Пра закрыццё абвясціў "Дом Брэсцкага бусла"
Бусел, ілюстрацыйнае фота / t.me/wildlifebelarus/
Пра магчымую ліквідацыю паведаміў цэнтр "Дом Брэсцкага бусла", дзе займаліся рэабілітацыяй птушак, ратавалі буслянят, соваў і лебедзяў.
Яго стваральнік Дзмітрый Аўдзееў паведаміў у сацсетках, што завяршыўся тэрмін арэнды месца, дзе стаяць вальеры. Цяпер зямлю трэба вызваліць, бо суседзі вырашылі будаваць там жылы дом.
Улады прапанавалі для цэнтра ўчастак за 26 кіламетраў ад цяперашняга размяшчэння. Але для валанцёра без машыны туды дабрацца немагчыма. А да таго ж участак непрыдатны для буслоў, бо яны там проста не гняздуюцца.
За гады працы "Дом Брэсцкага бусла" дапамог сотням птушак, выкінутых з гнёздаў ці ад нядбайных гаспадароў, траўмаваных ці тых, хто з нейкіх прычынаў не паляцеў на зімоўку.
"Я да апошняга моманту змагаўся, спадзяваўся захаваць цэнтр, але, на жаль, абставіны мацнейшыя. Няма месца для сімвала Беларусі пад Брэстам. Я вымушаны бліжэйшым часам падаць дакументы на ліквідацыю "Дома Брэсцкага бусла", — канстатаваў Аўдзееў.