Прадзюсар фільма “Два ў адным”: “Фільм цяпер на іншым фестывалі”

Прадзюсар фільма Кіры Муратавай “Два ў адным” Алег Кохан кажа, што карціна не трапляе на “Лістапад”, бо паехала цяпер на іншы фестываль. Але і афіцыйнага запрашэння на “Лістапад” фільм Муратавай не атрымаў. Супярэчнасці ў тым, што кажа дырэкцыя фестывалю і прадзюсар, застаюцца. Напрыклад, тое, што Алег Кохан распавядае, што карціна “Два ў адным” цяпер на іншым фестывалі, але не можа ўзгадаць, на якім. Кажа, што паглядзіць і напіша гэта потым, у прэс-рэлізе. Прэс-рэліз акурат будзе тычыцца таго, чаму фільм не трапіў на “Лістапад”.

Алег Кохан: “Ну, гэта трэба глядзець графік, можа, яна і не на фестывалі, а паміж фестывалямі. Мы ўдакладнім гэта і ў афіцыйным лісце паведамім”.

Прадзюсара дзівіць, што кадры з прэзідэнтам Беларусі ў фільме маглі на нешта паўплываць.

Алег Кохан: "Я думаю, што пытанне здымецца і не будзе скандалу, калі гледачы пабачаць гэты фільм ці хаця б тыя кадры. Там ніякіх праблем няма. Хіба толькі калі сам удзел Лукашэнкі – гэта ўжо скандал, то можа быць. А так там нічога правакацыйнага няма”.

Дырэктар кінафестывалю “Лістапад” Валянціна Сцяпанава ў чацвер пачала прэс-канферэнцыю з журналістамі з абвяржэнняў. Маўляў, фільм зняты з праграмы не з-за кадраў з прэзідэнтам, а з-за таго, што прадзюсар яго не прадаставіў. Яна распавяла, што аргкамітэт “Лістапада” пачынае прагляд фільмаў ужо ў студзені. Але заяўка на ўдзел у фестывалі “Два ў адным” не паступала.

Тым часам прадзюсар сцвярджае, што афіцыйнага запрашэння ім ніхто так і не даслаў. Але ў спісе фільмаў-удзельнікаў “Лістапада” фільм Муратавай чамусьці значыўся, і выкраслілі яго адтуль зусім нядаўна.

Алег Кохан: “Гэта праблемы дырэкцыі фестывалю. Афіцыйнага запрашэння мы так і не атрымалі. Гэта па-першае. А па-другое, мы адразу казалі, што прадастаўленне копіі карціны – гэта малаверагодна. Пытаннем фестываляў займаецца кампанія “Цэнтрал Партнершып”. І яны адразу адказалі, што не зможа копія ўдзельнічаць. Гэта было за месяц да гэтага. Я цяпер буду таксама звязвацца з дырэкцыяй, бо мне гэтае пытанне, гэтая сітуацыя з карцінай не вельмі падабаецца. Яны такім чынам – прадзюсарам – прыкрываюць сваю некампетэнтнасць”.

Алег Кохан патлумачыў, чаму на фестываль мусіла паехаць толькі пэўная копія, а не любая, і чаму карціна не можа адначасова ўдзельнічаць у двух фестывалях.

Алег Кохан: “Па міжнародных фестывалях ездзіць копія, якая субтытраваная. Яна ў нас адна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі