Праслухоўваць беларусаў спецслужбы будуць па ключавых словах

Аператыўна-аналітычнаму цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта працягваюць заканадаўча надаваць функцыі спецслужбы. Следам за магчымасцю рэгуляваць інтэрнэт прэзідэнцкі загад дазволіў цэнтру мець поўны доступ у рэжыме анлайн да абаненцкіх баз беларускіх аператараў сувязі.

Менавіта ў гэтым бачыць сэнс указа прэзідэнта ад 3 сакавіка 2010 года “Палажэнне аб парадку ўзаемадзеяння аператараў электрасувязі з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць”, эксперт у галіне сотавай сувязі Віктар Дашкевіч.

Віктар Дашкевіч: “Гэтаму Аператыўна-аналітычнаму цэнтру трэба было заканадаўча надаць права аператыўнай працы. Вось яны і нададзеныя гэтым указам. І нават папярэдні ўказ аб рэгуляванні інтэрнэта, ён таксама завязаны на гэты Аператыўна-аналітычны цэнтр. Такім чынам, яму паступова надаюцца правы адной са спецслужбаў”.

Паводле ягоных словаў, нічога новага ў тым, што Палажэннем аператар сувязі за кошт уласных сродкаў павінен ажыццяўляць набыццё, усталёўваць, забяспечваць тэхнічнае абслугоўванне і рамонт тэхнічных сродкаў для аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў (САВМ), няма. Усе гэтыя “тэхнічныя сродкі” былі ў аператараў і раней.

Віктар Дашкевіч:
“Гэтае абсталяванне было заўжды. І яно заўжды стаяла на пляцоўцы аператара. І яно заўсёды забяспечвала доступ сілавым структурам да запісу той ці іншай размовы, вядзенне па кантрольных словах адсочванні і гэтак далей”.

Спецыяльнае абсталяванне аўтаматычна рэагуе на ключавыя словы і ўключае запіс вашай размовы па мабільным тэлефоне.

Віктар Дашкевіч:
“Па пэўных ключавых словах, якія кажа абанент сувязі, у кожны момант можа ўключацца сістэма аўтаматычнага запісу яго размоў, ажно да вызначэння яго месцазнаходжання па базавых сетках. Да прыкладу, калі ідзе размова пра нейкія тэрарыстычныя акты, іншыя пытанні, якія патрабуюць хуткага рэагавання праваахоўных органаў для ліквідацыі той ці іншай пагрозы. У гэтым і заключаецца сэнс сістэмы САВМ”.

Такія сістэмы, кажа эксперт, існуюць практычна ва ўсіх краінах свету. Іншае пытанне, у якіх мэтах атрыманыя магчымасці будуць выкарыстаныя.

Віктар Дашкевіч:
“Іншая рэч, якім чынам атрыманая інфармацыя будзе выкарыстоўвацца потым, пазней, падчас працы аператыўных структур. Калі ў аператыўнай дзейнасці — гэта адна справа. Калі гэта будзе выкарыстоўвацца для пераследу нейкага іншадумства, то гэта зусім іншая справа. І ў прынцыпе, да абсталявання самой сістэмы гэта не мае ніякіх адносінаў”.

Яшчэ адна магчымая змена: калі раней запіс размовы прадастаўляць аператыўнікам аператары павінны былі па званку “зверху” альбо па прад’яўленні адпаведнай паперы, то цяпер запіс будзе аўтаматычна перасылацца спецслужбам.

А ў прынцыпе, кажа эксперт, для шараговага абанента аператараў мабільнай сувязі падпісанне гэтага ўказа нічога не змяняе і ніякіх турбот альбо клопатаў не дадае. І калі вы не хочаце, каб вашу размову з каханай не праслухоўвалі агенты спецслужб, не ўжывайце фраз кшталту “ты мая сексуальная бомба”.

Што ж тычыцца законнасці праслухоўвання праваахоўнымі органамі тэлефонаў без адпаведнай санкцыі пракурора, то гэта ім дазволена рабіць у адпаведнасці з прынятымі не так даўно папраўкамі ў закон “Аб аператыўна-вышуковай працы”.  Пэўны час таму старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, упэўніў, што гэта не супярэчыць Канстытуцыі.

Таксама па тэме:

Міклашэвіч: Праслухоўванне тэлефонаў без санкцыі не супярэчыць Канстытуцыі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі