Польскі суд пастанавіў выдаць Беларусі апазіцыянера-бізнэсоўца

Польскі суд пастанавіў выдаць Беларусі апазіцыянера-бізнэсоўца

14 лістапада Вярхоўны суд Польшчы адхіліў касацыю амбудсмена і пастанавіў выслаць у Беларусь Андрэя Ракевіча. На радзіме яго вінавацяць у стварэнні злачыннай групы, якая займалася продажам металалому, піша prawo.pl.

Ракевіч з 2008 года займаўся будаўнічым бізнэсам у Беларусі. Калі ў сакавіку 2016 года ён з сям'ёй адпачываў у Чэхіі, то даведаўся, што на яго пачалі крымінальную справу. Тады ён перабраўся ў Польшчу і легалізаваўся там. Паведамляецца, што падчас жыцця ў Беларусі ён многія гады фінансава падтрымліваў беларускую апазіцыю — на сумы ад 100 да 1000 долараў.

У Беларусі Ракевіча вінавацяць у стварэнні злачыннай групы з некалькіх фірмаў, якія куплялі і прадавалі металалом. Следства кажа пра махлярства, заніжэнне закупачных цэн, крадзеж шляхам злоўжывання ўладай і падробкі.

Суд першай інстанцыі не пабачыў у справе палітычных матываў і дапусціў магчымасць экстрадыцыі Ракевіча ў Беларусь. Польскі амбудсмен падаў касацыю: на яго думку, суд у нашай краіне не гарантуе бесстаронняга разгляду і захавання правоў чалавека. 

Але і Вярхоўны суд Польшчы заявіў, быццам няма доказаў таго, што Ракевіч будзе пазбаўлены гарантыі справядлівага і незалежнага суда ў Беларусі. Таксама Вярхоўны суд не пабачыў палітычных матываў у справе. Суддзя падкрэсліў, што з 2014 года, як вынікае з матэрыялаў справы, Ракевіч фінансава апазіцыю не падтрымліваў. 

Цяпер на экстрадыцыю могуць паўплываць толькі польскія ўлады — напрыклад, міністр юстыцыі альбо міністр замежных спраў.

Гэта не першы выпадак, калі беларускія ўлады спрабуюць экстрадаваць з Польшчы бізнэсоўцаў, звязаных з беларускай апазіцыяй. Самы вядомы выпадак — судовы працэс Андрэя Жукаўца, які цягнуўся 14 гадоў. Бізнэсоўца, які фінансава падтрымліваў "Малады фронт", вінавацілі ў махлярствах. Але абарона неаднаразова ўказвала на фальсіфікацыі дакументаў з Беларусі. Яго справа завяршылася толькі ў красавіку 2013 года. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі