Вы тут

Праваабарончая арганізацыя "Платформа" аднавіла сваю дзейнасць

Фота: svaboda.org

У Беларусі аднавіла сваю дзейнасць праваабарончая арганізацыя "Платформа". Яна атрымала афіцыйную рэгістрацыю як прыватная інфармацыйная ўстанова "Нью Платформ інавэйшн". Заснавальнікам і дырэктарам арганізацыі з'яўляецца праваабаронца Андрэй Бандарэнка

У каментары Радыё "Свабода" Бандарэнка распавёў, што арганізацыю не хацелі рэгістраваць у Мінску і на яго імя. Таму яе спярша зарэгістравалі ў Гомелі на іншага чалавека, а потым перарэгістравалі на Бандарэнку і перавялі ў сталіцу. 

Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці "Платформы" будзе абарона правоў асуджаных і асобаў, якія сутыкнуліся з жорсткім, бесчалавечным абыходжаннем у месцах пазбаўлення ці абмежавання волі. Другі напрамак — гэта праект "Грамадзянскі кантроль", дапамога грамадзянам у рэгіёнах. 

Арганізацыя размяшчаецца ў Мінску, на вуліцы Веры Харужай, 22, офіс 38. Прадстаўніцтвы арганізацыі ўжо ёсць у Магілёве, Гомелі, Гродне, Бабруйску і Зэльве. 

Нагадаем, што Бандарэнка адбываў пакаранне па абвінавачанні ў злосным хуліганстве. За гэты час яго былая паплечніца Алена Красоўская-Каспяровіч у лістападзе 2015 года скасавала рэгістрацыю папярэдняй арганізацыі "Платформа".