Піва не будуць прадаваць на вуліцы?

Піва, верагодна, не будуць прадаваць на вуліцы, але ад гэтага заводы не перастануць вырабляць менш пеннага напою, а людзі — менш яго ўжываць. Мэр Мінска Міхаіл Паўлаў прапанаваў выключыць піва з продажу ў летніх кавярнях, гандлёвых палатках і латках вынаснога гандлю ў цэнтры сталіцы. На яго думку, такі гандаль піва нецывілізаваны. Маўляў, каву, гарбату, сокі — купляйце! А вось піва — не дазволім.

Калі гэтая прапанова будзе рэалізаваная? І што лічыць за цэнтр Мінска? Гаворыць начальнік аддзела гандлю і паслуг Мінгарвыканкаму Аляксандр Лукашэвіч:

“Будзе пытанне разглядацца: дзе, што і як, — і мы будзем вызначацца. Гэта тычыцца вынасных аб’ектаў у вясенне-летні перыяд — пяціметровыя зоны каля гандлёвых кропак.

Будуць ставіцца столікі і гэтак далей. Пакуль дадзена паручэнне прапрацаваць гэтае пытанне. Мы прапрацоўваем”.


Пакуль Мінгарвыканкам трымае насельніцтва ў падвешаным стане, уладальнікі рэстаранаў ужо хвалююцца. Хутка трэба выстаўляць столікі на вуліцу, а як абслугоўваць кліентаў за гэтымі столікамі — невядома. Расказвае дырэктар рэстарана “Бярозка” Ірына Марынава:

“Гэта жахліва. Глядзіце, вы седзіце ў мяне ў рэстаране. Вам задушна. Вы захацелі заказаць у мяне вячэру і выйсці на летнюю пляцоўку. Я абавязаная абслужыць вас. Чалавек мае права есці там, дзе яму падабаецца.

Я магу на вуліцы яму не разліваць. Але з залы я не магу яму адмовіць ні ў 50 грамах марціні, ні ў 20 грамах каньяку, ні ў куфлі піва. Мне трэба выстаўляць летні гандаль. І хацелася б ужо аказацца на нейкім свеце… нармальным. ”


Але насамрэч, для таго, хто сапраўды захоча выпіць піва, праблема невялікая. Прадаваць пенны напой у крамах не забаранілі. Любы можа купіць яго там і піць проста на вуліцы.

Такая забарона адаб’ецца не на ўсіх піўзаводах. Толькі на тых, чые асноўныя пастаўкі ідуць у рэстараны і кавярні. Сярод такіх прадпрыемстваў аказаўся і бровар “Лідскае піва”.

Што будзе, калі продаж пеннага напою ў вынасных латках усё ж такі забароняць? Адказвае прадстаўніца заводу:

“Ну, вядома, давялося б папацець, рэалізуючы сваю прадукцыю праз рознічны гандаль пры адсутнасці магчымасці прадаваць піва ў вынасных кавярнях і іншых пляцоўках у летні час.

Ну і, канечне, не кожны вытворца мае сетку ўласных рэстаранаў і бараў. Гэта таксама абмежаванне”.


Як быць піўзаводам, каб выкруціцца з гэтай сітуацыі? Некаторыя маюць дадатковую прадукцыю для рэалізацыі. Гаворыць начальнік аддзела маркетынгу бровара “Лідскае піва” Юрый Панчанка:

“Адзінае — у нас ёсць замяняльнік. Гэта квас. Прынамсі, хлебны, добры, найлепшы ў Беларусі. А што будзе рабіць “Аліварыя” з “Крыніцай”, я не ведаю”.

Гэта ўжо не першы "наезд" на піва. Днямі парламент Беларусі забараніў вонкавую рэкламу гэтага напою, а таксама правядзенне любых рэкламных акцый, накіраваных на стымуляванне яго рэалізацыі.

Не так даўно міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў заявіў, што піва ўвогуле варта прызнаць за алкагольны напой і забараніць распіваць на вуліцы.

На сітуацыю не без аптымізму глядзіць былы прадстаўнік піўзавода “Бобров” Вадзім Сяховіч:

“Тое ж самае, тыя ж забароны прынятыя і ў Расіі, нават крыху больш жорсткія. Тым не менш расійскі рынак амаль не заўважыў гэтых забаронаў. Гэта пры тым, што ў Расіі п’юць 60 літраў на душу насельніцтва, а ў нас 35.

Як пілі, так і будуць піць. Будуць шукаць іншыя памяшканні. Гэта абцяжарыць працу маркетынгавых аддзелаў кампаній, якія павінны будуць вычварацца, каб прыдумаць нейкія акцыі.

Ну, не будзе рэкламавацца піва “Крыніца”, а проста — “Крыніца”… Нічога не зменіцца.”


У Мінгарвыканкаме паабяцалі, што прымуць рашэнне праз тыдзень-паўтара. Некаторыя кавярні ўжо вынеслі столікі на вуліцу. Так што ў чаканні выраку пакуль яшчэ можна напіцца піва ўволю.

Фота — newsru.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі