Польшча: "Чарга па свабоду" супраць узмацнення жорсткасці закона аб абортах

Актывістка ў час пратэсту супраць ініцыятывы па ўзмацненні жорсткасці нацыянальных правілаў абортаў перад парламентам у Варшаве, 15 красавіка 2020 года / Reuters
Актывістка ў час пратэсту супраць ініцыятывы па ўзмацненні жорсткасці нацыянальных правілаў абортаў перад парламентам у Варшаве, 15 красавіка 2020 года / Reuters

Пакуль свет разважае, як змагацца з каранавірусам, польскія ўлады вырашылі яшчэ больш узмацніць і без таго строгія законы ў дачыненні да абортаў. У апошнія гады спробы мясцовых палітыкаў абмежаваць рэпрадуктыўныя правы полек выклікалі шматтысячныя акцыі пратэсту. Але як пратэставаць падчас пандэміі, калі масавыя сходы небяспечныя і забароненыя? Расказвае "Грамадскае".

На першы погляд, гэта звычайная чарга ў краму, якіх у апошнія тыдні шмат. Амаль усе ў масках, многія надзелі латэксныя пальчаткі. У краму пускаюць па адным чалавеку, так што на вуліцы прастаіш дзесьці гадзіну. Два метры да таго, хто перад табой, два метры да таго, хто за табой.

Але ва ўсіх у гэтай чарзе ёсць плакаты, друкаваныя або самаробныя. "Пекла жанчын", "Я маю права выбару", "Аборт гэта нармальна", "Маё цела — мая справа", шмат малюнкаў — жаночы твар у медыцынскай масцы з сімвалам маланкі.

Такую карціну на мінулым тыдні можна было ўбачыць у цэнтры Варшавы, Кракава, Любліна, а таксама дзясяткаў іншых польскіх гарадоў і гарадкоў. Польскія жанчыны, а таксама мужчыны, ужо дзясяты раз за апошнія чатыры гады выйшлі на вуліцу з чорнымі парасонамі, каб прадэманстраваць нязгоду з узмацненнем і без таго строгага заканадаўства ў дачыненні да абортаў.

Тое, што Сейм зноў узяўся за тэму жаночых рэпрадуктыўных правоў менавіта цяпер, нямала палякаў успрынялі як асаблівы цынізм і, нягледзячы на эпідэмію каранавіруса, вырашылі пратэставаць.

Праект з "маразільніка"

Нягледзячы на каранцін, 15 і 16 красавіка Сейм разгледзеў у першым чытанні законапраект "Спыніць аборты" ад грамадскай ініцыятывы з ідэнтычнай назвай. Яе лідар Кая Годэк, юрыстка і маці дзіцяці з сіндромам Даўна, патрабуе, каб з польскага заканадаўства аб перарыванні цяжарнасці — аднаго з самых суровых у ЕС — выключылі адно з трох выключэнняў, згодна з якім аборт правесці дазволена, а менавіта — цяжкія генетычныя парокі плода.

У 2018 годзе ў Польшчы было зроблена 1076 абортаў, 98% — менавіта з гэтай прычыны. Такім чынам, новаўвядзенне можа амаль цалкам пазбавіць полек магчымасці перарывання цяжарнасці. Годэк гаворыць пра "вяртанне годнасці эмбрыёнам" і "спыненне еўгенічных катаванняў", яе апаненткі — пра здзекі з жанчын, якіх прымусяць дзевяць месяцаў выношваць часта нежыццяздольны па-за целам маці плод. Крытыкі праекта таксама адзначаюць, што забарона пагоршыць доступ да прэнатальных даследаванняў: дзяржаўныя бальніцы перастануць накіроўваць пацыентак на дадатковыя даследаванні, калі цяжарнасць і так нельга перарваць.

Польки стали в "Очередь за свободой" против ужесточения закона об абортах
Дзяўчына ў ахоўнай масцы пратэстуе супраць ініцыятывы па ўзмацненні жорсткасці нацыянальных правілаў абортаў перад парламентам у Варшаве, Польшча, 16 красавіка 2020 года / Reuters

Першы праект, накіраваны на поўную забарону абортаў, Годэк прадставіла ў Сейме яшчэ ў 2013 годзе: тады пад ім падпісаліся больш за 830 тысяч палякаў. Аднак кіраўнічая тады цэнтрысцкая партыя "Грамадзянская платформа" не дала справе ходу. Тэма вярнулася з новай сілай пасля 2015 года, калі парламенцкія выбары выйграла кансерватыўная партыя "Закон і справядлівасць" (ЗіС). Падчас кампаніі лідар партыі Яраслаў Качыньскі прыклаў шмат намаганняў, каб атрымаць галасы дзеячаў prolife-рухаў, і праект Годэк вярнуўся ў залу Сейма восенню 2016-га.

Тады ў адказ у больш як ста польскіх гарадах прайшлі "чорныя пратэсты" — маршы жанчын, якія па прыкладзе ісландскіх актывістак 1970-х адмовіліся хадзіць на работу. Акцыі ў падтрымку полек адбыліся ў некалькіх дзясятках краінах свету, удзел у "чорных пратэстах" прыняло да 200 тысяч чалавек — гэта было першае такое маштабнае масавае выступленне супраць палітыкі ЗіС. У выніку Сейм праект адхіліў і накіраваў на дапрацоўку, або, як выражаюцца польскія палітычныя каментатары, — у "маразільнік". Праект не ідзе далей, але яго можна ў зручны момант вяртаць у сесійную залу.

Так адбылося і гэтым разам: апошні раз праект Годэк быў накіраваны яшчэ ў Сейм папярэдняй кадэнцыі, і ў новага парламента, абранага ў кастрычніку 2019-га, было паўгода, каб паставіць яго на першае галасаванне. Але той факт, што палітыкі вярнуліся да справы менавіта падчас эпідэміі і рэжыму агульнай ізаляцыі, ведаючы, наколькі супярэчлівая гэта тэма, у многіх выклікаў абурэнне.

"Вы нас лічыце за ідыётаў? — пыталася 15 красавіка з трыбуны Сейма дэпутат ад левых Магдалена Беят.Тое, што вы сёння кажаце нам разглядаць гэты бяздушны, варварскі праект, — гэта вяршыня крывадушнасці і цынізму".

Польки стали в "Очередь за свободой" против ужесточения закона об абортах
Удзельнік акцыі трымае плакат з надпісам "Спыніць узмацненне жорсткасці закона аб абортах" каля будынка парламента ў Варшаве, Польшча, 15 красавіка 2020 года / Reuters

"Маё абурэнне ўбачыш у маім акне"

У Польшчы з сярэдзіны сакавіка дзейнічаюць жорсткія супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы. Сёння палякам нельга выходзіць на вуліцу, акрамя як на работу, у краму і да доктара. Масавыя сходы забароненыя, нават людзі, якія жывуць разам, на вуліцы павінны трымаць дыстанцыю два метры адно ад аднаго.

Таму каранцін паставіў перад арганізатаркамі "чорных пратэстаў" — аб'яднаннем "Агульнапольская забастоўка жанчын" — пытанне: як пратэставаць? Тое, што ЗіС не асабліва перажывае праз абурэнне ў сацсетках, даказалі інтэрнэт-пратэсты супраць судовай рэформы. Вырашылі сфакусавацца на легальных метадах: размяшчэнне пратэставай графікі на прыватных аўто, "чэргі па свабоду" — дэманстрацыя лозунгаў падчас стаяння ў чарзе ў краму, плакаты на вокнах.

"Разам з 4-гадовай дачкой мы зрабілі плакаты і павесілі іх на акно так, каб яны былі відаць з вуліцы, — расказвае ўдзельніца пратэсту Катажына Квяткоўская-Маскалевіч, рэпарцёрка і даследчыца гісторыі пасляваеннай Польшчы. — Хоць ужо прайшло некалькі дзён, я ўсё яшчэ раз'юшаная: польскія ўлады, баючыся масавых пратэстаў, як у папярэднія гады, цынічна выкарыстоўваюць уласныя антывірусныя забароны. Я даўно не адчувала сябе настолькі бяссільнай і разгневанай".

Польки стали в "Очередь за свободой" против ужесточения закона об абортах
Жанчыны трымаюць плакаты "Жаночая забастоўка", стоячы ў чарзе ў краму ў знак пратэсту супраць разгляду ў парламенце новых абмежаванняў на аборты ва Уроцлаве, Польшча, 16 красавіка 2020 года / Agencja Gazeta / Reuters

Пра пачуццё асаблівага бяссілля пісала нямала ўдзельнікаў жаночых груп падтрымкі ў сацсетках.

"Людзі паміраюць праз вірус, губляюць працу, зачыненыя ў чатырох сценах. У многіх з нас будзе посттраўматычны сіндром пасля гэтай эпідэміі. А тут дадаецца чарговая падстава для страху: калі я зацяжару і плод будзе хворы, дэфармаваны, не здольны да самастойнага жыцця, мая дзяржава ўсё роўна прымусіць яго вынасіць і нарадзіць", — папулярны допіс у закрытай суполцы "Дзяўчаты дзяўчатам", што аб'ядноўвае больш за 100 тысяч чалавек.

Жанчыны таксама адзначаюць, што пандэмія і каранцін выклікалі рэзкі рост колькасці выпадкаў хатняга гвалту ў Польшчы. Жонкі і дзеці замкнёныя ў адной кватэры са сваімі катамі, але гэтае пытанне ўлады не занепакоіла: Міністэрства працы, сям'і і сацыяльнай палітыкі прапануе пацярпелым аддалены маніторынг сітуацыі. На думку ведамства, пераязджаць ад агрэсара цяпер не варта: гэта тоіць у сабе небяспеку агульнай эпідэміялагічнай сітуацыі.

Хоць удзельнікі пратэстаў на вуліцы стаялі ў чарзе, на адлегласці адно ад аднаго, паліцыя ўсё роўна выпісала некаторым штрафы. А дзяржаўны канал TVP Info параўнаў маланку на іх масках з сімволікай СС.

"Неймаверна, як пандэмія паскорыла працэс распаду дэмакратыі", — кажа на гэта Квяткоўская-Маскалевіч.

Польки стали в "Очередь за свободой" против ужесточения закона об абортах
Пратэст супраць узмацнення жорсткасці закона аб абортах у Польшчы, Варшава, 15 красавіка 2020 года. На плакаце напісана "Адхіліць праект Годек" / Reuters

Перад наступнай бітвай

16 красавіка Сейм вырашыў зноў накіраваць праект "Спыніць аборты" на дапрацоўку ў парламенцкія камітэты. Ці перамога гэта пратэсту?

На думку Квяткоўскай-Маскалевіч, цяжка ацэньваць сітуацыю ў катэгорыях поспеху або паражэння.

"Усё больш жанчын далучаецца да руху за свае правы, як грамадзянкі мы здалі чарговы іспыт. Але мы дагэтуль з'яўляемся заложніцамі гэтай улады, якая будзе шантажаваць нас варварскім праектам. Аборт — гэта працэдура, плод — гэта не чалавек, а жанчына ёсць, і гэта яна мае права прымаць рашэнні адносна ўласнага цела. Справа не закрытая, пакуль у полек не будзе вольнага доступу да бяспечнага перарывання цяжарнасці", — кажа яна.

"Яшчэ ніколі мы не былі так блізка да паражэння, як цяпер. Так што не забірайце радасці сабе. Не адбірайце радасці нам. Адпачывайце. А потым чытайце кнігі — не пра палітыку, сацыялогію або фемінізм, а пра вайну. Таму што на гэтым супрацьстаянне не завершанае", — пішуць арганізатаркі "Агульнапольскай забастоўкі жанчын".

Акрамя ўзмацнення жорсткасці заканадаўства аб абортах, Сейм на мінулым тыдні разгледзеў яшчэ некалькі законапраектаў, якія асабліва распальваюць эмоцыі ў польскім грамадстве: аб удзеле непаўналетніх у паляваннях, рэстытуцыі яўрэйскай даваеннай маёмасці, забароне сексуальнай адукацыі ў школах. Усе яны таксама адправіліся на дапрацоўку.

Эксперты не сумняваюцца: ЗіС нездарма зацікавіўся гэтымі супярэчлівымі ініцыятывамі цяпер, таму што хоча адцягнуць увагу грамадства ад сітуацыі ў эканоміцы (дзе ўжо пачаліся масавыя звальненні і падзенне вытворчасці праз каранавірус) і палітыцы (нягледзячы на эпідэмію, урад мае намер правесці прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 10 мая).

Хоць усе заходнія краіны ў час эпідэміі перанеслі любыя галасаванні, ЗіС дзякуючы большасці ў Сейме прыняў закон аб выбарах па пошце. Такое рашэнне крытыкуе апазіцыя і міжнародная супольнасць — бо няма часу на належную падрыхтоўку, кандыдаты пазбаўленыя роўнага доступу да агітацыі, а таксама не будзе назіральнікаў.

Таму не выключана, што чэргаў з плакатамі ў найбліжэйшыя тыдні на вуліцах польскіх гарадоў стане больш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі