Вы тут

Пракуратура прапануе ўвесці ў адміністрацыйны кодэкс “грамадскія работы”

Прыборка вуліц у Мінску / sb.by

Генпракуратура прапануе ўвесці ў КаАП новы для Беларусі від адказнасці — грамадскія работы. Пакараны будзе выконваць іх без аплаты ў вольны час, тэрмін можа быць ад 8 да 60 гадзін.

— Сёння такі від спагнання ёсць у Азербайджане, Расіі, Украіне і іншых дзяржавах. У нас гэтая мера адказнасці будзе дзейнічаць за абразу, дробнае хуліганства, дробны крадзеж і іншыя правапарушэнні, расказаў дзяржаўнай газеце “Беларусь сегодня” старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генпракуратуры Уладзімір Крукоўскі. — Адначасова з увядзеннем грамадскіх работ выключаюцца папраўчыя. Цяпер іх ужыванне магчымае толькі пры вызваленні ад крымінальнага пакарання і прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці. На практыцы падобны варыянт ужываецца вельмі рэдка.

Абноўленыя рэдакцыі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях ды Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях пачнуць працаваць ужо з пачатку наступнага года. Акрамя ўвядзення грамадскіх работ, улады плануюць паменшыць максімальны памер штрафаў па 200 артыкулах КаАП. Перагледжаны будзе і максімальны памер штрафу: замест 50 базавых велічынь (на цяперашні момант — 1350 рублёў) ён складзе 30 б. в. (810 рублёў). Тлумачыцца “лібералізацыя” тым, што сёння за адміністрацыйнае правапарушэнне можна атрымаць большае спагнанне, чым за крымінальнае злачынства.

“Лібералізацыя” не закране п’яных аўтамабілістаў: для іх максімальныя штрафы вырастуць са 100 да 200 базавых велічынь.

Пра найбольш актуальны сёння тып адміністрацыйнага спагнання — арышт — прадстаўнік Генпракуратуры нічога не сказаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.