Пракурор просіць для Аляксандра Кныровіча 6 гадоў пазбаўлення волі

Пракурор просіць для Аляксандра Кныровіча 6 гадоў пазбаўлення волі

Пракурор Ала Дудко запрасіла для Аляксандра Кныровіча 6 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе tut.by

Па версіі следства, супрацоўнікі кампаніі "СарматТэрма-Інжынірынг" недаплацілі ў бюджэт 3,374 мільёна рублёў. Падатковую базу нібыта заніжалі праз створаную ў Расіі кампанію-пасярэднік "СТІ-Трэйдынг", аформленую на маці Аляксандра Кныровіча. Дэпартамент фінансавых  расследаванняў КДК абвясціў уяўнымі здзелкі паміж гэтымі кампаніямі. Але фігуранты настойваюць, што сыравіна і прадукцыя з Расіі і ў Расію пастаўляліся ў рэальнасці.

Таксама бізнесоўцаў вінавацяць, што яны давалі хабар супрацоўнікам прадпрыемстваў ЖКГ і энергетыкі за "замоўленыя" біржавыя таргі на пастаўку тэрмаізаляваных труб, якія вырабляла кампанія. Пры гэтым называюцца сумы ў пяць тысяч, адну тысячу, дзесяць тысяч рублёў і бутэлька каньяку.

Як заявіла пракурор, Кныровіч ведаў пра перадачу хабараў, але на судзе пастараўся "мінімізаваць сваю ролю".

У выніку Дудко папрасіла прызначыць Аляксандру Кныровічу 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць распарадчыя пасады на працягу 5 гадоў.

Іншым фігурантам справы пракурор папрасіла меншыя тэрміны пакарання: Максімаву — 4 гады з канфіскацыяй і забаронай на 5 гадоў, Кускову — 3 гады і забарону 5 гадоў займацца прадпрымальніцтвам, Папоўскаму — 4 гады пазбаўлення волі.

Аляксандра Кныровіча і чатырох яго калег затрыманлі ў студзені 2017 года. Да суда яны правялі пад вартай больш за год. Працэс пачаўся толькі сёлета 18 красавіка. Кныровіча вінавацяць ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры і дачы хабару, Папоўскага — у хабары, Максімава і Кускова — у дапамозе ва ўхіленні ад падаткаў. Максімаў і Кускоў сваю віну прызналі цалкам, Кныровіч і Папоўскі — часткова.

Яшчэ аднаго фігуранта справы, Уладзіміра Дашкевіча, будуць судзіць асобна — у сувязі з праблемамі са здароўем. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі