Вы тут

Прадстаўнік Дзярждэпа ЗША ўсклаў кветкі да помніка заснавальнікам БНР

Кадр з відэа

4 сакавіка намеснік памочніка дзяржсакратара Джордж Кент наведаў парк імя Янкі Купалы. Там амерыканскі чыноўнік ушанаваў памяць братоў Івана і Антона Луцкевічаў — заснавальнікаў і выбітных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя. Пра гэта паведамляе амбасада ЗША ў Беларусі.  

Джордж Кент адзначыў актуальнасць і важнасць спадчыны братоў Луцкевічаў для Беларусі і яе народу.

Браты Луцкевічы былі заснавальнікамі газеты "Наша Ніва" і ідэолагамі нацыянальнага Адраджэння. Антон і Іван Луцкевічы ўваходзілі ў першую Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 

Антон Луцкевіч быў адным з аўтараў Трэцяй Устаўной граматы БНР ад 25 сакавіка 1918 году, якая абвяшчала незалежнасць Беларусі. З канца 1918 года па пачатак 1920-га ўзначальваў урад БНР. ​

Памятны знак у гонар братоў Луцкевічаў быў усталяваны ў сакавіку 2018 года ў мінскім парку Янкі Купалы. Раней на гэтым месцы стаяў дом Луцкевічаў.