчатковага чалавека — таго, хто закопваў гэтыя целы, або нашых байцоў, якія іх таксама закопваюць. Працэс займае і месяц, і два, а потым яны выпадкова знаходзяцца. Плюс расіяне частку цел забіраюць, плюс ёсць сведчанні, што ў іх былі перасоўныя крэматорыі. Ну і шмат яшчэ мы цел знойдзем па Харкаўскім кірунку з часам, і па іншых кірунках таксама…

— Як вы экіпіраваныя? У вас ёсць рэфрыжэратар, яшчэ нешта?

— Я экіпіраваны як любы наш вайсковец: бронекамізэлька, каска, аўтамат. Мы таксама ўдзельнічаем у боесутыкненнях у зонах, дзе ідуць актыўныя баявыя дзеянні. Ды яшчэ ў нас ёсць і рэфрыжэратар, і машыны, якія ездзяць з намі забіраць гэтыя целы.

— А калі забяруць і палічаць целы з Малой Рагані, вы разумееце?

— Не, не разумею — у мяне цяпер Балаклееўскі кірунак, Купянскі кірунак, трэба сабраць тых, хто ляжыць і пахне цяпер, замінаючы нам і мірнаму насельніцтву. Сабраць, а не шукаць іх потым праз месяц-два, гэтаксама як я шукаў усіх астатніх вясной у тым жа раёне Малой Рагані. Цяпер "цымікі" ў брыгадах сігналізуюць, дзеляцца інфармацыяй пра целы, якія ляжаць у розных месцах.

— Вы разумееце, колькі іх там?

— Скажам так, вакол Балаклеі іх нашмат больш за сотню. Канкрэтную лічбу, пакуль не скончыліся баявыя дзеянні, не магу сказаць, там яшчэ ідуць боесутыкненні. І такія самыя многія сотні ляжаць на Купянскім, Ізюмскім кірунках, усюды яны цяпер ёсць, і ўсюды сотні... Калі гэта скончыцца, усё збярэцца, апішацца, абмяняецца — можа, і з'явяцца якія-небудзь дакладныя лічбы. Неяк так…

Гэта не проста праца, гэта самая важная праца, якую трэба рабіць, — каб мама магла пахаваць свайго сына! Нашага пацана... І дзякуючы гэтым усім... сабраным... я памяняю потым нашых пацаноў.

P.S.

"17 чэрвеня 2022 года Кабінетам міністраў Украіны была прынятая пастанова №698 пра "Некаторыя пытанні забеспячэння адабрання, перадачы і рэпатрыяцыі цел (парэшткаў) асоб, якія загінулі (памерлі) у сувязі з узброенай агрэсіяй супраць Украіны", — тлумачыць "Спектру" Дзяніс Далінскі, юрыст у сферы міжнароднага гуманітарнага і крымінальнага права Ukrainian Legal Advisory Group. — Варта адзначыць, што гэтая пастанова цалкам адпавядае нормам міжнароднага гуманітарнага права, а менавіта артыкулу 15 Жэнеўскай Канвенцыі I, якая рэгламентуе працу з целамі загінулых камбатантаў, і артыкула 34 Дадатковага пратакола I, якім рэгулюецца абыходжанне з целамі ўсіх загінулых, у тым ліку грамадзян Украіны, замежных грамадзян. Усіх, акрамя камбатантаў. Асобна адзначу, што канвенцыі не рэгулююць тэрмін пахавання або часу ідэнтыфікацыі цела. Там гаворыцца, што пры магчымасці, вядома, гэта трэба зрабіць як мага хутчэй".

Працэс абыходжання з целамі ворагаў сапраўды апісаны і падрабязна рэгламентаваны ў 14 пунктах пастановы Кабінета міністраў Украіны.

Калі коратка, то ў ёй гаворыцца, што целы павінны быць па магчымасці ідэнтыфікаваныя, кожнаму прысвойваецца ўнікальны код згодна з парадкам, усталяваным Міністэрствам аховы здароўя. Кожнае цела потым праходзіць судова-медыцынскую экспертызу з заборам матэрыялу для медыка-генетычнага аналізу. Цела пакуецца ў мяшок або кантэйнер, пад тым жа нумарам герметычна пакуюцца ўсе рэчы, знойдзеныя пры загінулым. Вопіс гэтых рэчаў складаецца ў двух экзэмплярах і захоўваецца ў Нацыянальнай паліцыі Украіны і мясцовай адміністрацыі, там, дзе знайшлі цела.

Каб усе мамы змаглі пахаваць сваіх сыноў…

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі