Праваабаронцу хацелі затрымаць за намер наведаць сабор на Раство

Праваабаронцу хацелі затрымаць за намер наведаць сабор на Раство

У Мінску 7 студзеня спрабавалі затрымаць юрыстку і праваабаронцу Тамару Сяргей. Супрацоўнікі сілавых структураў вінавацілі яе ў спробе трапіць на закрытае мерапрыемства, хаця жанчына толькі хацела зайсці ў царкву падчас рэлігійнага свята.

У каментары газеце "Новы час" Сяргей распавяла, што каля 12-й гадзіны ішла ў Свята-Духаў кафедральны сабор. Каля царквы яна пабачыла, што падыходы перакрытыя металічнымі бар’ерамі, каля якіх стаяць міліцыянты ў форме і невядомыя ў цывільным.

Сяргей падышла да бар'ераў і даведалася ад аховы, што да 13-й гадзіны допуск у сабор адбываецца толькі па запрашэннях. Не трапіўшы ў царкву, юрыстка пайшла ў бок метро. "Аднак перад турнікетам метро мяне дагналі два невядомыя ў цывільным. Яны патрабавалі прайсці з імі. На маё пытанне “У чым справа?” мне заявілі, што я жадала прайсці на закрытае мерапрыемства", — распавядае жанчына.

Сяргей патлумачыла, што збіралася прайсці ў сабор, а не на закрытае мерапрыемства. Справа вырашылася, толькі калі да іх далучыўся трэці незнаёмы ў цывільным, які назваўся капітанам міліцыі Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінгарвыканкама Русланам Мысліўцом. Азнаёміўшыся здакументамі жанчыны, капітан міліцыі папрасіў у яе прабачэння.

Толькі дома Тамара Сяргей даведалася з інтэрнэту, што акурат у той час у калядным богаслужэнні ў Свята-Духавым саборы прымаў удзел Аляксандр Лукашэнка са сваім малодшым сынам Мікалаем у суправаджэнні патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла.

Фота: novychas.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі