Прэзентацыя на Еўрарадыё: “Ты рядом со мной” Змітра Бохана (слухаць)

У складзе каманды Змітра Бохана “засвяціліся” добра вядомыя па іншых беларускіх праектах музыкі ― Павел Трацяк (гітара, аранжыроўкі), Алесь Францішак Мышкевіч (бас), Ігар Ляўчук (флейта) ды іншыя.

Як распавёў Еўрарадыё сам аўтар праекта, пісаць песні ён пачаў даўно, але ідэя мець уласную пласцінку нарадзілася пасля знаёмства з Паўлам Трацяком, які і дапамог музыку з аранжыроўкамі.

У альбом пад назвай “Ты рядом со мной” увайшлі 10 песень. Свой стыль музыкі акрэсліваюць як поп-рок, а асноўная тэматыка кампазіцый пласцінкі ― каханне.

“Гэта і песні пра блізкіх людзей, і песні пра вайну, і пра адлегласці, ёсць песня-прысвячэнне Ганне Герман, ― распавядае Зміцер. ― А, напрыклад, песню “Лестница” я напісаў пасля нечаканага знаёмства з бяздомным. Гэтым альбомам я хацеў сказаць, што дзе б мы ні знаходзіліся, мы ўсё адно адчуваем адзін аднаго, нягледзячы на адлегласці. І на ўзроўні эмоцый і інтуіцыі падтрымліваем адно аднаго”.

Запіс альбома адбываўся на студыі “Селах”. Цяпер музыка працуе над другім альбомам, для якога ўжо запісаныя 6 песень:

“У новай пласцінцы канцэпцыя крыху зменіцца, але не значна. Дакладна застануцца моцныя гітары і флейта ― мне вельмі спадабаўся гэты інструмент”.

Напрыканцы месяца Зміцер Бохан зладзіць канцэрт у падтрымку пласцінкі. Месца і дата імпрэзы будуць аб’яўленыя неўзабаве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі