Прадстаўнік Ціханоўскай пра кантакты з Масквой, Кіевам і Зянонам Пазняком

Прадстаўнік Ціханоўскай пра кантакты з Масквой, Кіевам і Зянонам Пазняком

— Расія — гэта аб’ектыўная рэальнасць. Мы павінны з гэтым штосьці рабіць. Нават там, дзе гэта вельмі балюча. Мы не маем права махнуць рукой на Расію і павінны ўлічваць наяўнасць гэтага гульца, і мы будзем з ім працаваць далей, —  заявіў кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі.

У эфіры Еўрарадыё Кавалеўскі расказаў пра перспектывы перамоваў Офіса Ціханоўскай з афіцыйнай Масквой, магчымасць сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім, а таксама пра кантроль за выдаткаванымі сродкамі для дапамогі беларусам.

Прадстаўнік Ціханоўскай пра кантакты з Масквой, Кіевам і Зянонам Пазняком
Валерый Кавалеўскі / Еўрарадыё

Ці ёсць нескаардынаванасць паміж Офісам Ціханоўскай і НАУ?

У нас з камандай Паўла Латушкі ёсць розныя ініцыятывы. Напрыклад, Латушка і НАУ арганізавалі канферэнцыю ў Германіі "Злачынствы супраць чалавецтва і прызнанне Лукашэнкі тэрарыстам". У яе ёсць свой вугал погляду, ён больш палітычны, чым акадэмічны. Гэта тое, што яны выношвалі доўгі час, і тое, што мы падтрымалі. 

Ціханоўская ўзяла ўдзел у мерапрыемстве, Сяргей Зікрацкі таксама. Мы не зрабілі гэта сваім мерапрыемствам, гэта мерапрыемства Паўла Латушкі. Але мы аддалі належнае важнасці гэтай тэмы, мы выступілі там. 

Можа, гэта прыкмета адсутнасці каардынацыі? Але я лічу, што мы супрацоўнічалі, рабілі важнае разам. 


Кантроль за выдаткаванымі сродкамі

Святлана робіць вельмі шмат, каб збіраць сродкі для дапамогі беларускаму грамадству. Вельмі часта яна прагаворвае гэтыя пытанні з прэм’ер-міністрамі, палітыкамі і атрымлівае такую дапамогу ці запэўніванні, што такая дапамога паступіць. І вельмі часта гэтыя сродкі выдаткоўваюцца без нашага ўдзелу. 

Наш удзел у кантролінгу гэтага вельмі абмежаваны. Наша аддаленасць ад гэтага працэсу таксама патрэбная. Ёсць пэўныя перасцярогі, што Ціханоўская ці яе каманда могуць нейкім чынам уплываць. Каб нас не абвінавацілі ў тым, што ёсць нейкія фаварыты для атрымання сродкаў. 

Далёка не заўсёды нам расказваюць, як былі выдаткаваныя сродкі і куды яны пайшлі. Бо каналы могуць быць розныя. Вельмі рэдка нацыянальныя ўрады выдаюць наўпрост нейкія грошы нейкім атрымальнікам. Як правіла, гэта праходзіць праз нейкія арганізацыі, якія з’яўляюцца хабамі на скрыжаванні патокаў. Яны пасля апрацоўваюць праектныя заяўкі і вырашаюць, хто з тых, хто запытвае грошы, мае найлепшыя шанцы для атрымання дапамогі. 

Я пагаджуся з тым, што нам вельмі патрэбная такая структура, якая будзе рабіць і маніторынг, і ацэнку. Каб атрымлівалі дапамогу менавіта тыя, каму гэта найбольш патрэбна.


“Расія — гэта аб’ектыўная рэальнасць”

Мы працягваем бачыць Расію як важнага гульца ў Беларусі, у якога ёсць аб’ектыўныя інтарэсы. Да сённяшняга дня Расія адыгрывае негатыўную ролю. Умешваецца ва ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі, дапамагае Лукашэнку ўтрымліваць націск, як унутраны, так і знешні. 

Разам з тым мы разумеем, што дыстанцыя паміж Пуціным і Лукашэнкам можа расці. Ёсць цэлы шэраг раздражняльнікаў, якія існуюць паміж імі. Напрыклад, сітуацыя з захопам самалёта Ryanair. Мы дакладна ведаем, што ў Крамлі былі вельмі незадаволеныя такімі паводзінамі Лукашэнкі. 

Міграцыйны крызіс — таксама не ўваходзіць у інтарэсы Расіі. Той чалавек, якога падтрымлівае Расія, стварае вельмі выбуховую сітуацыю для міжнароднай рэгіянальнай бяспекі. Тое, што адбываецца на мяжы з Польшчай, вельмі небяспечна. Правакацыі могуць прыводзіць да рэальных канфліктаў.

