Пракуратура не лічыць патрэбным дазнавацца, хто расстрэльваў людзей

Днямі непадалёк ад Гомеля пачаліся раскопкі масавага пахавання расстраляных людзей. Пахаванне знаходзіцца ў Шчакатоўскім лесе, прыблізна ў кіламетры ад горада. Раскопкі вядзе 52-і спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны. У краязнаўцаў і гісторыкаў гэты факт выклікае здзіўленне: батальён вядзе раскопкі толькі пахаванняў часоў другой сусветнай вайны. Гісторык Ігар Кузняцоў сцвярджае, што ў гэтым месцы НКВД расстрэльвала “ворагаў народу”.

Ігар Кузняцоў: “З дакладнасцю гэта месца ўстанавілі ў 1998 годзе. І там пракуратура праводзіла следства. Але з тых часоў усё было ціха і спакойна, пакуль 52 батальён не пачаў праводзіць раскопкі. Тое, што яны за гэта ўзяліся, можна патлумачыць альбо тым, што гэта спроба ўзяцца за раскопкі даваеннага часу, альбо памылкай. Нібыта, мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што там забівалі апалчэнцаў і партызанаў”.

Гісторык не адмаўляе, што фашысты часцяком растрэльвалі людзей у тых месцах, дзе былі масавыя пахаванні растраляных НКВД. Але гомельскія грамадскія актывісты апытвалі мясцовых жыхароў, і па іх сведчанні, усе расстрэлы ў Шчакатоўскім лесе датуюцца перадваенным часам. Вось што разказаў адзін з актывістаў, Кастусь Жукоўскі.

Кастусь Жукоўскі: “Мы аб’ездзілі ўсё мясцовае насельніцтва. Ёсць людзі, якія кажуць: “Я нічога не скажу”. Баяцца да гэтага часу. Астатнія сцвярджаюць, што з 1932 па 1938 год вазілі туды людзей з усёй Беларусі і нават Украіну чаплялі. Растрэльвалі гадамі. Такія ёсць сведкі”.

Намеснік ваенкама гомельскага ваеннага камісарыята Вадзім Гражэўскі кажа, что ў ваенкамаце толькі склалі заяўку па неабходнасці раскопак у Шчакатоўскім лесе. Раскопкі пачаліся, і далей усё, датычнае гэтай справы, перайшло пад юрысдыкцыю іншых устаноў і арганізацый.

Вадзім Гражэўскі: “У мяне ўжо пыталіся: “Хто тут растрэльваў?” Але ж я ў гэтым не спецыяліст, гэта павінна вызначаць пракуратура. Кажуць, там гільзы знаходзілі. Толькі часта бывала так, што расстрэльвалі паліцаі савецкай зброяй. Таму тут шмат працы для спецыялістаў. Вы ў мяне спытайце па ракетна-артылерыйскім ўзбраенні альбо рабоце ваенкама, магу ўсё сказаць. А тут я не спецыяліст”.

З тым жа пытаннем: “Хто тут расстрэльваў?” Еўрапейскае радыё звярнулася да кіраўніка гомельскай раённай пракуратуры Валерыя Траханава. Як высветлілася, менавіта адказ на гэта пытанне пракуратуру цікавіць менш за ўсё.

Валеры Траханаў
: “Хто?” альбо “Па чыёй віне?”, гэтага пытання ў сувязі з улікам часу мы проста не кранаем. Не з-за таго, што не хочам кранаць мінулае, а проста з-за таго, што няма відавочцаў”.

Гісторык Ігар Кузняцоў кажа, што ў такой справе не абавязкова мець непасрэдных відавочцаў. Дастаткова пераказаў іх слоў нашчадкамі. А такіх людзей мясцовыя актывісты знайшлі дастаткова. Таму Ігар Кузняцоў лічыць, што ўлады хочуць такім чынам змяніць гісторыю і спісаць усе ахвяры камуністычнага рэжыму на злачынствы фашыстаў.

Ігар Кузняцоў: “Гэта тое ж самае, калі адпрацоўвалі версію па Курапатах. Калі спачатку казалі, што там растрэльвалі гамбургскіх габрэяў. Тое ж і тут. Спрабуюць перакласці ўсю віну на вайну, а вайна ўсё спісвае”.

Каб разабрацца, што на захаваннях перадваеннага часу робіць 52-і пошукавы батальён, звярнуліся ў Міністэрства абароны. Вось як патлумачыў сітуацыю кіраўнік прэс-службы Вячаслаў Раменчык.

Вячаслаў Раменчык: “Батальён займаецца раскопкамі ахвяраў войнаў і ўвекавечаннем іх памяці. Але калі падчас такіх раскопак знаходзяць іншыя пахаванні, то раскопваюць і іх. Вось толькі ўстанаўліваць, хто растрэльваў, не ўваходзіць ў кампетэнцыю ні 52-га батальёна, ні Міністэрства абароны”.

Вырашаць, дзе рабіць перазахаванне, будзе гомельскі райвыканкам. Толькі да гэтага часу не зразумела, каго будуць хаваць – ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў альбо фашысцкіх зверстваў?


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі