Пракуратура ў Ляхавічах вывучае, ці можна званіць званам у касцёле

Электронныя званы ў Ляхавічах

Электронныя званы ў Ляхавічах / katolik.life

У Ляхавічах тры мясцовыя жыхары пачалі кампанію супраць званоў мясцовага касцёла. Некаторыя нават абвінавачваюць парафію за бой званоў у "распальванні міжканфесійнай варожасці", піша katolik.life.

Каталіцкая парафія святога Юзафа набыла электронныя званы, бо на класічныя неставала сродкаў.

"Паводле рашэння, прынятага на агульным сходзе парафіі, і касцёльнай традыцыі, а 8-й гадзіне стала гучаць мелодыя, якая ўводзіць у курс літургічнага дня (1-2 хвіліны), а 12-й гадзіне — бой званоў, які заклікае да малітвы за памерлых "Анёл Панскі" (да 3 хвілін), а 21-й гадзіне — мелодыя з заклікам да малітвы праз заступніцтва Божай Маці (да 2 хвілін). Таксама бой званоў гучыць за паўгадзіны да святой Імшы (каля 3 хвілін). Такім чынам за цэлы дзень сістэма званоў працуе максімальна 10 хвілін", — адзначае katolik.life.

Але гэта не спадабалася тром мясцовым жыхарам, якія пачалі пісаць скаргі, у тым ліку ў мясцовую пракуратуру. Адным са скаржнікаў аказаўся работнік адміністрацыі раённай лякарні. Ляхавіцкія парафіяне кажуць, што ён прымушаў падначаленых падпісвацца пад калектыўным зваротам, быццам касцёльныя званы перашкаджаюць працы медыкаў. Калі нехта з персаналу адмаўляўся, начальнік абразліва называў іх "пшэчкамі".

У снежні 2023 года раённая санстанцыя замерыла ўзровень шуму ад гукавой сістэмы касцёла і паведаміла парафіі, што ў некаторых кабінетах і палатах лякарні гэты ўзровень нязначна перавышае вызначаныя законам нормы. Ад парафіі запатрабавалі панізіць гук сістэмы.

Але ў парафіі заяўляюць, што ў адпаведнасці з законам гігіенічны нарматыў не распаўсюджваецца на шум, абумоўлены правядзеннем набажэнстваў ды іншых рэлігійных абрадаў і цырымоній у рамках кананічных патрабаванняў канфесій. Таму парафія падрыхтавала свой зварот у раённую пракуратуру з просьбай аднавіць законнасць і абараніць правы мясцовых вернікаў.

У парафіі кажуць, што гук сістэмы паніжалі ўжо тройчы: "Аднак скаржнікаў гэта не задавальняе. Некаторыя патрабуюць зрабіць яшчэ цішэй, хтосьці — увогуле выключыць. Калі яшчэ болей панізіць гук, то званы ўвогуле губляюць сэнс".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі