Вы тут

Пракапеня дыстанцуецца ад Гуцарыева. Прыгадваем гісторыю іх бізнесу і сяброўства

Міхаіл Гуцарыеў і Віктар Пракапеня / інстаграм Пракапені

IT-бізнесмен Віктар Пракапеня праз PR-дырэктара сваёй крыптабіржы Currency.com папрасіў Еўрарадыё змяніць тэксты двух артыкулаў пра інвестыцыі Пракапені і сям'і Гуцарыева ў IT-стартапы.

Падставай стала тое, што ў артыкулах разам з кампаніяй VP Capital і Пракапенем згаданы інвестфонд Larnabel Enterprises і расійскі бізнесмен Міхаіл Гуцарыеў альбо сям'я Гуцарыевых. Да нас звярнуліся з просьбай выправіць "недакладнасць": нібыта Larnabel Enterprises належыць не Міхаілу Гуцарыеву і не "сям'і Гуцарыевых", а толькі сыну алігарха Саіду Гуцарыеву.

Усё гэта выглядае як спроба зачысціць інфармацыйную прастору ад сумесных згадак Міхаіла Гуцарыева і Віктара Пракапені, а таксама дыстанцыяваць санкцыйнага расійскага алігарха ад шэрагу сямейных праектаў.

Некалькі гадоў таму Пракапеня праз сваіх прадстаўнікоў ужо прасіў розныя медыя выправіць альбо выдаліць навіны пра яго затрыманне ў Беларусі і амаль дзесяць месяцаў у СІЗА.

Нагадаем, што ў чэрвені 2021 года Міхаіл Гуцарыеў увайшоў у санкцыйны спіс Еўрасаюза праз тое, што ён "даўні сябар прэзідэнта Беларусі Лукашэнкі і дзякуючы гэтаму назапасіў значнае багацце і ўплыў сярод палітычнай эліты".

Еўрарадыё вырашыла ўспомніць гісторыю дружбы і бізнесу Міхаіла Гуцарыева і Віктара Пракапені.
 

Ці сапраўды Міхаіл Гуцарыеў не мае дачынення да VP Capital і Larnabel Enterprises?

Прадстаўнік кампаній Currency.com і Capital.com Віктара Пракапені звярнуўся ў Еўрарадыё з просьбай "выправіць недакладнасць": нібыта інвестар згаданых праектаў — гэта "інвестфонд Larnabell Ventures Саіда Гуцарыева, які ёсць 100% уладальнікам кампаніі, усе астатнія сямейнікі дачынення да праектаў не маюць".

Паколькі кампанія Larnabell Ventures зарэгістраваная на Кіпры, то звесткі пра ўладальнікаў кампаніі закрытыя. Еўрарадыё былі дадзены выпіскі з рэестра юрыдычных асоб за 2016 год (калі кампанія была заснавана) і 2021 год. Згодна з імі — 100% уладальнікам Larnabell Ventures з моманту яе заснавання быў і ёсць сын Міхаіла Гуцарыева — Саід.

Саід Гуцарыеў стаадсоткавы ўладальнік кампаніі Larnabell Ventures

Але ці сапраўды "астатнія сямейнікі дачынення да праектаў не маюць"? Вось урывак з прэс-рэліза кампаніі VP Capital пра тое, што Larnabell Ventures сумесна з імі інвестуе 100 мільёнаў долараў. І там згадваецца, што Міхаіл Гуцарыеў — старшыня савета дырэктараў Larnabell Ventures.

Міхаіл Гуцарыеў — старшыня савета дырэктараў Larnabell Ventures

У яшчэ двух прэс-рэлізах VP Capital пра сумесныя інвестыцыі з Larnabell Ventures у розныя тэх-стартапы згадваецца, што апошняя — "кампанія сям'і Гуцарыевых".

Кампанія сям'і Гуцарыевых

А на афіцыйным сайце інвесткампаніі Пракапені VP Capital у прэс-рэлізах пра сумесныя інвестыцыі з Larnabel Enterprises пра апошнюю пісалася як пра "інвестыцыйны фонд сям'і Гуцарыевых". Цяпер там усё заменена на Саіда Гуцарыева.

Larnabel Enterprises — інвестыцыйны фонд сям'і Гуцарыевых

Знаёмства Міхаіла Гуцарыева і Віктара Пракапені

У 2018 годзе Міхаіл у інтэрв'ю TUT.by расказаў гісторыю свайго знаёмства з Віктарам Пракапенем. Аказалася, што звёў іх экс-міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў:

"Гэта адбылося зусім выпадкова. Нас пазнаёміў экс-міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, які працуе дарадцам у "РусНафце". Ён, дарэчы, нам вельмі моцна дапамог на перамовах у Кітаі [па крэдыце для "Слаўкалія"]. Мартынаў ведае Кітай, ведае амбасадара, ведае англійскую мову. Ён сказаў мне, што ёсць знаёмы хлопец, вельмі таленавіты. "Пагавары з ім", — папрасіў Мартынаў. Мы перагаварылі. Так і пачаліся нашы адносіны".

Сам Віктар яшчэ ў 2016 годзе публікаваў у сваім інстаграме супольную фатаграфію з Міхаілам Гуцарыевым. Праўда, цяпер фатаграфія выдаленая.

Сумеснае фота Міхаіла Гуцарыева і Віктара Пракапені

У 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка наведаў ПВТ і офісы кампаній Віктара Пракапені — "Бануба дэвелапмент" і "І-Экс-Пі Кэпітал". На сустрэчы прысутнічаў сам Віктар і яго расійскі партнёр — Міхаіл Гуцарыеў.

Выданне dev.by, якое належала Пракапеню, у медыякіце па выніках падпісання дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі" піша, што "менавіта з гэтага візіту пачалася актыўная праца над новым дэкрэтам", які атрымаў нефармальную назву "дэкрэт аб ПВТ 2.0".

Газета "Коммерсантъ" са спасылкай на свае крыніцы ў 2019 годзе пісала, што Міхаіл Гуцарыеў адыграў важную ролю ў стварэнні "прагрэсіўнага для Беларусі" заканадаўства для IT-сферы: "Сутнасць задумы Аляксандру Лукашэнку растлумачваў Міхаіл Гуцарыеў. Віктар Пракапеня паведаміў, што ягоны партнёр "дапамог данесці да прэзідэнта і іншых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, чаму рэгуляванне адпавядае інтарэсам дзяржавы".

"Коммерсантъ" параўнаў ролю Гуцарыева з працай перакладчыка: "Фічэрынг — гэта калі цябе з усіх бакоў паблішары сапорцяць", — на такой прыкладна мове размаўляе Пракапеня". І на думку крыніц выдання — Гуцарыеў перакладаў на зразумелую Лукашэнку мову.

За два гады да сустрэчы з Лукашэнкам, у сакавіку 2015-га, Пракапеня быў затрыманы ў Мінску супрацоўнікамі МУС па падазрэнні ў "незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці", якая магла нанесці шкоду дзяржаве ў памеры больш за 650 тысяч долараў.

У снежні яго выпусцілі з СІЗА, дзе ён быў з моманту затрымання. Было заяўлена, што "Віктар Пракапеня цалкам кампенсаваў усю шкоду", і мера стрымання была змененая на хатні арышт.

У лютым 2016 года ўсе абвінавачанні з бізнесмена былі знятыя, а справа аб незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці спыненая ўказам Лукашэнкі. Невядома, ці паўплывала на гэта знаёмства Віктара Пракапені з Міхаілам Гуцарыевым. Сам Віктар адмаўляе сувязь паміж знаёмствам і спыненнем крымінальнай справы.

Аляксандр Лукашэнка наведаў ПВТ і офісы кампаній Віктара Пракапені — "Бануба дэвелапмент" і "І-Экс-Пі Кэпітал". На сустрэчы прысутнічаў сам Віктар і яго расійскі партнёр — Міхаіл Гуцарыеў

Сумесны бізнес з Гуцарыевымі

Акрамя сумесных інвестыцый у розныя тэхнічныя стартапы, абодва інвестыцыйныя фонды Гуцарыева Larnabell Ventures і Пракапені VP Capital укладваліся ў крыптавалютную біржу Currency.com і гандлёвую платформу Capital.com. Абедзве кампаніі ім жа і належаць.

Сумесны бізнес Пракапені з Гуцарыевымі

Што да сумеснага бізнесу Пракапені з Міхаілам Гуцарывым, у інтэрв'ю TUT.by у 2018 годзе расійскі алігарх расказваў, што ў яго з беларускім IT-гуру пяць супольных кампаній, у якія яны інвеставалі на парытэтнай аснове — 50 на 50. Таксама яны разам "укладваюць грошы ў IT-праекты на Захадзе".

Таксама фонд сям'і Гуцарыевых інвеставаў у праект Пракапені — Banuba. Кампанія займаецца распрацоўкай і ўкараненнем AR-тэхналогій у розныя праграмы. Кампанія "Бануба дэвелапмент" рэзідэнт ПВТ, з канчатковым бенефіцыярам — афшорам у Ганконгу BANUBA LIMITED. Апошні звязаны з Віктарам Пракапенем і гандлёвай платформай Capital.com.

У міжнароднай базе Crunchbase Віктар фігуруе як заснавальнік кампаніі, а таксама ў міжнароднай базе патэнтаў, дзе паказана, якімі канкрэтна патэнтамі валодае BANUBA LIMITED і ў распрацоўцы якіх з іх удзельнічаў Віктар Пракапеня.

Міжнародная база патэнтаў, дзе паказана, якімі канкрэтна патэнтамі валодае BANUBA LIMITED і ў распрацоўцы якіх з іх удзельнічаў Віктар Пракапеня

Яшчэ адна кампанія-рэзідэнт ПВТ — "І-Экс-Пі Кэпітал", заснаваная Пракапенем, цяпер належыць кіпрскаму афшору Capital Com SV Investments Limited, якая напрамую звязана з гандлёвай платформай Пракапені і Гуцарыева — Capital.com і афіляваная з брытанскай кампаніяй CAPITAL COM (UK) LIMITED.

Кіпрская кампанія ў гэтай фінансавай схеме — сябра кампенсацыйнага фонду інвестараў, які забяспечвае кампенсацыю для рознічных інвестараў, калі Capital.com аб'яўляе дэфолт.

Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.