Ёсць яшчэ пытанне санкцый. Як яны ўздзейнічаюць на эканоміку Лукашэнкі, яны таксама чапляюць Расію. Рыхтуецца пяты пакет, і [ён] таксама будзе працягваць уздзейнічаць на эканамічныя інтарэсы Расіі. Гэтая дыстанцыя будзе працягваць павялічвацца. Мы працягваем прапаноўваць Расіі адыгрываць канструктыўную ролю, узяць удзел у міжнародных намаганнях, шматбаковых намаганнях, каб пачаць дыялог у Беларусі, як арганізаваць транзіт да дэмакратычных пераменаў.

Расія — гэта аб’ектыўная рэальнасць. Мы павінны з гэтым штосьці рабіць. Нават там, дзе гэта вельмі балюча. Мы не маем права махнуць рукой на Расію. Мы павінны ўлічваць наяўнасць гэтага фактару, гульца, і мы будзем з ім працаваць далей.

Прадстаўнік Ціханоўскай пра кантакты з Масквой, Кіевам і Зянонам Пазняком
Лукашэнка і Пуцін / Reuters

Святлана Ціханоўская і Украіна

Мы разумеем, чаму ўкраінцы ўстрымліваюцца ісці на адкрытыя кантакты з Ціханоўскай. Ва Украіне ўсталяваўся вельмі нялёгкі баланс сітуацыі, і яна не хацела гэты баланс парушыць нейкімі крокамі, якія могуць выклікаць абвостраную рэакцыю. 

Як мы бачым, Лукашэнка досыць актыўна рэагуе на знешнепалітычную дзейнасць Ціханоўскай. Калі Літва надала афіцыйны статус Офісу Ціханоўскай у Вільні, амаль цалкам была закрытыя амбасада Літвы ў Мінску. Наступствы могуць быць балючымі не толькі для замежных урадаў, але і для саміх беларусаў.

Калі мы паспрабуем пралічыць рэакцыю Лукашэнкі на сустрэчу Зяленскага з Ціханоўскай, сцэнары могуць быць разнастайнымі. Але не будуць станоўчымі. Сам Лукашэнка вельмі зацікаўлены ў тым, каб адносіны з Украінай захоўваліся на такім узроўні, на якім яны ёсць.

Нейкі час таму расіяне вельмі шчодра прапанавалі адкрыць пералёты ў Крым, і, нягледзячы на прывабнасці, Лукашэнка адмовіўся. Ён ведае, што рэакцыя Кіева будзе вельмі вострай.

Украінскі бок сёння вырашае падтрымліваць раўнавагу. Гэта не азначае, што кантактаў са Святланай не будзе, што не будзе развіцця адносінаў. Але тым не менш мы паважаем пазіцыю ўкраінскага боку.


Ці сустрэнецца Ціханоўская з Пазняком?

Калі мы былі ў Нью-Ёрку, нам такія пытанні задавалі ў лоб. Але задаваліся яны троху з нечаканага вугла. Нам казалі, маўляў, Пазняк ужо шмат разоў звяртаўся з прапановай аб сустрэчы са Святланай. На што мы адказвалі, што да гэтага часу не атрымалі ніводнага звароту ад Пазняка ці яго людзей з тым, каб такая сустрэча адбылася. З нашага боку такая гатоўнасць ёсць заўсёды. Мы будзем рады такой магчымасці, абсалютна адкрытыя да гэтага кантакту.

Зянон Пазняк з’яўляецца вельмі важнай фігурай для беларускай незалежнасці, палітычнай гісторыі. Ён працягвае прысутнічаць на палітычным полі. Я не буду ацэньваць яго магчымасці для таго, каб аб’ядноўваць людзей вакол сябе, але мы заўсёды будзем радыя аддаць належнае яго дасягненням у мінулым, яго энергіі, веры ў будучыню Беларусі. Таму я раю, каб такая сустрэча адбылася.


“Мы хацелі б, каб беларускай мовы было больш”

Частая крытыка, якую мы чуем, — гэта выкарыстанне беларускай мовы. Чаму яна выкарыстоўваецца Офісам Святланы радзей, чым расійская. Гэта тая тэма, на якую мы звяртаем увагу і самастойна, і з дапамогай грамадскай думкі. 

Мы хацелі б, каб беларускай мовы было больш. Разам з тым у пэўным сэнсе большая доля расійская мовы ў афіцыйных камунікацыях ад імя Святланы Ціханоўскай тлумачыцца аб’ектыўным станам рэчаў у Беларусі. Я маю на ўвазе тое, што беларускае грамадства русіфікаванае. Выкарыстанне беларускай мовы не заўсёды дапамагае таму, каб гэтыя словы ад Офіса дасягалі людзей.

Таму гэта пытанне зручнасці і эфектыўнасці. У самой камандзе выкарыстанне беларускай мовы — на вельмі прасунутым узроўні. Многія сустрэчы праходзяць выключна на беларускай. Сама Святлана Ціханоўская часта карыстаецца беларускай мовай на ўнутраных нарадах. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі